Добра падагнаны і заўсёды свежы мундзір «фэльдграў» каменданта гарнізона ўпрыгожвала чырвона-бела-чорная істужка жалезнага крыжа ў пятліцы. Шырокая тулія яго фуражкі выгіналася элегантнай седлавінай. Боты блішчалі. Твар афіцэра быў старанна паголены і свежы, а ён сам — падцягнуты, спружыністы і дзелавіты.
Гледзячы на амтскамісара за сталом, ніхто не сказаў бы, што гэты чалавек цэлую ноч правёў без сну.
Вернера аж распірала ад гонару за маштабы тых грандыёзных перамог, якія тварылі яго суайчыннікі ў даны момант у шырокіх стэпах Украіны, у камарыных Велікалуцкіх балотах, у высушаных на пыл лясках Афрыкі і бязмежным прасторы Акіяніі. Душой ён быў там, са сваімі бясстрашнымі камрадамі, адчуваў іх намаганні і напружанне: іх поспехі напаўнялі яго ўзнёслым настроем і не давалі спакою. Адначасна ён быў перапоўнены гонарам ад сваёй місіі ў глухой вёсачцы.
«Дарагая Роза,— пісаў ён сваёй сяброўцы.— Ты сабе не можаш уявіць, якія вы там шчаслівыя, на Захадзе. Чалавек тут вымушаны сутыкацца з такімі людзьмі, ад прысутнасці якіх валасы становяцца дыбам. Ад усяго рускага, польскага і яўрэйскага нясе гноем. Толькі тут я канчаткова пераканаўся, што адно мы з'яўляемся панамі, а рэшта — сапраўды Untermenschen. Гэтыя дзікуны, якім невядома, што такое лазня, і летам усе як адзін ходзяць босыя, валодаюць магутнай біялагічнай сілай размналеацца, выжываць у цяжкіх умовах і тояць патэнцыяльную небяспеку для Германіі.
Я б ахвотна згадзіўся быць на перадавой, але і тут трэба некаму несці крыж. Шкода, закончаць вайну без мяне!..
Сёння ноччу вартавалі парашутыстаў, расстралялі двух камісараў. Зараз падрыхтаваў рапарт шэфу, дзе прыкінуў, колькі народу трэба адгэтуль тэрмінова выселіць, дзе на пясчаным полі пасадзіць лес, закласці дрэнаж, дзе пазбіраць каменні і пусціць пад ворыва.
Не, тут я не хачу браць надзелу — не спадабаецца тутэйшая зямля і табе. Наш Вульф з дывізіяй на Украіне, я чыркнуў яму, каб тэрмінова напісаў, якая там зямля, быдла, вазы, батракі... Усходняя кампанія да восені скончыцца, возьмем на Украіне надзел і паедзем з табой туды...»
Вернер быў тыповым афіцэрам вермахта пачатку вайны з Савецкім Саюзам. За нястомную дзейнасць і прыкладныя паводзіны за тыдзень у Ізабеліне салдаты паспелі пранікнуцца да яго павагай, крыху баяліся і слухалі без усякіх пярэчанняў. Заваёваны яе раён быў для амтскамісара res nullies (нічыя рэч), як цвердзіла сярэдневяковае права аб краінах варвараў ды паганаў, для якіх не існавла ніякіх ні законаў, ні этыкі, а толькі — воля пераможцы.
2
Калі ізабелінскія немцы на ўзгорку пад лесам чакалі з начнога неба міфічных «чырвоных камісараў», у Ізабеліне заставаліся на варце салдаты Гофман, Брумель ды обер-яфрэйтар Ліке.
Ноччу ўсе яны ўмудрыліся выспацца і цяпер, адпрасаваўшы свае мундзіры, сумавалі ў клубе. Яны перачыталі старыя газеты да аб'яў з чорнымі крыжыкамі аб «гэфаленэн фюр фюрэр унд фатэрлянд» (пра загінуўшых за правадыра і бацькаўшчыну). Разгадалі ўсе рэбусы і шарады. Перагаварылі анекдоты. І вось цяпер, пакурваючы цыгарэты «Юньён», балабанілі пра ўсё, што прыйдзе ў галаву.
— Калі ўставіць чалавеку ў вуха рулю і выстраліць — вочы павыскакваюць з арбіт, як корак! — дзяліўся сваімі франтавымі назіраннямі Брумель і кончыкам пальца манерна збіў попел у банку з-пад кансервы, якая служыла папяльнічкай.
— Го, колькі мы гэтак адправілі на той свет партызан у Полацку, майн гот! Я з прыемнасцю браўся за такую работу!
Гофман слухаў абыякава, чаго нельга было сказаць пра яго таварыша.
Обер-яфрэйтар прыбыў на Гродзеншчыну з Даніі. У арміі ён ужо пяты год, паспеў скончыць школу малодшых камандзіраў і атрымаць нашыўкі, але сапраўдных смерцяў яму бачыць не давялося. Адчуваючы, як яго агортваюць нейкія дрыготкі жаху і адначасова цікавасці, обер слухаў салдата з затоенай зайздрасцю і павагай.
— Але больш за ўсё нам давялося перастраляць камуністаў у Смаленску. Адны заходзілі на чацвёрты паверх бальніцы і выкідвалі іх праз акно, а мы цалялі ў людзей на ляту. О была пацеха, доонэр-вэ-этэр!.. Тысячамі адпраўлялі гэтых насякомых на ўлонне Аўрама!.. Тыя, хто застаўся жывы, назаўтра абміналі нас. Пачуе каторы мярзотнік наглыя крокі, адразу сходзіць з тратуара і пакорліва здымае шапку. Толькі так з імі можна. А з яўрэямі што вытваралі!.. Там яны носяць зоркі на вопратцы — адну спераду, другую ззаду, бы ў нас палякі ў Генералгубернатарстве...
3
Калі тры салдаты так сабе балабанілі, з кабінета выйшаў Вернер. Кампанія не ведала, што іхні начальнік быў на рабоце. Усе трое разгублена ўскочылі і выцягнуліся на «смірна».