Выбрать главу

На даху раптоўна загрукатала, бытта на яго ўзвялі падкаваных коней; пачуўся скрыгат — цягнулі нейкія скрыні, мяшкі ды чамаданы.

8

Прыбылі яны на станцыю Беласток-Цэнтральны яшчэ зацемна. Гурба бабаў з мяшкамі і рукзакамі на спінах паваліла на вакзал. Як ён ні прыглядаўся, але ў натоўпе, асветленым цьмянай лямпай на слупе, спадарожніцы сваёй разгледзець не змог.

У бок Ваўкавыска, куды яму трэба было адпраўляцца, поезда покуль што не было. Ісці ў горад? Панаваў яшчэ каменданцкі час, і з патрулямі лепш было не звязвацца. Ля кубавой нейкія мужчыны палілі са старых шпалаў вогнішча, салдат падышоў да іх, прыслухаўся. Пажылыя і юнакі караталі сабе час, успамінаючы выпадкі з вайны. Дзівакі, яшчэ мала ім?! Перасычаны ўсё тым жа адчуваннем здавальнення і бадзёрасці ва ўсім целе, салдат пакрочыў на вакзал. Яго як магнітам цягнула зірнуць на спадарожніцу пры святле.

Яе батарэец заўважыў здалёк. У заваленай мяшкамі ды чамаданамі пачакальні сядзела мноства жанчын — хто з іх драмаў, хто браўся за снеданне, хто застыў, згорблены, у тупым забыцці. Яна сядзела ў цэнтры на белым мяшку і некага выглядала, вочы яе аж гарэлі. Спаткаўшыся нарэшце з ім позіркам, шчасліва ўзрадаваная маладзіца запрамянела яшчэ больш ды аблашчыла яго вачыма, поўнымі мацярынскай ласкі і спагады. Ён толькі на секунду затрымаў свой позірк на гэтым багацці прыемных адценняў ды адчуў, як душа яго поўніцца ўдзячнасцю да гэтага чалавека. У батарэйца нібы выраслі крылы: ён зрабіў энергічнае — кругом! — і пакрочыў назад.

Пачынала світаць. Ля вогнішча даўно не голены дзядзька з захапленнем казаў:

— А Саколе як ЯНЫ файно раскалашмацілі! Захапілі станцыю, варту звязалі, а поезд разнеслі мінай ушчэнт! Немцы перлі якраз на фронт зброю; яны падагналі сотні дзве фурманак, наладавалі аўтаматаў, кулямётаў, гранат. Спалілі станцыю і — у лес! Шчэ і запіску пакінулі з намаляванай фігай!..

Батарэец спахапіўся, што апавядаюць якраз пра яго партызанскія прыгоды. Толькі на самай справе ўсё было не так. Саколе не станцыя, а — паўстанак. Пад поездам пералажылі стрэлку, і эшалон усяго саскочыў з рэек. Варты тады вязаць не трэба было, бо тры немчыкі з «вахі», пачуўшы партызан, уцяклі. Ніякай і зброі тады не здабылі — вагоны былі з параненымі. Паўстанак жа толькі падпалілі — у хлопцаў не хапіла бензіну. Не фігу, а цэлае пісьмо вывелі крэйдай на дошцы для немцаў...

«Ладна, няхай і так будзе! — пасмяяўся салдат у душы.— Але ж — ты глядзі, людзі ўжо стварылі легенду!»

Ён раптам адчуў сябе шчаслівым, яму зрабілася ўсё ясна і стала зразумела, як жыць. Не ўвязваючыся ў размову, напоўнены радаснай энергіяй, салдат закінуў рэчавы мяшок на плечы ды энергічна пайшоў яшчэ раз шукаць поезд. Разглядаючы ў бадзёрым бляску раніцы знаёмыя сілуэты будынкаў і вакзальных таполяў, батарэйцу ўжо здавалася, што адгэтуль на фронт ён і не ад'язджаў, а ва ўсім целе адчуваў такую мускульную радасць, што пра сваю рану забыўся зусім.

АКУПАНТЫ

1

У Ізабеліне — ні то вёсцы, ні то маленькім мястэчку паміж Ваўкавыскам і Ружанамі,— у мясціне, названай так некалі магнатам у памяць дачкі Ізабелы,— немцы трымалі гарнізон. Ён мясціўся ў школе і налічваў усяго 20 салдат. Пры ім яшчэ былі на ўліку пару чалавек паліцаяў родам з бліжэйшых вёсак.

Паліцаі жылі ў прыватных кватэрах, а салдаты змяшчаліся ў класным пакоі. Іхнія двухпавярховыя нары, абвешаныя біклажкамі, ранцамі ды скаткамі, мог разгледзець і нават палічыць праз вокны кожны прахожы — немцы ў пачатку вайны былі бяспечныя, адчувалі сябе як дома, пра партызан у гэтых мясцінах тады яшчэ ніхто і не чуў.

Другія класы яны абсталявалі пад склады з радыёпрыёмнікамі ды паляўнічымі стрэльбамі, што зняслі людзі па загаду, пад стаянку веласіпедаў, арыштантскую ды жыллё для амтскамісара — лейтэнанта Вернера.

Былую настаўніцкую акупанты абсталявалі сабе пад клуб. Дырэктарскую амтскамісар зрабіў сваім кабінетам.

Мінулай ноччу Вернер вадзіў гарнізон у засаду на савецкіх парашутыстаў. Цяпер яго салдаты, выставіўшы перад камендатурай на пост паліцая, адсыпаліся, а ён сам, адпачыўшы толькі пару гадзін, у кабінеце пісаў даклад начальніку Ваўкавыскага крайскамісарыята — капітану Шумму.

Амтскамісар — сын сярэдняга баўэра з Заходняй Прусіі — прыбыў у Ізабелін на адпачынак пасля баёў за Кіеў.

Гэты высокі трыццаціпяцігадовы мужчына належаў да тых афіцэраў вермахта, якія з педантызмам адносіліся да свайго вонкавага выгляду і да абавязкаў, бо ў гэтым бачылі галоўны закон нямецкай ваеннай традыцыі.