— Калі ласка, спіс.
Жылуновіч падаў.
Сталін, жмурачыся ад дыму, яшчэ болей звузіў вочы, і на яго, можна сказаць, непрывабным твары яшчэ болей абазначыліся паўмангольскія рысы.
Сталін. Міхаіл Фаміч Драка-Дракон — нарком па ваенных справах. Чуў. Мільгала прозвішча ў вашых, белнацкомаўскіх, справаздачах.
Жылуновіч. Драка-Дракон — паліткамісар 1-га беларускага Полацкага палка Заходняй стралковай дывізіі, таварыш Сталін. Адданы...
Сталін (не даслухаў, перапыніў). Іосіф Сцяпанавіч Няцецкі — нарком шляхоў зносін. Таксама трапляла на вочы гэтае імя.
Жылуновіч (уражаны, што нарком Наркамнаца мае ўчэпістую памяць, але цяпер вядзе нейкую адмысловую гульню). Загадчык аддзела друку Вікжэдора і старшыня чыгуначнага саюза Палескіх чыгунак.
Сталін. Якаў Аляксеевіч Рыбак — нарком коштаў і тэлеграфаў. Помню прозвішча, але не ведаю, што за чалавек.
Жылуновіч. Механік Маскоўскага галоўпаштампа.
С т а л і н (ухмыльнуўся). У Маскве — механік, а ў вас — нарком... Вось што значыць свая рэспубліка!
Жылуновіч (стрымана, але смела). Рабоча-сялянская рэспубліка! Не ў прыклад цэнтральнаму ўраду ў нас будзе шмат рабочых і выхадцаў з вёскі.
Сталін (уздрыгнуўшы ад ягонай папраўкі, як ад удару токам). Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў — нарком асветы. Гэтага ведаю, сустракаліся, размаўлялі... Ён на сваім месцы. Восіп (Язэп) Лявонавіч Дыла — нарком фінансаў. Чуў. Ён адзін час узначальваў ваш Цэнтральны бежанскі камітэт.
Жылуновіч. А так ён — загадчык мануфактурнага аддзела Цэнтрсаюза.
С т а л і н. а) Іваноў, б) Іосіф Васільевіч Лагун — нарком унутраных спраў. Чаму таварыш Іваноў без імя і імя па бацьку?
Ж ы л у и о в і ч. Паколькі ён у Смаленску, дык мы не ведаем яго імя і імя па бацьку. Мы яшчэ ў двух выпадках вылучаем двух на адну пасаду.
Сталін. Фабіян Гіляравіч Шантыр — нарком юстыцыі. (Пасля паўзы, марудна, ледзь не па складах). Наколькі я помню, таварыш Усціловіч ў свой час скардзіўся мне на яго: ён не наладзіў як след сувязі паміж Белнацкомам і Паўночна-заходнім камітэтам РКП (б) ды Аблвыкамзахам. Нават больш — пакінуў Смаленск і паехаў у сваю вёску.
Жылуновіч. Мы пасля ўведалі: ён не столькі сам з'ехаў, як яго змусілі з'ехаць... Але ён не адышоў ад грамадскай дзейнасці, цяпер зноў у Смаленску, у Чырвонай Арміі.
Сталін. Аляксандр Іванавіч Квачанюк — парком замежных спраў (прачытаў і замаўчаў. Можа, і не сустракаў нідзе гэтага прозвішча).
Жылуновіч. Ён — ад Мінскай беларускай секцыі РКП (б).
Сталін, а) Рэйнгольд, б) Мікіта Васільевіч Галасной — нарком прамысловасці і гандлю. Што ''(усміхнуўся) — ушаноўваеце Рэйнгольда за тое, што пайшоў насуперак Мяснікову і падтрымлівае вас?
Жылуновіч. ...І яшчэ ўлічваем тое, што ён — старшыня Мінскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта.
Сталін. Іларыён Ісаевіч Пузыроў — нарком працы. Гэты з Тамбова?
Жылуновіч. Але. Старшыня Тамбоўскага павятовага камітэта РКП (б).
Сталін. Зміцер Сілыч Чарнушэвіч — нарком харчавання. Чуў. Ваш калега па Белнацкоме і зямляк. Так?
Жылуновіч. Так.
Сталін (з кпінам). Значыць, зямляк будзе забяспечваць вам стол?
Жылуновіч. ...І народу.
Сталін (раздражнёна). Ігнат Мікалаевіч Мазур — нарком земляробства. Гэты таксама з Белнацкома, друг?
Жылуновіч. Вясковец, добра ведае сялянскія клопаты, адукаваны, барацьбіт за Савецкую ўладу.
Сталін. Усевалад Сцяпанавіч Фальскі — нарком сацыяльнага забеспячэння і аховы здароўя (ажывіўся). Блытаўся з вашымі нацыяналістамі?
Жылуновіч. Мы яго ведаем як загадчыка прытулкаў былога камітэта Усерасійскага земскага саюза Заходняга фронту, які памагаў выжыць дзесяткам тысяч абяздоленых людзей, а таксама ён вядомы як акцёр, тэатральны дзеяч і здатны на чулае, душэўнае слова. Гэтыя якасці — цяпер тое ж лекарства.
Сталін. Зміцер Хведаравіч Жылуновіч — нарком па справах нацыянальнасцяў. Значыць, мой калега і падначалены. А) Найдзянкоў, б) Ігнат Вікенцьевіч Зыбко — нарком дзяржкантролю. Ведаю. Першы — член Аблвыкамзаха, а другі — сакратар Вярхоўнага Трыбунала. Жылуновіч — старшыня Саўнаркома Беларускай Сацыялістычнай Рабоча-сялянскай Савецкай Рэспублікі.
Жылуновіч. Мяне вылучылі большасцю галасоў тайным галасаваннем.
Сталін (нібы не чуючы). Спіс ёсць, урад можа быць, але слана ці нават сланоў вы не прыкмецілі...
Жылуновіч. Не згодзен, таварыш Сталін. Мы вылучылі адных з самых аўтарытэтных і адданых новай уладзе нашых таварышаў, а таксама людзей са Смаленска, Тамбова і Мінска.
Сталін (рэзка). А дзе Мяснікоў, Калмановіч, Кнорын, Алібегаў і іншыя, як вы кажаце, смаленцы?
Ж ы л у н о в і ч. Той-сёй з іх трапіць у кіруючае ядро Кампартыі Беларусі, а без паслуг таго-сяго мы можам і лёгка абысціся альбо можам спажыць іх на іншых пасадах. Паверце, таварыш Сталін, мы, кажу, усё добра ўзважвалі, падабралі сур'ёзных людзей, якія будуць на сваім месцы. Ведаючы характар, патрэбы беларускай вёскі, спецыфіку нашых гарадоў, маючы адпаведныя веды, вопыт, палітычна-класавую загартоўку, ніхто з іх не будзе чужы народу.