Успамінаючы малюнак са школьнай хрэстаматыі, ён не без пагарды заўважыў сабе:
«Як у нас было сто гадоў таму назад!.. Бачыш ты, нахабнікі,— і фатаграфіі сваіх вайсковых паразвешвалі, яшчэ не хапае толькі — партрэтаў камісараў!..»
Старасціха, не спаласнуўшы нават цеста з рук і прыкідваючыся надта напалоханай, пачала соваць салдатам шчарбаты збанок з вішнямі. Паскардзілася, што на кухні многа мух. Ліке заўважыў, што хітрая ведзьма спецыяльна выстаўляе брудныя рукі і дэманструе сваіх мух, каб выклікаць агіду, пазбавіцца гасцей.
Обер абурыўся, але прамаўчаў.
Патаптаўшыся крыху ў старасты на кухні, пакаштаваўшы цёплай вады і з жоўтымі кропінкамі мушыных слядоў вішань, накіраваліся зноў на вуліцу.
Хутка, ні то раззалаваны старасціхай, ні то галодныя, ні то прагныя дапасці да добрай вады, апынуліся яны зноў у канцы вёскі. У суцэльным зялёным масіве дрэў воддаль ад дарогі патанаў хутар.
— О, там вулляў многа! — прамовіў Гофман.— Едзем туды, паспрабуем мёду!
— Эўрыка! Я аднойчы так быў пажывіўся! — успомніў Брумель.
— Давай! — дазволіў Ліке.
6
На хутары ў гэты час панаваў спакой і парадак.
Пад хлявом сохлі акуратна складзеныя кастрагі дроў.
Пад акапам Грыцук у белай кашулі выпілоўваў планкі для рамак у вуллі. Ля яго ног ляжаў вялізны кудлаты сабака і ляскаў зубамі на надакучлівых мух.
Сярод падворка ля бетоннага калодзежа ў лужыну пчолам была насыпана сечка, і над ёй калясіў цэлы рой. На шчыце свірна быў прымацаваны ветрачок. Пад акном вялікай хаты цвілі вяргіні. Дах з ацынкаванай бляхі блішчаў на сонцы, як з серабра.
У чатырохкутніку паміж домам, свірнам, хлявом і гумном увесь падворак парос сакавітым зялёным дываном з дробнай мазаікай трыпутніку і рамонку.
У агародзе за плотам цвіў мак, буялі буракі, памідоры, гуркі і тычковая фасоля. Грыцучыха з нявесткай наводзілі там парадак — прарэджвалі расаду, а вырванае зелле кідалі свіням. Тлустыя пародзістыя парасяты, не спяшаючыся, выбіраючы сабе самыя смачныя лісты, плямкалі ратамі. Побач паўтарагадовая Тася стукала каменьчыкамі, яе сястра ў баразёнцы «пякла» з пяску аладкі.
За вогненнай ракой маку пад грушамі і яблынямі стаялі радочкі жоўтых, сініх і зялёных вулляў.
Райскую ідылію першы парушыў сабака. Ён нешта пачуў ды насцярожыўся: няйначай, што чужыя.
Гыркаючы, сабака кінуўся да брамкі.
Гаспадар узняў галаву ад верстака, убачыў немцаў і высокага ізабелінскага паліцая. Нязваныя госці ўжо ставілі пад плот веласіпеды.
— Нанесла іх аднекуль зноў, халера! — прабурчаў Грыцук і неахвотна адклаў нажоўку.— Рэкс, да буды!
Мужчына з планкай у руцэ накіраваўся да брамкі. Злавіўшы сабаку за аброжак, ён, шкадуючы, ударыў яго пару разоў планкай па кудлах, прывалок да буды, пачаў прывязваць на ланцуг.
Не павітаўшыся, немцы ўваліліся на падворак і адразу накіраваліся да калодзежа, дзе на бетонным крузе грэлася на сонцы вядро вады. Гофман выняў хустачку, пачаў выцірацца, а Брумель прыставіў да калодзе-
карабін і ўсунуў у вядро палец.
— Оу-оу-у, абер, вун-дэр-ба-ар! — закрычаў ён з захапленнем ды пачаў расшпільваць мундзір.
А обер і тут быў нездаволены. Яго сябры, калі вярталіся з такой паездкі па раёне, заўсёды прывозілі цэлыя сумкі масла, сыру, яек і самагонкі, а ён з салдатамі нават паесці нідзе не змог — давядзецца, вярнуўшыся ў Ізабелін, брацца зноў за агорклы гарохавы суп, гуляш ды пудзінг. Яшчэ гэты доўгі паліцай паводзіць сябе, бы граф Валенрод!..
На хутары яго ўсё раздражняла. Не падабаўся і сам гаспадар, які зумысна доўга вазіўся з сабакам. Загарэлы і спакойны твар гаспадара ды закасаныя па локці мускулістыя рукі проста прыводзілі обера ў шаленства. У той час калі ён, Ліке, з такой тонкай і багатай, яшчэ нікім не адкрытай душой вымушаны цярпець такія нягоды, гэты вось грубы суб'ект з закасанымі да лытак парткамі радуецца тут сабе жыццём, бы на курорце...
Злаваў обер і на Брумеля — ён многа сабе дазваляў. І яшчэ яму здавалася, што салдаты ў душы насміхаюцца з яго, бяздарнага камандзіра.
— Ком, ко-ом! — нейкім сухім і злым голасам паклікаў Брумель гаспадара ды паклаў мундзір на рамонак.
Мужчына, не спяшаючыся, падышоў і спыніўся перад гасцямі. На яго шырокі лоб звісалі спатнелыя пасмы. У валасінках на разапрэлай грудзіне засела пілавінне. Разумныя шэрыя вочы глядзелі незалежна, але насцярожана.