14 жанчын,— дыктуе яна,— столькі ж мужчын і шэсць пар сямейных...
— Толькі шэсць пар? — жартую я.— Нічо-ога, фрау, калі будзеце ехаць назад, напэўна, сямейных пар будзе болей.
Выбух смеху. Немцам, я ўжо даўно ведаю, такія жарты па густу. Але ж тут настаўніца спеваў раптам адказвае на мой такім жартам, што я чырванею, як хлопчык. Папаўся!..
Раблю выгляд, бытта нічога не здарылася, расказваю турыстам аб нашым горадзе. Калі паведаміў, што за вайну фашысты расстралялі 40 000 гродзенцаў, немцы змаўкаюць надоўга. Да адходу поезда яшчэ 40 мінут, турыстаў адпускаю. Немцы адпраўляюцца ў горад, а я — да амерыканцаў.
Перада мной — высачэзны мужчына ў чорным і доўгім убранні. Тугі абадок цёмнага і стаячага каўнерыка ды якісьці лагодны пакорлівы позірк пасажыра адразу выдаюць у ім служыцеля культу.
— Так, я ксёндз...— пацвярджае маю думку іншаземец па-руску і, перахапіўшы мой цікаўны пагляд на яго маладую спадарожніцу, пратэстуе спалохана: — О-о, не-е, гэта не жонка! Мая сястра!
Далей размаўляць па-руску яму не хапае слоў, і мы пераключаемся на англійскую мову. Выходзім на перон. Аказваецца, брат з сястрой купілі трохдзённую турысцкую пуцёўку ў СССР і накіроўваюцца ў Вільнюс — месца, дзе калісьці нарадзіліся іх бацькі. Нас затрымлівае старшы лейтэнант Успенскі, махае пачкай нейкіх паштовак, просіць мяне:
— Перакладзіце свайму турысту, што іконы затрымліваем. Будзе ехаць назад — аддадзім! Я палічыў іх — 100 штук роўна!..
Са здзіўленнем гляджу на ксяндза. Ён вінавата апускае вочы. Бо-ожа, чым займаецца здаровы мужчына! Становіцца яго нават як бы шкада...
У банку амерыканец мяняе толькі пяць долараў. Бедныя цяпер ксяндзы і ў Амерыцы...
Вяртаюцца немцы з горада. У кожнага ў руках па вафельным кубачку. Настаўніца спеваў хваліцца:
— Мы ідзём, ідзём і глядзім — заапарк! Спачатку сваім вачам не паверылі, покуль праз сетку не ўбачылі слана!.. Я кажу білецёршы — дэлегацыён! Нас і ўпусцілі без грошай! — ззяе яна, шчаслівая, і зноў бярэцца за марожанае.
— І вы бачылі в'етнамскую партызанку, сланіху Машку?— пытаюся.
— Я-а-а-а!
— І нашых тыграў, і пітонаў, і зубра?
— Я-а-а-а! — хорам адказвае мне дваццаць восем радасных галасоў.
— Камарады, сядайце, шнэль! — упрошвае іх дзяжурны па вакзале.— Поезд трэба адпраўляць, ком!
— Я-а, я-а-а-а!..— згаджаюцца з ім немкі і неахвотна ідуць да вагонаў.
Гучыць песня «Дзеці розных народаў». Цягнік нясе маіх турыстаў у бок Парэчча, я збіраюся дадому. Ідзём па пероне з таможнікамі, пагранічнікамі. Начальнік таможні — Мікалай Фёдаравіч Горын — абураецца:
— Разумееце, сёння адзін пасажыр чамусьці паказаўся нам падазроным: якаясьці ў яго дзіўная паходка была. Запрасілі ў наш пакой, сказалі разуцца, а ў яго, шэльмы,— шэсць залатых пярсцёнкаў на пальцах ног! Тады памацалі гальштук — і там пярсцёнкі!..
Мы смяёмся. Але тут мяне адзывае насільшчык, падае некалькі замежных газет, паведамляе:
— Гэты, у чорным балахоне, нібы ксёндз, які мяняў у банку грошы, пакінуў на прылаўку!
З цікавасцю разгортваю вялізныя старонкі. «Neu Jork Herald Tribüne», выдадзеныя трэцяга, чацвёртага і нават пятага жніўня, гэта значыць — самыя апошнія нумары! Ну, ну, што там у ім цікавага? Дагэтуль чытаў толькі асобныя вытрымкі ў нашай прэсе...
Заходжу ў сваё агенцтва і разглядаю першы нумар.
Фатаграфія новага алжырскага ўрада і дзённік яго паседжання. Апісанне таго, як сёння амерыканскі фермер Дуайт Эйзенхаўэр прыехаў у Бон да Адэнаўэра ў госці. Далей артыкул пад сенсацыйным загалоўкам:
«Я не хачу пусціць на свет гэтае дзіця! МІС ФІНКБАЙН КУПЛЯЕ БІЛЕТ У ШВЕЦЫЮ, КАБ ТАМ ЗРАБІЦЬ САБЕ АБОРТ!»
На Захадзе атрымала шырокае распаўсюджанне лякарства-наркотык талідамід. І вось у жанчын, якія злоўжывалі ім, пачалі нараджацца дзеці-калекі — без рук і ног або з далонямі, якія вырасталі прама з тулава. У ЗША і Заходняй Германіі ўжо для іх паадкрывалі спецыяльныя школы, а прамысловасць наладзіла выпуск — пратэзаў.
Муж акцёркі тэлебачання ў Лос-Анджэлесе Шэры Фінкбайн таксама дастаў талідаміду для жонкі. Здарылася, што акцёрка стала цяжарнай. Не жадаючы нарадзіць няшчаснага калеку, яна вырашыла ад яго вызваліцца. Але ў Арызоне зрабіць гэта ёй забараняе закон. І вось яна накіроўваецца ў шведскую паліклініку, бо ў Швецыі аборты ўзаконены. Пад артыкулам фота: прыгожанькая акцёрка цалуе двухгадовага сына перад вылетам у Скандынавію. Далей пайшлі рэкламы вермута «Марціні», машын «Фіят»...