Нарэшце паклікалі. Ён зайшоў у кабінет, які быў прадымлены: гаспадар — каржакаваты, з апалай на нізкі лоб чорнай густой шавялюрай, з прыплюшчанымі паўмангольскімі вачыма, рабы, са знакамі воспы, вусаты, у фрэнчы зялёна-карычневага колеру — сядзеў за сваім сталом з люлькай у зубах і пускаў спакойныя струменьчыкі шызага дыму.
— Садыцесь, таварышч Жылуновіч,— паказаў узмахам галавы на крэсла, што стаяла перад ім.
Ён сумеўся: Сталін ні словам, ні рукою не павітаўся, дык што рабіць яму? Таксама не паздароўкацца, сесці і чакаць, што той скажа? Не, не хораша так.
— Здравствуйте, товарищ Сталин,— прамовіў ён.
— Здравствуйте-здравствуйте,— адказаў той, зажмурваючыся ад дыму і заклапочана складаючы на стале паперы.
Сталіна Жылуновіч убачыў толькі летась у Петраградзе ў «Правде», і тады той, вярнуўшыся са ссылкі, быў худы, стомлены, з запалымі вачыма. Цяпер вось пакруглелы, пасвяжэлы. Можа, паспрыяла і тое, што ён, як кажуць, нядаўна ажаніўся з зусім маладою дзяўчынаю, пачаў жыць па-сямейнаму.
— Скажыце, таварыш Жылуновіч,— Сталін падняў галаву, зірнуў на яго ўпалымі, не то карымі, не то жоўтымі, як здавалася, безжыццёвымі вачыма,— вы ведаеце, што ўчора ВЦВК зацвердзіў вывады Адміністрацыйнай камісіі і прыняў пастанову аб абласных аб'яднаннях?
— Не, яшчэ не ведаю,— адчуваючы, як замірае сэрца, адказаў ён.
— Дык вось учора юрыдычна зацверджана Заходняя камуна з цэнтрам у Мінску,— ціха і паволі (ці то абдумваючы кожнае слова, ці то ратуючыся ад няўмення складна гаварыць па-руску і ўвогуле хораша прамаўляць) сказаў Сталін.— Так што гэтыя вашы пастановы, дакументы,— падняў і патрос паперы, што яны падалі сёння ранічкай,— не да месца...
— Як мопса быць не да месца думка ўсіх беларускіх камуністаў?
— Факт адбыўся, паўтараю: Заходняя камуна зацверджана цэнтрам юрыдычна. Хіба не разумееце?
— Гэты акт, таварыш Сталін, юрыдычны, але паспешлівы і несправядлівы.
— Нават гэтак? — крыва ўсміхнуўся Сталін, і яго дугападобныя бровы надняліся на прамы і нізкі лоб.
— Якраз гэтак.
— Я думаў: вы толькі памыляецеся,— непарушна прамовіў Сталін.— Ай? вы — заядлы нацыяналіст і сепаратыст!
— Я ніколі не ўзвышаў, не абсалютызаваў сваю нацыю, не прыніжаў іншых,— узбуджана, але таксама спакойна сказаў Жылуновіч.— Але любіць сваё, нацыянальнае, і быць у нацыяналістычным ачмурэнні — гэта зусім розныя рэчы.
— Не ведаю, таварыш Жылуновіч,— развёў той рукамі, і ў гэты час Жылуновіч заўважыў, што левая рука Сталіна нібы меншая за правую.— Цяпер вельмі напружанае міжнароднае становішча, цяжка ў Савецкай Расіі, а вы найперш носіцеся з нацыянальным пытаннем. Мы павінны дбаць пра ўвесь свет, а вы...
— Але дбаючы пра ўвесь свет, таварыш Сталін, нельга выпускаць з поля зроку і асобныя куты,— сказаў Жылуновіч.— У іх таксама жывуць людзі. Са сваімі бедамі, клопатамі, марамі і надзеямі, са сваёй гісторыяй і культурай. Каб ашчаслівіць увесь свет, трэба спачатку зрабіць шчаслівымі іх. Як я разумею, усіхнае шчасце не можа быць без шчасця кожнага чалавека... Дык і давайце не столькі будаваць абстрактны планетарны рай, колькі клапаціцца пра блізкіх людзей, пра нашы народы, якія нагараваліся пры царызме, чакаюць не прыгожых слоў, абяцанак, а дзелавой увагі, міру, волі, права людзьмі звацца... А па-другое, інтэрнацыяналізм, што з'яўляецца асяродкам нашай партыйнай ідэалогіі — гэта ўсё лепшае з нацыянальнага, а не разбурэнне яго.
Сталін адвярнуў галаву, зацягнуўся — на яго левым вуху быў вялікі радзімы знак.
— Мала гэтага. Той-сёй ці крыўдзіцца, што мы, у каго моцныя нацыянальныя пачуцці, не адмаўляемся ад іх, не пераскокваем праз дарагое ў рай, а то і абвінавачваюць у нацыяналізме...
— А вашыя радаўцы ў Мінску? — рэзка павярнуўся, наставіў на яго сапраўды нечалавечыя вочы Сталін.— Яны таксама з «моцнымі нацыянальнымі пачуццямі»?
— Ёсць і такія. Ёсць і заблудяганыя, авантурысты, а то і здраднікі. Мы, як вы ведаеце, з апошнімі ваявалі і ваюем. А па-другое, давайце гаварыць шчыра, таварыш Сталін: каб Мяснікоў, Ландар і іншыя не разагналі ў снежні Усебеларускі з'езд, падтрымалі левую плынь на ім, ідэю беларускай дзяржаўнасці, то, можа, і не было б ніякай БНР...
— Вось як!
— Той-сёй пайшоў на гэта з-за недальнабачнай вышэйназванай акцыі Мяснікова і Ландара, з адчаю. Я, паўтараю, гавару гэта толькі вам, бо мы ў Белнакоме і «Дзянніцы» ніяк публічна не высоўваем гэтай думкі, не падтрымліваем і заблуканых, выкрываем у прынцыпе БНР. Мы толькі за Савецкую Беларусь як аўтаномную частку РСФСР.