«А дзе ж старшына самаходкі?!» — спахапіўся батарэец ды азірнуўся яшчэ раз на суседні ложак.
На адлегласць выцягнутай рукі ад яго ляжаў нябожчык. З белага скафандра бінтоў выставаў толькі востры нос і кадык.
6
Поезд цягнуўся гадзін з шэсць, але час салдату здаўся імгненнем. У яго на душы панавала здавальненне, што канчалася валеная старонка яго жыцця, ім было зроблена ўсё, што можна, толькі ён ведаў — яму будзе нялёгка. Выпісалі салдата толькі таму, што ён надта прыставаў да начальніка шпіталя з аргументам: пачынаецца навучальны год у інстытутах, ён хоча яго не страціць, лячыцца будзе дома. Але як будзе на самай справе?!
Адарвала яго ад думак Варшава — поезд далей не ішоў. Былы наводчык забраў свае рэчы і павалокся ў тое, што засталося ад польскай сталіцы. Седзячы на нейкім фундаменце над берагам Віслы, ён раптам успомніў, што ў сярэдзіне студзеня ўжо тут быў. Батарэя ішла тады ў трэцім эшалоне. Покуль коні па слізкім пад'ёме ўзвалаквалі ад пераправы гарматы, па вытаптанай у глыбокім снезе сцежачцы наўпрасткі ён пайшоў сюды ды прысеў на гэты самы мур, каб паправіць абмотку. Наш лётчык вось там трымаў за руку зарумзаную польку ды казаў:
«Паплач, Ганка, я цябе разумею! У мінулым годзе таксама вярнуўся я ў Мінск, а там — ні аднаго цэлага дома! Паплакаў, і палегчала адразу!..»
Праз хвіліну яны пайшлі ўздоўж Віслы, і батарэец яшчэ чуў, як лётчык даваў польцы настаўленне:
«Ступай толькі туды, дзе ўжо станавілася нага чалавека — след у след, бо ахне міна — і не будзе каму вяртацца да нашага «кукурузніка»!..»
Толькі цяпер батарэец разабраўся: фундамент гэты — усё, што засталося ад Каралеўскага замка, якім так ганарыліся да вайны палякі. На плошчы перад сабой ён убачыў рынак. Батарэйцу кінуўся ў вочы малады паляк-прыгажун, які расклаў тавар на брызенце і гандляваў гузікамі. Палякам батарэец нават сімпатызаваў. Быў з імі ў партызанах. Каля Шнайдэмюле яго батарэя ратавала польскі батальён ад разгрому, дзе наводчыка першы раз параніла. Палякі тады рухаліся па шашы, і на іх напала унтэр-афіцэрская школа, якая прабівалася з акружэння на поўнач. Батарэец запомніў маладых дзяўчат у «рагатыўках», якіх накасілі з аўтаматаў немцы: у амерыканскіх шынеліках і англійскіх чаравічках валяліся яны ўздоўж і папярок на мокрым асфальце нейкай аўтастрады. Успомніўшы ўсё тое, батарэец не змог доўга глядзець на прыгажуна з гузікамі і адправіўся на станцыю.
У машыніста ён даведаўся, які з таварнякоў неўзабаве адправіцца на Усход, і палез на дах бліжэйшага вагона. Там было ўжо жанчын з мяшкамі і рукзакамі, якія вярталіся з гандлю. Выбраўшы месца, дзе вальней, ён апусціўся на пакатую бляху. Дарогі хапала на цэлую ноч, можна было добра выспацца, і салдат пачаў меркаваць, як лепш уладкавацца, каб у сне не паляцець пад адхон.
Уздоўж вагона дах па цэнтры ўзвышаўся сантыметраў на трыццаць. Салдат падоўжыў лямкі, і не здымаючы мяшка з плячэй, закінуў яго на другі бок хрыбта, выцягнуў ногі ды паклаў на край мяшка галаву. Такім чынам прымацаваны на доўгіх лямках да плячэй, цяжкі мяшок зараз служыў у яго як бы падушкай-якарам: калі цяпер вагоны ляснуць буферамі, салдат не рызыкаваў паляцець уніз. Расшпіліўшы на сабе гузікі, адпусціўшы папругу, батарэец параненым бокам улёгся так, каб не муляла і паравоз быў ззаду, бо інакш у вочы заносіла б з коміна вугельчыкі.
Гэтак грунтоўна ўладкаваўшыся, змардаваны за цэлы дзень салдат стаў чакаць, калі зморыць яго сон. Ён нагадаў сержанта з коўдрай і падумаў — як добра, што цябе ніхто ноччу не абудзіць на варту. Перад вачыма была густая цемра, а навокал чулася гутарка гандлярак. Галасы жанчын нагадалі шпіталь, і ён пачаў успамінаць пра яго.
7
Батарэец быў пэўны, што выжыў толькі дзякуючы медсёстрам. Металёвыя асколкі загналі ў лёгкае яшчэ і некалькі кавалачкаў дрэва з прыклада: ён лічыўся «грудніком» — трэцяй, самай цяжкай, групы: з адкрытым пнеўматораксам, з гумовым шлангам у баку, з прымацаваным да шланга посудам.
Пасля таго як у шпіталі ён прыйшоў да памяці, аслабелы яго арганізм распачаў марудную барацьбу за існаванне. «Груднікі» надта капрызныя, бо адзін выгляд дрэнажнай трубкі, па якой днём і ноччу сцякае ў бутэльку гной ды праходзіць у лёгкае паветра, давядзе ледзь не да вар'яцтва і самага здаровага чалавека, зробіць яго згрызлівым, бы схварэлае дзіця.