— Трэба...
Еўзікаў пакрывіўся, але, бачачы, што пагоні не відаць, моўчкі падаўся назад, да распластанага генерала.
— Радыкуліт, спадары,— паскардзіўся той i адчайна заенчыў, калі яны моўчкі пачалі падымаць яго.— Кідайце, ратуйцеся самі. Вы маладыя, вы трэба справе, а я...
— Ідзіце праз сілу, генерал,— сказаў Лашковіч, кладучы Петрыкевічаву цяжкую руку сабе на карак.— Вам таксама трэба жыць, змагацца, а не спяшыць на плаху...
Яны сілай павалаклі генерала, кіруючыся да Траецкага прадмесця, дзе была адна з іхніх падпольных явак.
Былая Губернатарская вуліца (як казалі, цяпер ужо імя Маркса), блізкая Саборная плошча (па-новаму плошча Свабоды), былі ажыўленыя — імчалі да вакзала сані з жанчынамі, з дзецьмі i клункамі, ішлі строем вайскоўцы, купкамі — цывільныя. Хоць на ix, збеглых з турмы, у гэтай сумятні ніхто не зважаў, яны, выскачыўшы на рог плошчы i вуліцы, паасцерагаліся вытыркацца, абачліва пачалі ціснуцца да сцяны. A калі згледзелі, што няма варты, адчыненыя дзверы ў былым губернатарскім доме, дзе летась увосень размяшчаліся Беларуская вайсковая цэнтральная рада i Вялікая Беларуская рада, а пасля ix разгону — Саўнарком, хуценька шмыгнулі туды.
Дзверы за сабою зачынілі. Павалаклі зусім ужо ацяжэлага генерала па лесвіцы — на ёй, як далей i на калідоры, было процьма параскіданых папер: ясна, што саўнаркомаўцы нядаўна вельмі спешна пакідалі будынак.
У былой сваёй канцылярыі запыніліся, апусцілі абвялага генерала на адно з уцалелых крэсел, што стаяла ў кутку, a самі кінуліся да акна з выбітымі шыбамі i з сарванай фіранкаю, пазіраючы на Саборную плошчу: па ёй цёк i цёк людскі ручэй.
— Даюць драла бальшавічкі i іхнія прыслужнікі,— праз зубы сказаў Еўзікаў.— Не паспеўшы як след справіць ведзьмін баль...
Лашковіч змаўчаў: у гэтую хвіліну падумаў пра Васілевіча i Нямкевіча. Што — тыя, прыгрэўшыся каля Саветаў, таксама сыходзяць з імі? Разумныя ж, шчырыя, бітыя хлопцы, а, бач, гэтак паверылі пераможцам-дэмагогам i дэспатам! Як ні адгаворваў, усё роўна пайшлі служыць тым, хто на словах спачувае, шмат дакляроўвае, а на справе душыць неміласэрна!
— Што рабіць, дзядзька Максім? — паважна, як i трэба маладзейшаму, запытаў у яго Еўзікаў.
— Ужо апамятаўся, аддыхаўся? — усміхнуўся ён.
— Няма калі цацкацца з сабою, трэба не траціць ні хвіліны,— адказаў той.
— Вайсковы, дык добра адчуваеш сітуацыю,— прамовіў Лашковіч.— Сапраўды, не варта драмаць, выпускаць тое, што само ідзе ў рукі.
Ёўзікаў слухаў з павагаю i паслухмянасцю, чакаў парады ўжо сталага палітыка.
— Ты, Язэп, заставайся тут,— наказаў Лашковіч.— Пастарайся ўтрымаць гэты будынак,— гаварыў, а заадно i на хаду думаў-разважаў, што i як paбіць ім далей.— Трэба зноў асталявацца якраз тут. Значыць, будзь з гэтай хвіліны новым гарадскім камендантам.
— Ёсць! — казырнуў Еўзікаў. У знак згоды з ім, старэйшым i ветэранам руху.
— Ну, а я пабягу клікаць з падполля з'ездаўскую Раду, падымаць нашы баявыя дружыны — ўлада ў Мінску цяпер сама просіцца да нас...
6.
Ландар стомлена прысеў за свой старшынёўскі стол. Замаўчаў. Сцяў вусны i Мяснікоў, толькi нервова паходжваў па кабінеце.
Абодвум было цяжка. I адзін, старшыня Мінскага Савета, i другі, старшыня Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП (б), камандуючы Заходнім фронтам i старшыня Аблвыкамзаха, да самага аношняга часу былі тут вельмі ўплывовыя людзі, нямала зрабілі для новага вобліку краю i Мінска, а вось цяпер на вачах трацілі моц i сілу, станавіліся звычайнымі савецкімі служачымі, якім не варта ўжо заставацца ў Мінску ні на дзень.
Зазваніў тэлефон.
Ландар, папраўляючы накінутае на плечы пальто, тут жа ўзяў трубку, нібы адрачона прыклаў яе да вуха: цяпер тое, што гаварылі яму, ці тое, што казаў ён некаму, было толькі яшчэ адною навіною, але вялікай важкасці ўжо не мела. Многае ўжо ішло-кацілася па волі лёсу i сітуацыі, што ўзнікала з-за нечай вышэйшай волі.
— Таварыш старшыня,— як адчулася, вельмі ўсхвалявана загаварыў начальнік аддзела па барацьбе з контррэвалюцыяй i сабатажам.— Горад становіцца бескантрольны! На вуліцы вывальваюць спекулянты i гандляры, чые правы мы ўрэзалі, усякія цёмныя людзі, рабаўнікі, ворагі Савецкай улады. Гэтая пошасць нацкоўвае абывацеляў супраць нас, пачынае рабаваць крамы, асабліва яўрэйскія, нападае на міліцыянераў, на іншых савецкіх служачых...
— Ужывайце тыя правы, што маеце! — незадаволена, нават нязвыкла для сябе груба сказаў Ландар.
— Таварыш старшыня, мы ўжо не можам утаймаваць стыхію,— адчаіўся той.
— Дык якое, па-вашаму, выйсце?