— Мяснікоў і Калмановіч супраць. І іхнія аргументы, ведаеце, пераканаўчыя.
— Ілжывыя! Не гуманныя!
— Што вы сабе дазваляеце? — выхапіў з рота люльку і ўспыхнуў Сталін.
— Тое, на што мне даюць права Кастрычніцкая рэвалюцыя, ідэі Камуністычнай партыі, Канстытуцыя, урэшце тое, чаго не робіце вы як нарком па нацыянальнай справе!
— Па-вашаму, я — лодыр, бюракрат, як вы публічна абазвалі мяне ў сваім артыкуле «Як жа з Беларуссю?».
— Што да ўсёй вашай работы, я не магу такога
сказаць. Але што вось да нас, то — так... Наш Белнаком у вашай сістэме існуе ўжо ледзь не год, а вы, прабачце, па беларускай справе ўсё яшчэ не маеце ніякага дзелавога праекта. Толькі паўтараеце ўслед за Мясніковым: «Няма і не можа быць ніякай Беларусі», «Не час цяпер займацца гэтым» альбо: «Сусветнай рэвалюцыі замінаюць нацыянальныя настроі, межы...»
Сталін, здаецца, аж затросся ад злосці і гневу, але не ўзарваўся, толькі з нянавісцю зірнуў на яго высокі лоб, акуляры, на чысценькую кашулю і прыгожа завязаны гальштук, нібы сам сябе ўгаворваючы: стрымайся, астынь, будзе час — ты яшчэ пакажаш сваё гэтаму мужыку, які лезе не толькі ў інтэлігенты, але і ў кіраўнікі дзяржавы! Хоць і невялікай!
— Калі вы і цяпер не прыслухаецеся да нашага голасу, да голасу ўсіх беларускіх камуністаў, то я не змагу болей заставацца з вамі ў адным камісарыяце!..
— Гэта што — ужо шантаж? Ультыматум?
— Крык душы.
— Трэба ўмець стрымліваць сваю душу,— Сталін рэзка вытрас попел з люлькі ў попельніцу.
— Асабіста я — не магу. Доўгі час цярпеў, закусваў вусны, як мог падтрымліваў партыю і Савецкі ўрад, але цяпер, калі мы тварам да вас, а асабіста вы — усё задам, буду пратэставаць, крычаць на ўвесь свет! Па-другое, мы кідаем кліч: «Беларусы — дахаты!» Будзем самі ўтвараць у Мінску беларускі ўрад...
— Камуніст! — з ухмылкаю хітнуў галавою Сталін.
— Камуніст. Маладзейшы па стажы за вас з Мясніковым, але шчыры.
— Не. Вы яшчэ не сапраўдны камуніст. Не загартаваны, не біты. Не пераадолелі пачуццяў, жывяце не па законах цвярозасці і халоднага розуму.
— А хіба трэба вынішчаць у сабе ўсё жывое?
— Можа, і так...
— Але машына можа не толькі ствараць, яна здольная і разбураць, нішчыць. Усё запар.
— Не,— зноў пахітаў галавою Сталін, набіваючы трубку новым тытунём.— Вы — не стратэг. А нестратэгі — кепскія палітыкі...
— Пра гэта, таварыш Сталін, калі захочам, мы можам падыспутаваць у вольны час,— таксама ўжо аспакайнела прамовіў Жылуновіч.— Цяпер мяне цікавіць іншае: які ваш тактычны і стратэгічны адказ на рэзалюцыі нашага з'езда?
— Я павінен расказаць пра нашу «мілую» бяседу таварышу Свярдлову,— ужо непарушна, марудна адказаў той.— Наш адказ атрымаеце пазней.
— Дзякую,— прамовіў Жылуновіч, падняўся.— Да пабачэння.
— Усяго добрага,— холадна буркнуў Сталін, не падымаючы галавы і далей пхнучы шчопаць тытуню ў сваю любімую люльку.
Жылуновіч шпарка выйшаў з кабінета. Ён не ведаў, што ўслед закруціцца хуткае кола: Сталін тут жа пазвоніць Свярдлову і распаяла яму пра іхнюю гутарку і пра тое, што Жылуновіч не згадзіўся з пастановаю ВЦВК пра Заходнюю камуну, а Свярдлоў адразу затэлефануе Леніну. К вечару гэтага дня Сталін будзе ўжо добра ведаць, як у ВЦВК і ЦК РКП (б) ацанілі тое, што рашыла Канферэнцыя беларускіх камуністычных секцый.
4.
25 снежня пазванілі з Наркамнаца. Мяккі і далікатны жаночы галасок папрасіў, каб як хутчэй да іх «падышло кіруючае ядро Белнацкома і ЦБ беларускіх камуністычных секцый».
Жылуновіч, які трымаў трубку каля вуха, слухаў і паволі затрывожыўся (відаць, будзе ўсім наганяй за яго ўчарашнюю рэзкасць), і заадно захваляваўся: няўжо з іншага боку падзьмуў вецер? Каму пазваніў, па каго паслаў, і неўзабаве ўлад ён, Чарвякоў, Лагун, Дыла шпарка пакрочылі ў Наркамнац.
Сёння не затрымалі ў прыёмнай ні на хвіліну. Як толькі зайшлі, распрануліся, дык іх адразу запрасілі ў кабінет Сталіна.
Той, у звыклай трошкі зашырокай паўвайсковай форме, у мяккіх белых ботах, дымячы з люлькі, паходжваў уздоўж сцяны з крэсламі. Убачыўшы іх, заўсміхаўся, пайшоў насустрач і кожнаму з іх падаў лёгкую і мяккую руку, ветліва запрасіў садзіцца. Сам не падаўся за свой начальніцкі стол, не зазначыў розніцу паміж ім і імі, а ўзяў за высокую спінку просценькае крэсла, паставіў яго тыльным бокам да іх пасярод кабінета і сеў, кладучы левую руку на яго спінку — правай трымаў люльку.
— Які настрой, таварышы беларусы?
Яны — а сярод іх трапіліся амаль усе не вельмі гаваркія, ахвочыя да звычайнай балбатні — былі засяроджаныя, толькі, можа, трошкі ўражаныя ад такога вось настрою капрызнага і рэзкага, нават, як гаварылі, жалезнага наркома-каўказца.