— Выбачайце,— па-руску загаварыў Жылуновіч.— Партканферэнцыя пачалася ўжо?
— Пачынаецца,— буркнуў чарнявы, які сеў спераду.
— Дык чаго мы так марудна цягнемся? — здзівіўся ён, а пасля дакрануўся рукою да шафёравага пляча.— Таварыш, калі ласка, паехалі хутчэй!
Шафёр — у каноніку, у белай папасе — не азірнуўся і хуткасці не дадаў. Чарнявы ў скураным паліто таксама не пазважаў на яго просьбу. Іхняя гэтая алімпійская непарушнасць выбівала з раўнавагі, але што зробіш — не спыніш жа машыну і не пабяжыш.
Неўзабаве пад'ехалі, як убачыў праз прахуканую дзірачку, да невялікай двухпавярховай камяніцы.
Чарнявец шпарка вылез з легкавіка першы, адчыніў ім дзверцы.
— Прашу.
— Тут — партканферэнцыя?— са здзіўленнем запытаў у яго Жылуновіч.
— Не. Тут — рэгістрацыя.
Прамовіў і падаўся ў будыніну, яны — за ім. Прайшлі трохі па цёмным і халодным калідоры, а пасля чарнявы адступіў і адчыніў перад імі дзверы. Яны ўвайшлі ў невялікі паўпадвальны пакой, дзе стаялі два старыя дубовыя сталы, каля іх — старыя крэслы, а адзінае акно было загачанае.
Яны недаўменна перазірнуліся (нідзе ні папер, ні людзей) і, як па камандзе, павярнуліся да суправаджаючага — той у гэтую хвіліну хляпнуў дзвярыма, пакінуўшы іх тут адных, а пасля, як чуваць было, шчоўкнуў замком. Жылуновіч хуценька падышоў і тузнуў за клямку — так, іх замкнулі. Наваліўся плечуком — дзверы трывалыя, не выламіш.
— Што гэта? — разгублена запытаў ён у Дылы.
Той паціснуў плячыма, а пасля, апамятаўшыся, прамовіў:
— Здаецца, нас зняволілі, Зміцер.
— Хто? — запегадаваў ён.— І па якім праве?
Адчуў з трывогаю: вось і пачынаюць спраўджвацца яго трывожныя прадчуванні. Але якія! Самыя неверагодныя! Чаго-чаго, а вось такога ён не чакаў! Але чаму не сустрэў іх Лагун?
Грукнуў раз-другі кулаком па дзвярах.
— Не трэба бузіць! — пачуўся з калідора голас чарнявага.— Лепш адпачніце з дарогі.
Што ж, усё ясна. Іх пратрымаюць тут, рошаць усё самі, а на іх скажуць: прагулялі. І нічога не дакалаці. Ні тут, ні ў Маскве ў Наркамнаце. Будзеш толькі вінаваты. Без віны.
Падышоў, зняможана сеў на крэсла.
«Што рабіць? Дзе выйсце з новага тупіка?»
— Слухай, трэба перадаць запіску,— бачачы яго адчай, ажывіўся Дыла.
— Кім? — паныла запытаў.— І каму?
— Каму перадаць — ясна. Леніну, і толькі Леніну.
Жылуновіч падхапіўся.
— Грошы ёсць?
— Крыху ёсць.
— Давай усе,— сказаў і сам дастаў кашалёк, пачаў вытрасаць з яго рублёўкі і капейкі. А пасля хутка выцягнуў з унутранай кішэні пінжака блакнот, моўчкі вырваў лісток і хутка напісаў запіску знаёмаму, якога яны нядаўна прыслалі сюды ад Белнацкома па сваіх клопатах — расказаў, што з імі, і папрасіў тэрмінова затэлеграмаваць Леніну. Пасля паперку з гэтым запісам усунуў у адну сваю рукавіцу, грошы — у другую. Сюды ж паклаў і паперку з хатнім адрасам свайго знаёмага.
Затым падышоў да акна і замёр — чакаў, калі ўбачыць ногі якога-небудзь прахожага. Неўзабаве ўгледзеў: спачатку — жаночыя чаравічкі, пасля — хромавыя боты, але гаспадароў гэтага абутку не зачапіў. Ненадзейныя. Пасля, калі ўбачыў паношаныя мужчынскія чаравікі з абмоткамі, загадаў Дылу, каб той моцна затупаў нагамі, а сам у гэты час прасунуў руку між кратаў, рукавіцай з грашыма выбіў шкло ў невялікай рамцы і кінуў туды, на тратуар сваю прыманку.
Прахожы сапраўды запыніўся, падабраў нечаканую для сябе знаходку, нагнуўся: гэта быў падлетак гадоў пятнаццаці ў ватовачцы і шапцы-аблавушцы. Рыжы, са светлым пушком на шчоках і пад задзёртым носам.
— Дружа,— мякка, з ноткамі просьбы сказаў яму Жылуновіч.— У адной рукавіцы — грошы. Гэта табе. У другой — запіска майму сябру. Аднясі яе яму, калі ласка.
— Буржуй? — насцярожана запытаў той.
— Не, браце. Рабочы.— Узмаліўся: — Я па вачах тваіх бачу: ты — чэсны хлопчык. Бяжы, харошы мой. Дарагая кожная хвіліна...
Пасля, калі падлетак знік, Жылуновіч узбуджана хадзіў па пакоі; Дыла сядзеў і маўчаў. Абодва то верылі, што выпадковы малец па-чалавечаму зміласцівіцца, пашкадуе іх, то трацілі на гэта ўсякую надзею: Яго Вялікасць Выпадак ёсць усё ж выпадак!
Праз гадзіны тры дзверы адчыніліся. У пакой рашуча зайшоў малады мужчына ў дыхтоўным афіцэрскім шынялі і папасе, падперазаны рамянямі, з сумкай-планшэткай і наганам. Услед за ім ступіў Лагун. У салдацкім шынялі і шапцы.
Незнаёмец мільгнуў на іх шэрымі вачыма, рэзка падняў галаву і ўставіўся на выбітую шыбіну ў акне. Пасля нібы апомніўся, казырнуў:
— Я от комиссара внутренних дел,— прамовіў выразна, па-вайсковаму.— Вышло досадное недоразумение. Вы дожны срочно быть на партконференции.