Выбрать главу

У гэты ж вечар перамовіліся і па пятым пункце парадка дня. Прамоўцы, а іх было нямала, найбольш гаварылі пра яго першыя тры падпункты.

З рэзалюцый па гэтых падпунктах:

а) па Белнацкому: «Зацвердзіць камісарам Белнацкома т. Жылуновіча, сакратаром т. Мазура».

б) пра беларускую Чырвоную Армію: «Прымаючы пад увагу выключна адказнае міжнароднае становішча, у якім знаходзіцца цяпер вызваленая Беларусь, канфэрэнцыя лічыць канечна патрэбным стварыць беларускія палкі Чырвонае арміі, ганаровай і адказнай задачаю якіх будзе абарона Беларусі, як аднаго з фарпостаў Вялікае Расійскае Сацыялістычнае Рэвалюцыі ў змаганні з сусветным імпэрыялізмам... Сфарміраваны ў Пецярбургу самаахвотніцкі атрад беларусаў-камуністаў выправіць у Мінск, дзе ён будзе добрым камуністычным асяродкам для беларускіх палкоў, фармаваньне якіх там пачнецца...»

в) пра сельскія камуны: «Бачачы ў сельскагаспадарчых вытворчых камунах, апроч усіх іншых бакоў іх вартасьці, яшчэ і новую форму камуністычнага будаўніцтва жыцьця, а таксама лічачы грамадскае карыстанне зямлёю пераходам да камун, капфэрэнцыя прызнае асаблівую каштоўнасьць будаўніцтва камун і працу ў кірунку аформленьня грамадскага землякарыстанья ў беларускай вёсцы і заклікае ўсіх партыйных працаўнікоў, апроч агульнапалітычнай і культурна-асветнай работы, побач распачаць у вёсцы і працу для будаўніцтва камун...

Разам з тым канфэрэнцыя выказваецца за выкарыстанае вялікіх панскіх маёнткаў пад буйныя савецкія гаспадаркі, як гаспадаркі ўзорныя, што вытвараюць максімум сельскагаспадарчых прадуктаў. Гэта дазволіць Савецкай уладзе з большым поспехам вырашыць харчовае пытанне, разбураючага ўплыву якога так упэўнена чакаюць ворагі рабоча-сялянскай улады».

Затым, ужо ноччу, прынялі рэзалюцыі пра культурна-асветную, агітацыйна-палітычную і арганізацыйную работу, пра орган бюро секцыі, а таксама прынялі адозву «Да Беларускага народа».

Трэці дзень

Пра яго Жылуновіч запісаў такое: «Бягучымі справамі канфэрэнцыя заняла сваё апошняе пасяджэнне 23 снежня. Бягучыя справы ахапілі сабою інфармацыю т. Лагуна пра становішча каля Баранавіцкага раёна, куды ён накіроўваўся Белнацкомам, інфармацыю т. Клыша пра работу і яе ўмовы ў Менску і выбары цэнтральнага бюро сэкцый. Абранне бюро стала апошнім. Праз галасаванне запіскамі абраны былі ў цэнтральнае бюро беларускіх сэкцый РКП (б) наступныя таварышы: З. Жылуновіч, Ф. Балбека, А. Чарвякоў, І. Няцэцкі, М. Дракон і Я. Дыла. Цэнтральнаму бюро было даручана склікаць Усебеларускі з'езд камуністычных сэкцый пасьля партыйнай канфэрэнцыі ў Смаленску, назначанай на 27 сьнежня. Якраз у часе выбараў бюро маскоўская сэкцыя атрымала тэлеграму са Смаленска за подпісам сакратара Абласнога камітэта РКП (б) т. Кнорына з запрашэньнем прыслаць прадстаўнікоў на памянёную канфэрэнцыю ў Смаленску. Пасьля абгавору канфэрэнцыя вылучыла са свайго складу дэлегатамі ў Смаленск трох таварышоў: П. Клыша, В. Ханіна і Я. Лагуна.

Заключнай прамовай старшыні канфэрэнцыя была зачынена а палове першай гадзіны ўночы. Удзельнікі канфэрэнцыі з уздымам і натхненьнем прасьпявалі перш «Інтэрнацыянал», а пасьля беларускую «Марсэльезу».

3.

Сталіну сказалі, што прыйшоў ён, Жылуновіч, але той не спяшаўся запрашаць у свой кабінет.

Жылуновіч доўга, можа, і з гадзіну, сядзеў у прыёмнай, цярпліва чакаў, калі яму можна будзе зайсці да наркома па нацыянальных справах, і ўвесь час гадаў: з-за чаго такая затрымка? Сталін прачытаў усё і цяпер па тэлефоне дакладае наверх альбо звоніць свайму сябру, Мяснікову, у Смаленск? Ці наўмысна парыць яго вось тут, як кажуць, у прылазніку, каб ён перакіпеў і не дазваляў сабе лішняга?