— Сам ведаю: нельга царыцу нябесную толькі прасіць, трэба ўмець і аддзячыць. Адно ўладкуюся і пешшу схаджу да святой Гертруды ў Бельфаст!
«Божа, гэтыя пачвары так нічому і не навучыліся?!» — жахнуўся батарэец. Эх, з якім здавальненнем ён развярнуў бы сваю «палкавушку» ды ва ўпор смальнуў бы па гэтых гадах асколачным; ён ужо нават адчуў тугую сілу аддачы ад пасланага снарада. Салдат ад хвалявання пачаў задыхацца — давала пра сябе знаць пакалечанае лёгкае. Але намаганнем волі ён стрымаў сябе.
«Чаго тут дзівіцца?— падумаў толькі.— Мільёны гітлераўскіх галаварэзаў нарадзіліся не на пустым месцы — вось і таткі іхнія!.. Бедныя каменданты і тыя хлопцы, што з імі застаюцца, ото ж будуць мець тут работы!..»
Ён закінуў на плечы мяшок, на руку ўзяў шынель ды паплёўся зноў, адчуваючы ў душы дакладна такі настрой, як у час наступлення ў Памераніі, калі першы раз параніла і ён вымушаны быў пакінуць агнявыя — было і ніякавата, што ў разгар бою адпраўляецца ў тыл, і была ўпэўненасць — нічога, ёсць тут каму справу давесці да канца.
3
Гэта была не станцыя, а вялікае вяселле. Паралельна адзін да аднаго стаяла мо з дзесяць эшалонаў з дэмабілізаванымі. У адным поездзе ехалі сібіракі, у іншым — вайсковыя з Курска, а там — у Волагду... Усе вагоны расквечаныя зелянінай, у расчыненых праёмах тоўпіліся загарэлыя, паголеныя, гладкія ды ашалелыя ад радасці салдаты і выстуквалі нагамі. У паветры стаялі густыя пераборы гармонікаў, трафейных акардэонаў; грымелі бубны, пілікалі скрыпкі, а духавы аркестр, якога не было відаць, плаўна выводзіў «Амурскія хвалі»...
— Чужых не бяро-ом!— выхіліўся з дзвярэй, дыхнуў на батарэйца хмелем вусаты і вясёлы старшына з цэлым іканастасам ордэнаў ды медалёў на грудзіне.— Шукай, браток, сваіх!
З вагона старшыну пачуў афіцэр. Перакрываючы музыку і гвалт, ён зацікавіўся:
— Ты з кім там, Рысакоў?
Батарэец ведаў, што дэмабілізаваным загадана не браць нікога старонняга. Напэўна, ён упрасіў бы ветэранаў — хіба ж не падабралі б свайго, са шпіталя?! Але раніцой салдат дэмабілізаваў сябе і ў душы, а голас афіцэра вярнуў яго ў атмасферу падпарадкавання: у вагоне трэба было зноў дняваліць, на ўсіх гатаваць ежу, мыць посуд, дакладваць, адпрошвацца — «цягнуць лямку».
«У Германіі не пакінуць, хто-небудзь падбярэ!» — супакоіў ён сам сябе ды шпарчэй пакрочыў далей.
Калі з вялікай небяспекі чалавек выходзіць цэлы, ён адчувае сябе двойчы жывым: кожная частка цела, кожны рух, усё ў ім жыве, усім ён здзіўлены, не можа нічым нацешыцца.
Салдату прыемна было нават адчуваць пад нагамі дрэва шпалаў, крупінкі жвіру, перасякаць рэйкі, дзе ўздумаеш, лезці пад вагоны...
Салдат, былы партызан, прыглядаўся ўважліва да стрэлак, колаў паравоза і раз-пораз заміраў — вось! У партызанах ён узарваў усяго тры паязды ды дзве стрэлкі, але гэта патрабавала такога напружання псіхікі, што ў яго засеў трывалы рэфлекс: каля рэек пачынаў меркаваць, куды б засунуў міну і колькі б у яе запакаваў толу, каб «добра рванула». Ён ужо думаў, што звар'яцеў, ды ў батарэю трапілі іншыя партызаны, і ўсе яны прызнаваліся, што і ў іх такое адчуванне.
Праз хвіліну батарэец валокся ўздоўж эшалона з палоннымі. Немцаў таксама везлі на Усход, але там іх чакала работка.
«Кожнаму паводле заслуг!» — разважаў батарэец і наткнуўся на нямецкага фельдфебеля ды нашага сержанта. Дэмабілізаваны за каўбасу выменьваў коўдру. Ён даваў адзін вянок, а фельдфебель за новую ваўняную рэч хацеў два. Батарэец памог ім дамовіцца, пастаяў з немцам, покуль сержант бегаў па каўбасу. Здаралася, што ў гарачцы бою ён браў немцаў у палон, вадзіў на зборныя пункты, але першы раз тварам у твар сутыкнуўся з палонным пасля вайны.
На цёмна-русым трыццацігадовым мужчыне з банцікам рыжаватых вусікаў пад носам мундзір з усімі адзнакамі быў ахайны, бытта немец толькі што выйшаў з казармы на пабыўку. Ён трымаў сябе незалежна, стараўся не сустракацца з батарэйцам вачыма і, што было ў яго на душы,— нічым сябе не выдаваў. Нічога не дабіўся салдат і пытаннямі: немец адказваў — так альбо — не. Батарэец не курыў, але вёз падарунак бацьку. Каб падбіць немца на размову, выняў з кішэні партсігар з папяросамі:
— Калі ласка!
— Што?! — немец нібы прачнуўся.— Дзякуй, не куру! — адказаў ён так жа коратка і зноў перанёсся душой кудысьці далёка.
Больш батарэец не прыставаў.
Вярнуўся салдат з каўбасою, адбыўся абмен. Сержант батарэйца пахваліў:
— Але ты здорава лапочаш па-іхняму, як Фрыц!.. Малайчына, што патрымаў мне яго, а то ўраз перахапілі б! Маім старым будзе падарунак!— памацаў ён пакунак з любасцю.— На Арлоўшчыне ў нас не хутка купіш такое!.. Таксама дамоў? Айда разам! — браўся новы сябар ужо за парэнчу, каб лезці ў вагон.— Зараз адпраўляемся!