— Вы, таварыш Ленін, летась у артыкуле «Удержат ли большевики государственную власть?» надзейна і слушна сказалі, што трэба «немедленное восстановление полной свободы для Финляндии, Украины, Белоруссии, для мусульман и т. д.». Сапраўды, тут да месца гэтае «восстановление свободы». Камуністы з Мінскага Савета, Губрэўкома, хоць сярод іх шмат небеларусаў, таксама цяпер зразумелі гэта, цяпер не супраць беларускай дзяржаўнасці,— усё ж захваляваўся, дык відочна ў нос сказаў Жылуновіч.— А вось таварыш Мяснікоў са сваімі калегамі па-ранейшаму зацята, я сказаў бы нават не на жыццё, а на смерць, вядзе супраць нас, а цяпер ужо і супраць Мінчукоў вайну. Я паважаю таварыша Мяснікова як партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, які нямала зрабіў для рэвалюцыі, найперш на былым паўтарамільённым Заходнім фронце, але што да нацыянальных спраў, то смела сцвярджаю: тут ён абмежаваны альбо вельмі паспешлівы. Калі пайсці за ім, то можна дапасці да вялікай бяды, самае малое да тэрору супраць нацыянальнае дэмакратыі. І яшчэ, таварыш Ленін. Мы ведаем, што ЦК, Савецкі ўрад добра ўяўляюць, якая пагроза, натхнёная Антантай, ідзе з буржуазнай Польшчы. Мы ж, беларусы, адчуваем яе кожнаю жылкаю. Польская буржуазія, штурхаючы на Усход Пілсудскага, Доўбар-Мусніцкага, замахваецца і на пашы, і на ўкраінскія, літоўскія, і на многія расейскія землі, бессаромна манячы свету, што гэта спрадвечна польскае.
Прыклаў руку да грудзіны, схіліў галаву.
— Паверце, таварыш Ленін, і вы, таварыш Мне-
нікоў, мы не хочам зноў трапіць у крывапіўныя лапы паноў і буржуазіі,— прамовіў аж з надрывам.— Мы, хто ўжо дыхнуў тут волі, хочам яе і ўсяму свайму народу, хочам у сваім краі ўлады работнікаў і сялян, жадаем ісці па дарозе сацыялізму, братэрства разам з Расеяй і іншымі братнімі народамі, хочам развіць усё тое лепшае, што ёсць у нашых сціплых, працавітых і таленавітых людзях. А гэтае добрае, высакароднае мы можам на поўную моц развіць якраз ва ўмовах беларускай дзяржаўнасці. Пагэтаму мы толькі вітаем, што ВЦВК прызнаў Літву, Латвію і Эстонію як незалежныя савецкія рэспублікі.
— Дзякую. Ваша слова, Іосіф Вісарыёнавіч,— калі ён сеў, Ленін перавёў позірк на Сталіна.
— Цяжкая сітуацыя, Уладзімір Ільіч,— падняў галаву, усміхнуўся той,— Паслухаеш — абодва маюць рацыю. Але трэба прымаць канчатковае рашэнне. Асабіста я за тое, каб улічыць сусветны рэзананс, міжнароднае становішча, а таксама пазіцыю беларусаў і ўтварыць Савецкую Беларусь.
— З якім статусам? — запытаў Ленін.
— Думаю, на правах аўтаноміі.
У гэты час пачуўся дробны і часты тупат — гэта, як усе ўбачылі, ад нервовага перанапружання дрыгае нагою Мяснікоў.
— Дзякую, таварышы,— прамовіў Ленін, паклаў рукі перад сабою,— Сітуацыя, сапраўды, сур'ёзная. І, на жаль, многія нашы таварышы не гатовыя да яе. Спачатку перад намі востра стаяла пытанне ўлады, пасля навіслі германскае наступленне, мяцяжы, ваенная інтэрвенцыя з усіх бакоў, эканамічны хаос... На нацыянальнае пытанне ў нас проста яшчэ не было, а то і няма часу. Але братоў беларусаў мы крыўдзіць не павінны. Яны і гаротныя, і мужныя. Не адзін год трымалі па сабе агромністы фронт, а пазней узялі на сябе вялізны цяжар нямецкай акупацыі і самаахвярна сабою памаглі нам выратаваць Савецкую ўладу. Да ўсяго гэтага народ са сваёй гісторыяй, культурай, яркай славянскай мовай. Пра гэта ў свой час мне шмат і цёпла гаварыў Максім Горкі ды шмат чытаў і я сам. Сапраўды, наша партыя, Савецкі ўрад павінны падтрымліваць усё лепшае ў народзе, а не знішчаць яго. Тады нашы ідэі не будуць навязаныя, а стануць плоццю, жыццём. Сыходзячы з гэтага, мы павінны ўлічыць мары беларускага народа на сваю дзяржаўнасць. І, думаю, не толькі з аўтанамічным статусам, але і са значна шырэйшым... А што да боязі драблення былога расійскага дзяржаўнага арганізма, таварыш Мяснікоў, дык, па-першае, ён быў скляпаны па воўчым законе, а па-другое, не варта панікаваць. Колькі б ні было самастойных рэспублік, мы не павінны іх асцерагацца. Для нас не самае важнае, дзе будзе дзяржаўная мяжа. Важней іншае: каб былі павага, дружба, саюз паміж працоўнымі ўсіх нацый для барацьбы супраць буржуазіі любых нацый. Пагэтаму, таварышы Мяснікоў і Калмановіч, адкладзіце абласную партканферэнцыю з задуманым парадкам дня і рыхтуйце Першы з'езд Кампартыі Беларусі, дзе першым пунктам павінна быць гутарка пра абвяшчэнне Савецкай Беларусі...
— Таварыш Ленін,— падняўся Мяснікоў,— Мы, хоць і не згодныя, падпарадкуемся рашэнню ЦК. Але я хачу сказаць пра адзін вельмі валены аспект. Калі будзе Беларусь, то трэба і яе ўрад, яго старшыня. Так склалася, што яшчэ ў лютым асноўныя інтэлектуальныя беларускія сілы засталіся ў акупацыі ў Мінску і ўтварылі контррэвалюцыйную БНР. Значыць, разлічваць на іх мы не мопсам. А тут, у Савецкай Расіі, я не бачу тых, хто можа ўвайсці ва ўрад, тым больш — узначаліць яго...