Яму надта хацелася агледзецца, ды страшна было ўбачыць месіва — як міны разрывалі людзей, ён нагледзеўся. Салдата агарнуў нейкі жаль.
«Зараз дойдзе да галавы і наступіць смерць?! Я ж — у яму схаваўся! — пачаў ён бытта апраўдвацца, бытта таргавацца з лёсам.— Я ж — наводчык, хутка штурм будзе, камандзір гарматы свежыя снарады абяцаў! Я ж з братам не бачыўся! Як бацькі там будуць адны?»
«Ха, здаецца, магу варушыць пальцамі нагі, мо толькі паранены?» — з-за баязлівай забабоннасці, каб не абразіць, не спужаць таго, што давала кволую надзею, ён стлуміў радасць ды асцярожна павярнуў галаву назад. Фуфайка на спіне была цэлая. Далей убачыў пашчапаны прыклад аўтамата, палявую сумку ды — абцасамі ўверх — добра знаёмыя боты.
«Цьфу, панікёр!» — аблаяў ён сябе, абапёрся локцямі аб зямлю, каб усхапіцца, і толькі цяпер адчуў рэзкі, нечалавечы боль: бытта яму ў плечы раптам уваткнулі ні то вялікую стрэмку, ні то распалены шворан.
«Ага, чапіла!.. Нічога, нічо-ога, мяне толькі парааніла, не бяда-а! — паспрабаваў ён авалодаць болем.— Але ж чаму так лёгка дыхаць?! Паветра заходзіць праз плечы?! Лёгкае прабіта!» — уразіла здагадка, і ён кулаком заціснуў месца на плячах, адкуль разыходзіўся боль. Дыханне стала нармальным.
Ён асцярожна ўстаў і азірнуўся. Міна трапіла ў суцэльную масу людзей. Камбат пакрыкваў на салдат і клаў на плашч-палатку замковага з акрываўленым тварам ды падкурчанай нагой. Усюды варушыліся салдаты, енчылі, перавязвалі адзін аднаго, моўчкі падступаліся да забітых — да наводчыка нікому не было справы. Толькі ён і не крыўдаваў, ім авалодала дзіўная апатыя.
— Кучынскі, хапай за рог, нясіце Дашкіна ў санроту! — дайшоў да наводчыка голас Кучэрына.
«Чаго ён прыстае, і мяне ж чапіла!.. Ат, так і так, трэба ў санроту на перавязку!» — разважыў наводчык і, не адымаючы кулака ад раны, узяўся за плашч-палатку ды з трыма байцамі павалок на адхон замковага.
Наверсе ад брусчаткі рыкашэцілі кулі. Ледзь не кранаючыся насамі зямлі, салдаты паперлі па адкрытым месцы ношу ды ўпалі за мураванку. Батарэец толькі тут адчуў — у яго боце поўна крыві: аўтаматная куля прастрэліла яшчэ і лытку. Болю не было, заўважыў ён гэта абыякава, бытта праз сон, нібы параніла каго другога.
— Славяне, санрота — у падвале! — абвясціў ім нехта.
Апынуліся яны ў памяшканні, поўным насілак з параненымі. Праціснуліся з ношай па вузкім праходзе і апусцілі Дашкіна на цэментавую падлогу. Маладзенькая і шустрая медсястра правяла тампончыкам з пераклею вадарода па драпінах на твары, разрэзала нагавіцы, пакратала на голені сіняк — больш у замковага нічога не было. Раззлаваная дзяўчына кірзачом праперла Дашкіна з палаткі, і тут яе спрактыкаванае вока заўважыла збялелага батарэйца. Малая кінулася да яго, бо чамусьці менавіта цяпер ён пачаў валіцца на цэмент. Апошняе, што ён пачуў, быў сярдзіты голас санітаркі:
— Нясіце жыва мне гэтага туды, дзе цяжкія!..
З таго моманту тыдні на два ён нібы праваліўся ў нейкую яму. Як праз сон, заўважаў бледныя твары ў белых халатах і заклапочаныя, уважлівыя вочы. Яго перадавалі з рук у рукі, бы нейкую эстафету,— раздзявалі, адзявалі, некуды валаклі, перавозілі, мылі, перакладалі з бока на бок, прыўзнімалі ды апускалі. Часамі яму надта балела — калі пілавалі рэбры; ён добра запамятаў, з якім бразгатам падалі ў таз косткі...
Паранены пачаў прыходзіць да памяці ад прыкрасці на агіднага ды надакучлівага тыпа, што хліпаў каля яго вуха, а батарэец усё яго супакойваў. Супакойваў чамусьці чужым голасам, гаварыў доўга, і так яму гэта было цяжка, што аж узмакрэў, а маладушны тып усё ныў. Не могучы даць яму рады, ён нарэшце зазлаваў. Поўны абурэння на мамінага сынка, ён раптам расплюшчыў вочы і азірнуўся.
Выяўляецца, што хліпаў ён сам. Батарэец ляжаў на бальнічным ложку з заплаканым тварам. Фактычна ляжаў не ён. Па нейкіх прыкметах батарэец адчуў, што ў яго цяпер вельмі тонкая шыя, ды ўбачыў свае тонкія, чамусьці без загару, пальцы. Батарэец быў нібыта адменены — здзяцінелы, кволы і слабы. Захутаная ў бінты галава, што тырчала над ім, называла салдата па імені і супакойвала ўжо знаёмым голасам.
«Адкуль ён ведае, як мяне зваць?!» — падумаў батарэец, падаў голас, і чалавек узрадаваўся. Гэта быў старшына самаходкі, ён чакаў самалёта, які забіраў «чараўнікоў». Абодва яны ляжалі ў шпіталі. І вайна ўжо скончылася. Батарэйцу раптам захацелася спаць: не даслухаўшы старшыну, ён адразу заснуў.
Спаў салдат доўга і прачнуўся ноччу. Праз зашклёныя дзверы ў белую палату прасвечвала святло. Стаялі чатыры ложкі. На дальніх двух дыхалі ў глыбокім сне параненыя, а на суседнім панавала мёртвая цішыня. Батарэец з прыемнасцю заўважыў, як сон уліў сілы ў яго патанчэлае і слабое цела. Хацелася з асалодай пацягнуцца ўсімі мускуламі, як бывала толькі ў дзяцінстве, калі хварэў запаленнем. Ён так і зрабіў бы, ды раптам заўважыў, што ляжыць на левым баку, а яго правы — бытта адзеравянелы і да нечага прывязаны. Ён узяўся за яго рукой — туды быў устаўлены гумовы шланг. Аднак гэта яго не спалохала — ім валодалі спакой і ўпэўненасць.