У шпіталі салдат высах да таго, што важыў трыццаць восем кілаграмаў. Ленінградка Нюра лёгка брала яго на рукі, выносіла ў садок ды клала пад вішні ў гамак. Бывалі дні, што не хапала ў яго сілы, каб узняць да рота руку, і сястра тады карміла яго з лыжачкі. Ленінградка пісала яму дамоў пісьмы, аднекуль прыносіла апельсіны, якія батарэец першы раз у жыцці бачыў, заглядвала ў раны:
«Ну, як мы зажываем? — з мацярынскай заклапочанасцю пыталася яна.— О-о, якія ружовыя рубчыкі!.. Ну-у, цяпер мы будзем мы-ыц-ца!..»
Халат у яе часамі быў прыадхілены; калі яна дакраналася да параненага незнарок грудзямі, месца тое ў яго потым гарэла. Нюра прылятала да салдата і са сваімі радасцямі ды бедамі. То знайшлася яе маці! То аб’явілася сястра! То прыйшла вестка, што бацька загінуў яшчэ ў сорак першым. Што яна цяпер робіць? Далечвае астатніх. Абяцала пісаць на бацькаў адрас...
На гэты раз Нюра прыбегла да яго без халата ды спрытна падсунула пад яго гумовае кола ад пролежняў. Затым дзяўчына лягла побач, ад чаго панцырная сетка моцна ўвагнулася і Нюра ўся але навалілася на яго. Ён адразу адчуў, як далікатная цяплынь памалу пачала ахінаць яго з галавы да ног. Шчаслівы, ён баяўся нават павярнуцца, каб не вылез дрэнажны шланг з раны, у той жа час яму было весела. Доўга яны гэтак ляжалі і нават дурэлі, а батарэец усё думаў — абняць яе ці не?..
А калі пакрыўдзіцца і ўцячэ?..
Раптам нешта стукнула, заляскаталі буферы, і ён прахапіўся.
Выяўляецца, батарэец ляжаў не ў шпіталі, а на вагоне. Ніякага дрэнажу не было. Ды і рана, куды ўстаўляўся шланг, зарасла ўжо даўно — два месяцы назад. Паварушыцца баяўся ён не з-за яе, а каб не зляцець з пакатага даху. Стаяла глыбокая перадасенняя ноч. З паравоза агністай грыўкай праляталі над ім іскры. Паабапал пуці рухаліся назад даўзёрныя контуры будынкаў.
Цяпло яму ішло ад таго, што ён кагосьці трымаў у абдымках.
Салдат насцярожыўся.
Пад шынялём дыхала яму ў гімнасцёрку жанчына. Рука незнаёмай абдымала яго за спіну, а гарачыя ногі былі выцягнутыя ўздоўж яго ног. Батарэец выразна адчуў, што жанчына не спіць, нечага чакае і добра ведае, што не спіць ужо і ён. Памалу, не кажучы ні слова, ён стаў нібы нацягваць жанчыне на спіну край шыняля і сваю далонь перавёў непрыкметна ёй на плечы.
Жанчына не толькі яго не адштурхнула, а прытулілася яшчэ больш.
І батарэец, адчуваючы ў сабе раптоўны выбух дрыжыкаў, даў волю сваім рукам, адначасова не забываючы, што яму нельга прыўставаць, бо зверне ўвагу людзей на вагоне, злуючыся на якар-мяшок, што скоўваў яго рухі.
— Не рві-і, я сама-а! — нібы з таго свету, раптам пачуў ён ля вуха ўсхваляваныя словы маладзіцы.
Праз хвіліну батарэец ужо ляжаў без руху. Было такое ўражанне, бытта ён доўга цярпеў смагу, але вось дапаў да халоднай крыніцы і цяпер яе жыватворчая сіла разыходзілася па яго жылах у кожную клетачку спрагнёнага цела, даючы шчасце асалоды і моц. Па-ранейшаму трымаючы адну руку на плячы жанчыны, ён маўчаў, а маладзіца ляжала спакойна і таксама маўчала.
Эшалон набіраў хуткасць з гары, паравоз, чуваць было, ехаў на халастым ходзе, навокал перагаворваліся жанчыны.
— А нех яго! — пачуў ён раптам бясхітрасную скаргу маладзіцы: — Як прывыкнеш дома ўжо да гэтага, так і ў дарозе, калі прыйдзе той час, табе ўжо здаецца — аніяк не абыдзешса!..
Ёй было сорамна — яна так апраўдвалася. Яшчэ ён па гаворцы распазнаў у ёй тутэйшую маладзіцу з-пад Беластока — дакладна такую самую, якія яму не раз давалі ў партызанах есці, хавалі, мянялі бялізну ці вішчалі ды лямантавалі, каб ён з сябрамі хутчэй уцякаў, пашкадаваў яе дзяцей, бо унь, за ўзгоркам, пруцца на «равэрах» немцы. Трэба было з удзячнасцю падтрымаць яе хлусню ці хоць крыху прылашчыць, ды размовы весці ён не ўмеў, а хлусіць — тым больш не збіраўся.
Тым часам маладзіца разумела яго таксама і нічога не патрабавала. Раптам рука яе пад гімнасцёркай намацала правал пад лапаткай, і жанчына стрымала дыханне.
— Бе-едны! — пачуў ён праз хвіліну яе сардэчнае спачуванне.— Ну, паспі-і, паспі-і шчэ, табе мо-ожно, а мне — пара!..
Яна адхілілася, надта чула і старанна падаткнула пад яго шынель, прыкрыла твар каўняром, паправіла на сабе адзенне, села ды, прытворна пазяхаючы, пракрычала камусьці ў цемру:
— Броня, ужэ Фасты праехалі, трэ збірацца! Пасядзім на вакзале, покуль каменданцкі час пройдзе, як думаеш. Досыць вылежвацца, рыбачка, паднімай нашых бабаў!..