Выбрать главу

— Усё будзе добра! — як дзяцей, падбадзёрваю я іх з нейкім дрыжаннем у голасе.— Дааформім тут, галадаць і пяшком хадзіць па савецкай тэрыторыі не будзеце! Калі ласка, запрашаем да нас у госці!

Стараста перакладае. Уздыхаюць з палёгкай. І тут раптам я ўспамінаю, пытаюся ў іх:

— А Дамэйку вы ведаеце?

У людзей насцярожаныя вочы. І без перакладчыка разумею, што яны гавораць:

— Нашага Дамекос?.. Домейкосо?!

— Дык ён жа наш, з-пад Гродна! — тлумачу.— З-пад Навагрудка выехаў калісьці ў Амерыку, цяпер вы ў яго на радзіме!..

Чылійцы адразу смялеюць і пачынаюць пільна разглядаць усё навокал, нібы стараючыся ў адзін міг усё зразумець і запомніць. На здзіўленых тварах напісана: дык во-ось тая краі-іна, СССР!.. Адгэтуль славуты Дамейкус, чый помнік стаіць у іх Сант'яга!..

Ой, як трэба быць цяпер уважлівым на вуліцах! Калі ты шафёр, ты ездзіш не проста па вуліцах Гродна, а — бытта сярод дамоў Буэнас-Айрэса, Марсэля або па прэрыях Аргенціны, таму што на цябе ў гэты момант, мажліва, пазірае некалькі пар вачэй з іншага свету; ты для іх не проста вадзіцель, а — брат Гагарына, Паповіча... А ты не проста прахожы; калі бачыш іншаземца, то будзь гаспадаром, сябрам, пагранічнікам, дыпламатам! Гродзенскі кіраўнік, спытай сябе шчыра: ці ўсё ты зрабіў, каб вароты ў СССР былі такімі, як належыць тваёй вялікай краіне?

1963 г.

ПЕРАМОЖЦА

1

Праз нямецкі горад на станцыю крочыў малады салдат. На ім былі шынель з эмблемай артылерыста, рэчавы мяшок ды новыя кірзачы. З-за густых ліп выглядала сонца, па вуліцы сяды-тады шмыгалі вайсковыя машыны ды рэдка паказваліся прахожыя. Батарэйца толькі што дэмабілізавалі, выпісаўшы з палявога шпіталя. Ён стаў вольным казаком і даўно не адчуваў сябе так добра. Малады салдат ужо быў упэўнены, што і бацькоў застане дома жывымі-здаровымі. А мо і брат з'явіўся з няволі, тады ў іх будзе ўсё, як да вайны. Эх, каб не гэтае калецтва!..

Ён быў яшчэ слабы. Пасля паўгадзіны хады адзенне, неабношаны абутак ды кілаграмаў з пятнаццаць ладунку даканалі яго зусім. У шпіталі яму заўсёды было холадна, таму надзеў і шынель,— цяпер гэты шынель аказаўся лішні: на дварэ ўсё ж такі стаяў жнівень.

Салдат звярнуў у скверык, распрануўся ды прысеў на лаўцы пад грыбком. Па жвіровай дарожцы за ім пахаджвала прыемная з выгляду немачка з дзяўчынкай. Пасля бальнічнага ложка батарэец і секунды не мог вытрываць, калі ў яго знаходзіўся хто за спіной — ён зараз жа паварочваўся плячыма да сцяны ці плота або закладваў руку за спіну, прыкрываў месца, дзе пад гімнасцёркай ля лапаткі быў правал.

Цэлулоідны падкаўнерык змакрэў і ліпнуў да шыі; салдат расшпіліў аплічкі пад барадой, гузікі гімнасцёркі і паганяў за пазухай каўняром паветра. За чатыры месяцы лячэння ён зусім адвык ад ботаў. Салдату надта карцела зняць яшчэ кірзачы і даць адпачынак нагам, аднак з-за немкі рабіць гэтага не стаў.

«Перакусіць, ці што?» — падумаў салдат, развязваючы рэчавы мяшок, дзе на пакункі ў яго накладзены быў сухі паёк на пяць сутак: кансервы, хлеб ды загорнутае ў марлечку сала.

Адрэзаўшы кавалак хлеба і крылец старога сала, салдат пачаў жаваць, незычліва азіраючы клумбы з чырвонымі кветкамі ды такую чысціню на дарожках, што не знайсці было там і смяцінкі. Нагадаліся яму беларускія хаты, ад якіх засталіся адно абсмаленыя каміны і дрэвы з абгарэлым лісцем; батарэйцу пад горла падступіў камяк, расхацелася есці. Калі ў партызаны пайшлі і бацькі, яго хату немцы чамусьці не спалілі. Але ж можна сабе ўявіць, што засталося ад сялібы, пакінутай гаспадарамі. Знайдзі тут вінаватага цяпер...

Да ног яго падкаціўся стракаты мячык, і батарэец павярнуў галаву. Зводдаль застыла перапалоханая дзяўчынка з банцікам, не ведаючы, што рабіць. Ён падняў мячык, кінуў малой, сказаўшы па-нямецку:

— Лаві!

— Данкэ, пан салдат! — азвалася з лаўкі яе маці. У голасе жанчыны прагучала ўдзячнасць незнаёмаму за ўвагу да дачкі.— Грэта, падзякуй і ты пану рускаму!

Малая зрабіла кніксен.

Апанаваны сваімі думкамі, батарэец праз сілу ўсміхнуўся дзяўчынцы.

Тым часам немка не супакойвалася.

— О-оў, якая цудоўная пачынаецца восень, пан салдат, ці не праўда? — зашчабятала яна, заклікаючы да размовы.— Сонца і сонца, кожны дзень сонца, як на заказ, wunderbar!

Батарэец паходзіў з мясцовасці, дзе многія людзі добра гаварылі па-нямецку, умеў гэта і дэмабілізаваны салдат; заклік незнаёмай ён вымушаны быў прыняць.