Выбрать главу

Зрэшты, паліцай сваёй прысутнасцю раздражняў і астатніх. Бо немцы свае радасці і клопаты не жадалі паказваць перад абарыгенам, які, як назло, аказаўся адукаваным, разумным, дужым ды чамусьці станавіўся любімчыкам іх шэфа Вернера. Усё гэта прымушала як бы выцягвацца перад ім, паводзіць сябе са штучнай ветлівасцю, што вельмі іх злавала. З маўклівай згоды паміж сабой немцы за ўсю дарогу паслугай перакладчыка ні разу не карысталіся, хоць знешне і былі карэктныя.

Каб не паказаць перад салдатамі, што ён спыніўся з-за гэтых паршывых бабаў, Ліке прыставіў машыну да плота, выняў ключ ды пачаў рэгуляваць педаль. Салдаты расшпілілі мундзіры, пачалі абціраць пот. Перакладчык разглядаў пажарышча.

З падворка выбегла шчаня, павалілася на спіну, выставіла блыхасты жывоцік.

— Фі-у, фі-у, фі-у!..— пасвістаў Брумель, як свішчуць на сабак толькі немцы — з дзвюма адрывістымі нотамі — сі і ля дыез. Салдат хацеў палашчыць шчаня, але яно спалохана вільнула куртатым хвосцікам і ўцякло.

Ліке схаваў ключы, азірнуўся.

Быў спякотны летні дзень. Праз дрэвы прабіваліся промні гарачага жнівеньскага сонца. Спакойна лазілі па вуліцы парасяты, куры. Цьмяна блішчалі шыбы. Цераз платы прабівалася запыленая крапіва, цягнуліся ўверх мальвы, сланечнікі. Пахла разапрэлай саломай і гноем, Сярод абгарэлых пнёў ліпы тырчала напаўразбураная печ са слядамі сажы, за ёй нейкі дзед у белым, нібы істота з іншага свету, вязаў кошык і нават не павярнуў на немцаў галавы. Затое з-за веснічак, вуглоў і з-за калодзежаў насцярожана сачылі за кожным яго рухам перапалоханыя да смерці хлапчукі.

— Трэба зазірнуць да старасты! — прамовіў чырвоны як рак Гофман, якога заліваў пот.— Ведаю, дзе ён жыве, у яго і нап'ёмся!

— Давай! — згадзіўся обер.

Немцы пабрылі па вёсцы з веласіпедамі ў руках.

Крануўся і Буднік.

Услед за імі, трымаючыся дыстанцыі, ішлі, паланёныя жудаснай цікавасцю і страхам, хлапчукі.

За знешняй карэктнасцю ў кожным позірку немцаў Буднік адчуваў да сябе недавер і пагарду. Ён яшчэ не верыў, што незвычайную службу суджана несці яму доўга. Ён увесь час парываўся ўскочыць на свой «дюркопф» ды пакаціць у свае Зелянкевічы. Але што зробіш? Трэба было прывыкаць да свайго новага і чужога для сябе абавязку.

Буднік аж надта бачыў, як раздражняе немцаў, як яны змаўкаюць пры ім або гавораць зусім не пра тое, што хацелі б. Ды бегчы наперадзе немцаў і выслужвацца, як гэта рабілі іншыя паліцаі, было не ў яго характары.

Між іншым, праз многа месяцаў, калі начальніку Ваўкавыскага крайскамісарыята капітану Шумму ён прынёс атрыманыя ад дэсантнай групы Марцірасяна дакументы на фольксдойча, самастойныя і незалежныя паводзіны ў мінулым сыгралі яму на руку: пацвердзілі, што ён сапраўды з расы выбраных. Але покуль што жыццё для яго было суцэльнай невыноснай пакутай.

Адным словам, Буднік, які яшчэ не знайшоў патрэбнага такту, не прыцёрся да немцаў, адчуваў нейкую няёмкасць нават перад біскупіцкімі хлапчукамі і паныла валокся, як палонны, за немцамі ды насцярожана чагосьці чакаў.

Уперадзе была лужа. Уздоўж плота па цянёчку, фарсіста закінуўшы хвост на спіну, трусіў сабака. Спаткаўшы людзей, ён спыніўся і падумаў: абыходзіць іх ці не? Тады трэба лезці ў ваду. Тузік пачухаў лапай пераноссе, чхнуў ды вярнуўся назад.

Не выпускаючы з рук веласіпеда, Брумель імгненна зняў з пляча карабін.

Аглушальна прагрымеў стрэл.

З кудахтаннем паляцелі ва ўсе бакі куры. Заскуголіў, у прадсмяротных сутаргах забіўся на пяску сабака. Хлапчукі з вуліцы сыпанулі ў падворак. Гофман і Брумель зарагаталі. Толькі твар обера быў непарушны.

Буднік, вядома, не мог не адчуць, як Ліке разгубіўся. Яму трэба было аблаяць салдата. Але Ліке ў паводзінах сябра ўбачыў франтаватую зухаватасць. Обер нават захапіўся яго спрытам: трымаючы карабін адной рукой, амаль не цэлячы, трапіць у рухомую мішэнь — трэба ўмець.

— До-онэр-вэ-этэр! — вылаяўся ён са здзіўленнем.

5

Старасты дома не аказалася. Яго жонка — яшчэ не старая і нават прыемная з выгляду — на кухні рыхтавала свіням корм.

— Яйкі?! Млеко?! — з парога спытаўся Брумель.

— Нэ-эй, паночку! — узмалілася жанчына.— Яйкі муж у горад павёз мяняць на соль!.. І кароў яшчэ не даіла, а кіслае выпілі нядаўна!

— Масле?..

— І ма-асла — нікс!..

Пакуль яны таргаваліся, Ліке агледзеў памяшканне.

Дзверы былі адчынены ў вялікі пакой, і там ён убачыў дакладна такую ж абстаноўку, якую назіраў тут у кожным доме. Па сцяне між вокнамі — рамкі з фатаграфіямі. Обера непрыемна ўразілі сярэбраныя зігзагі на каўнерыках мардатых польскіх салдат і фарсістыя фуражкі з царскімі кукардамі. У кутку ззяў пасярэбранай паперай радочак ікон. Пад іконамі бялеў накрыты сурвэткай стол. Уздоўж сцен ішлі дзве лавы. Ложак з горкай высокіх падушак...