Чуючы гэта, Жылуновіч не вытрываў:
— Калі гэта, таварыш Мяснікоў, ваш апошні ар-
гумент супраць таго, каб абвяшчаць Беларусь, то ён вельмі ж надуманы і несумленны,— рэзка сказаў.— Паверце, і я, калі будзе згода ЦК, Савецкага ўрада, здолею сфарміраваць беларускі ўрад. І з інтэлектуальных таварышаў, сапраўдных камуністаў. Так што яшчэ можам падумаць, ці ўключаць туды вас.
Ленін усміхнуўся; Мяснікоў хутка перавёў разгублены позірк на Сталіна, але той зноў апусціў галаву і зноў штосьці маляваў у сваім блакноціку.
— Я думаю, таварыш Мяснікоў,— сказаў Ленін,— беларусы вас не пакрыўдзяць, прымуць на парытэтных пачатках — у Кампартыю і ва ўрад Беларусі. Так, таварыш Жылуновіч?
— Мы не супраць парытэтнага пачатку.
— Добра,— усцешыўся Ленін.— Гэта — вельмі важныя ўмовы для ўтварэння Савецкай Беларусі. ЦК і Саўнарком якраз за іх. Дарэчы, таварыш Жылуновіч, у якіх межах вы бачыце сваю рэспубліку?
— Нашы гісторыкі і моваведы, таварыш Ленін, вызначаюць, што беларусы жывуць да Чарнігава, да Брэста на поўдні, да Беластока і Вільні на захадзе, у Латгаліі, на Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай землях на ўсходзе...
— Аж да Масквы! — пакпіў Мяснікоў.
Сталін, якому яны ўжо гаварылі пра гэта і не толькі пра гэта, нібы нічога не чуў і ні на што не зважаў. Быццам скідваў з сябе ўсё на плечы Леніну ці чакаў ад яго загаднага слова. А то, здаецца, усім выглядам паказваў сваю стомленасць, а то і не такую ўжо вялікую важнасць таго, пра што тут гаварылі.
— Мы цвёрда лічым, таварыш Ленін: у Беларусь найперш павінны ўвайсці Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні, беларускія паветы Віленскай і Ковенскай ды заходнія паветы Смаленскай са сталіцаю ў Мінску,— не зважаючы на пачуты кпін апанента, дадаў Жылуновіч.
— Іосіф Вісарыёнавіч,— зірнуў Ленін на Сталіна,— я вас прашу: вельмі асцярожна, тактоўна і на павуковай глебе падыдзіце да фарміравання ўрада Беларусі, вызначэння яе меж. Бо, прадбачу, часамі нават з-за адной нейкай воласці можа ўспыхнуць сыр-бор паміне маладымі рэспублікамі. Вы, таварыш Жылуновіч, таксама, калі ласка, праявіце тут цвярозасць і розум. Бо, адчуваю, сапраўды якраз вам як камісару Белнацкома, віднаму грамадскаму і культурнаму дзеячу, прыйдзецца рыхтаваць маніфесты да свайго народа, фарміраваць і, відаць, узначаліць беларускі ўрад. Калі, канечне, гэтае наша прадбачанне супадзе з думкай камуністаў на Першым з'ездзе Кампартыі Беларусі.
Ленін падняўся, выйшаў з-за стала.
— Хачу спадзявацца, таварышы, што вы пераадолееце чыста чалавечыя непаразуменні, будзеце дружна працаваць дзеля такой важнай справы, як утварэнне новай савецкай рэспублікі,— сказаў падаючы кожнаму руку. А калі падаў Сталіну, дадаў некалькі слоў і яму: — Іосіф Вісарыёнавіч, яшчэ раз папрашу: прасачыце, каб усё было як след.
— Ёсць, Уладзімір Ільіч,— пачціва прамовіў, усміхнуўся той.— Не хвалюйцеся. Падыдзем да ўсяго гэтага вельмі сур'ёзна і адказна.
Калі выйшлі з ленінскай прыёмнай і ішлі па калідоры, задаволены, нават шчаслівы як ніколі, Жылуновіч нібы падляцеў да Сталіна:
— Дык калі, таварыш Сталін, пачнём работу?
І тут жа асекся. Сталін паволі павярнуў да яго галаву і холадна, непрыступна, як кажуць, стаўляючы на сваё месца, працадзіў скрозь зубы:
— Чакайце. Вам пазвоняць.
І пайшоў з Мясніковым і Калмановічам.
Ледзь толькі Жылуновіч, перакінуўшыся словам-другім з Чарвяковым пра сустрэчы ў ЦК, пра прыём у Леніна, вярнуўся ў свой рабочы пакой у Белнацкоме, як яму сапраўды пазванілі з Наркамнаца.
— Таварыш Жылуновіч,— сказаў яму Сталін.— Прыходзіць сёння не трэба. Рыхтуйце спіс беларускага ўрада. Заўтра-паслязаўтра мы паклічам вас.
— Добра,— адказаў ён і адразу ж пачаў абзвоньваць, склікаць калег з калегіі Белнацкома, Цэнтральнага бюро беларускіх камсекцый і Маскоўскай беларускай секцыі РКП (б).
6.
Паклікалі яго да Сталіна назаўтра. Сёння той, пастрыжаны, у белым кіцелі з радком карычневых гузікаў пасярод і па гузіку на шырокіх нагрудных кішэньках, выглядаў молада і жвава.
— Прынеслі спіс свайго ўрада?
— Прынёс. Учора тры гадзіны засядалі і выбіралі з 70 чалавек...
Сталін, уведаўшы, што яны не пераспрачаліся, зрабілі ўсё хутка і ў згодзе, не захацеў слухаць пра ўсе для іх важныя, а для яго лішнія падрабязнасці: