Выбрать главу

— ЦК, як бачыце, лічыць іначай. А лінія яго, напомню, абавязковая для нас.

Хлопец замяўся, а пасля сеў, паціснуў плячыма.

— Ёсць іншыя думкі? Не? — запытаў у залы Мяснікоў.— Тады галасуем. Хто за тое, каб зацвердзіць вышэйназваную рэзалюцыю?

Амаль усе ў зале ўскінулі рукі.

— Хто «супраць»?

Ніхто.

— Хто ўстрымаўся?

Адзін, два... пяць чалавек.

— Такім чынам, таварышы, мы перайменоўваем Заходнюю камуну ў Беларускую Сацыялістычную Рэспубліку...

У зале запляскалі. І даволі дружна.

— Трэба, таварышы, вызначыць межы Беларусі,— вёў далей Мяснікоў,— Ёсць думка ўключыць у склад Савецкай Беларусі тыя землі, дзе найбольш выяўлены беларускі элемент. Так лічаць і ў ЦК, за

тое і таварыш Сталін. Як мы ведаем, і нашы беларускія таварышы згодныя, што ў межах рэспублікі павінны быць Мінская, Гродненская, Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. А іх варта падзяліць на 7 раёнаў і 53 падраёны. Якая ваша думка, таварышы? Згодны?

Зацвердзілі.

— Ну, а цяпер, таварыш Жылуновіч,— нахіліўся і ціха сказаў яму Мяснікоў,— час абнародаваць Маніфест. Калі ласка бярыце слова.

— Паспеем,— таксама ціха адказаў ён.— Трэба яшчэ закончыць усе працэдуры: зацвердзіць партканферэнцыю Першым з'ездам Кампартыі Беларусі, выбраць яе Цэнтральнае Бюро, узгадніць спіс урада. Пасля ўжо ўрачыста аб'явім Маніхвэст.

Мяснікоў рэзка, нібы ад агню, адхіснуўся.

— Далей,— сказаў. Узбуджана, строга.— З усяго гэтага вынікае, што сённяшнюю нашу партканферэнцыю трэба перайменаваць у Першы з'езд Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі. Хто за гэта, прашу галасаваць.

А калі прагаласавалі, дадаў:

— Каб кончыць усе працэдурныя аспекты і перайсці да другога пункта парадка дня нашай партканферэнцыі...— Усміхнуўся.— Выбачайце, каб перайсці да другога пункта нашага з'езда і працаваць ужо як рэспубліканскі форум, нам трэба абраць Цэнтральнае Бюро — вышэйшы партыйны орган у рэспубліцы. Мы, параіўшыся ў ЦК, з таварышам Сталіным, а таксама з нашымі таварышамі, раім такія кандыдатуры: Кнорын, Найдзёнкаў, Пікель, Рэйнгольд, Іваноў, Пярно, Собалеў, Лагун, Селязнёў, Алібегаў, Калмановіч, Андрэеў, Жылуновіч, Яркін, Мяснікоў.

Жылуновіч адчуў: цямнее ў вачах. Што гэта? Толькі двое, ён і Лагун, ад Беларускіх камсекцый у ЦБ Кампартыі Беларусі? Яны ж у ЦК, са Сталіным дамовіліся, што іх і смаленцаў тут будзе пароўну!

А Мяснікоў яшчэ болей аглушыў яго:

— У склад Прэзідыума ЦБ КП(б)Б прапануюцца: Мяснікоў — старшыня, Калмановіч — намеснік, Кнорын — сакратар.

Дрыготкімі рукамі Жылуновіч хуценька знайшоў у сваёй папцы патрэбны лісток і рэзка падхапіўся. Стаў побач з Мясніковым. Абодва амаль аднаго росту. Толькі Мяснікоў больш плячысты.

— Пачакайце,— заапеляваў Жылуновіч да залы.— Таварыш Мяснікоў штосьці блытае. Вось тут у мяне спіс кандыдатаў у ЦБ КП(б)Б, прагледжаны наркомам па нацыянальных справах. У ім — парытэт паміж камуністамі абкома і Белкамсекцый.

— А ў мяне, таварышы, спіс, напісаны рукою таварыша Сталіна,— спакойна, з пераможнаю ўсмешкай адпарыраваў Мяснікоў, падняў угору руку з паперынаю і патрос ёю.— Як бачыце, у яго трапілі найбольш аўтарытэтныя камуністы, якія ўжо зрабілі шмат для рэвалюцыі, для Савецкай улады...

— Гэта... гэта...— аж задыхнуўся ад узбудяеэння Жылуновіч, — У мяне не хапае слоў для абурэння...

— Ну што ж,— зусім не разгубіўся Мяснікоў.— Абурайцеся, калі маеце такія вялікія амбіцыі!

— Вось цяпер я добра разумею, чаму Сталін гаварыў з вамі і з намі паасобку...— пахітаў галавою Жылуновіч.— Як цяпер і разумею пункт VI з «Умоў». Ваш абком толькі пераўтвараецца ў Кампартыю Беларусі, а на справе захоўвае і сваю ўладу, і свой змест... Вы ж далей і на гэтым з'ездзе будзеце працаваць па сваёй ранейшай праграме...— І да залы: — Я прашу вас, таварышы: не дапусціце несправядлівасці. Нашых і вашых камуністаў павінна быць у ЦБ толькі пароўну. І беларускую Кампартыю павінен узначаліць карэнны чалавек.

— Няма ні «вашых», ні «нашых» камуністаў, таварыш Жылуновіч,— упэўнена перабіў яго Мяснікоў.— Ёсць камуніст і не. камуніст, незалежна ад таго, якой ён нацыянальнасці, дзе жыве і працуе...

Калі пачалі галасаваць, Жылуновіч нічога не дабіўся. У ЦБ КП(б)Б трапілі толькі двое з Белкамсекцый — ён і Лагун.

3.

— На пасяджэнне ЦБ я не пайду...— гнеўна выдыхнуў Жылуновіч, узбуджана ходзячы туды-сюды па пакоі.— Ці буду даваць тэлеграмы ў Маскву ва ўсе інстанцыі, ці складваю з сябе ўсё...

Клыш, Ханін і Лагун, якія як дэлегаты партканферэнцыі прыехалі раней, а таксама Дыла, паніклыя, хмурныя, сядзелі моўчкі. Яны добра разумелі яго, але нічым не маглі памагчы. Кожны з іх нават не мог зрабіць тое, што было па сіле яму.