— Павесяліся!— зларадна прыстрашыў той.— Хутка запяеш амінь...
— Шевелись, парень! — гукнуў ахоўніку крайні пажылы вайсковец, бегучы i заблытваючыся ў доўгіх полах шыняля.— Поляки подходят к пригороду! И немцы уже недалече!
«Вось яно што! — штосьці мігам апякло душу Лашковічу. Тут жа знікла яго дрымота, вяласць i абыякавасць.— Вось чаму такая мітусня! — Раптоўна заадно ўмлеў.— Пачакай, але куды нас вядуць?»
Неразлучны дагэтуль наглядач адступіў крыху назад i ўбок, трымаючы перад сабою вінтоўку:
— Уперад! I без дурыкаў!
Лашковіч адчуў: халаднее душа. Як не сваімі нагамі выходзіў у двор — заціснуты будынкам i высокаю сцяною, глыбокі, нібы вялізная магільная яміна, пляц.
«Павязуць у глыб Расіі? — апальваў страх розум.— Расстраляюць?»
На заснежаным, але ўтаптаным пляцы ix скупілі, абкружылі з усіх бакоў, i яны, зняволеныя, усе як адзін з прагаю зірнулі на блізкую адчыненую масіўную жалезную браму, за якою бялеўся снег, святлеўся дзень i быў відаць краёк сонечнага, яшчэ скупа блакітнага неба — адным словам, была воля вольная.
— Ну, где же старшой? — нервова азіраючыся, запытаў адзін з самых пажылых канвойных, той, што выводзіў азызлага Петрыкевіча.
Лашковіч, нібы ад удару электрычнага току, рэзка ўскінуў галаву: Еўзікаў i Петрыкевіч, адчуўшы пагрозу, таксама выпрасталіся i нашатэрыліся. Петрыкевіч, хоць i пажылы чалавек, бывалы ўжо генерал, разгубіўся, зморшчыўся, а звычайна рашучы, разважлівы Еўзікаў нервова закусаў поўныя вусны, зірнуў на генерала, пасля перавёў позірк на яго. Спачатку ў яго вачах ажыло недаўменнае запытанне, а неўзабаве заіскрылася дзёрзкае натхненне: варон лавіць не трэба!
Усё зразумеўшы i намагаючыся быць з халодным розумам, Лашковіч паказаў яму вачыма на самага пажылога і, мусіць, кемлівага ахоўніка, а пасля скасіў вочы на «свайго», які вельмі ўеўся яму за час зняволення. Рыжун у гэтую хвіліну нецярпліва азіраўся, мусіць, чакаючы старшага, які, відаць, вось-вось павінен быў падбегчы i сказаць сваё слова пра іхні лёс. На загарэлай дужай шыі рыжага вытыркнуўся вялікі кадык, нацёрты да чырвані каўняром цвёрдага шыняля. Спажыўшы момант i з нянавісцю пазіраючы на чужую шыю, Лашковіч імгненна i з усяе сілы рабром правай далоні смалянуў на гэтым кадыку. Рыжы ахнуў, устрапянуўся, вырачыў вочы i разявіў рот, але ні абараняцца, ні нападаць не мог, захаўкаў, як выкінутая на бераг рыбіна, выпусціў з рук вінтоўку, сагнуўся i закрыў твар далонямі.
Лашковіч схапіў вінтоўку і, ужо ўзброены, здольны не толькі для абароны, але i для нападзення, ускінуў галаву: Еўзікаў, вырываючы зброю, валтузіўся са старым — той, невысокі, але каржакаваты, не паддаваўся. Астатнія два маладыя салдаты ад нечаканасці аталапелі.
— Зброю — на дол! — Лашковіч рашуча навёў на ix вінтоўку i, калі тыя наслухмяна пашпурлялі, зноў закамандаваў: — Марш да сцяны! I мордай — на зямлю!
Нізкі i высокі маладыя салдаты подбегам патрусілі адгэтуль, a Лашковіч улучыў момант i наском чаравіка ўдарыў старому канваіру пад калена — той падкасіўся, упаў, i з яго аслабелых рук Еўзікаў ужо легка вырваў вінтоўку.
— Ляжаць! — загадаў i старому Лашковіч.
Аднак той не паслухаў, пачаў надымадца.
— Ах, бандзюгі! — не спалохаўся, а, наадварот, загарэўся ад гневу.— Я...
Лашковіч шчоўкнуў затворам:
— Да сцяны, стары пень!
Той, светлавалосы, нават нібы без броваў, напалову бяззубы, i ca злосцю, i з насцярогаю зірнуў на Лашковіча — i, убачыўшы, што ён не пашкадуе, застрэліць, захацеў жыць. Падняўся i, скачучы на левай назе, борздка патрухаў да сцяны.
— Пабеглі! — кіўком галавы Лашковіч паказаў сваім на выхад.
Гэтая сутычка адбылася так нечакана i хутка, што брамны вартавы не толькі не перашкодзіў, але i шарахнуўся ў памяшканне, бачачы, што яны бягуць на яго з вінтоўкамі i цырымоніцца не будуцъ.
Яны ж, без замінкі вымкнуўшыся за браму, п'янеючы ад дзёрзкасці i ад марознага свежага паветра, шпарка пабеглі. Да Праабражэнскай. Бо справа, па Захараўскай, было завельмі шматлюдна.
Гонкі Еўзікаў імчаў першы, за ім улёг Лашковіч. Ззаду тупацеў генерал.
За Багадзельнаю вуліцаю Еўзікаў спачатку азірнуўся, а пасля запыніў бег. Дагнаўшы яго, толькі цяпер павярнуў назад галаву i Лашковіч: Петрыкевіч цяжка валюхаў, коўзаўся, падаў i вельмі цяжка ўскарэбваўся на ногі, бег i зноў ляцеў потырч. Вось зноў гупнуўся кулём, але цяпер нават i не паспрабаваў варушыцца, ляжаў, выцягнуўшы рукі.
— Вернемся, паможам,— утаймоўваючы дыханне, прамовіў Лашковіч.
— Нельга ж траціць ні хвіліны! — зморшчыўся Еўзікаў. Хоць i шпарка бег, але ўсё роўна белы. Быццам палатно.— Можа, выправіліся ўжо ўслед за намі.