Выбрать главу

— Трэба як мага хутчэй пакідаць горад.

— Гэта мы ведаем i без вас,— ужо мякчэй прамовіў Ландар.— Карацей, прасачыце, каб мы не пакінулі тут казну i галоўныя нашы дакументы.

— A якія новыя ўказанні па эвакуацыі нашых служачых?

— Паўтараю вам: мы эвакуіруем тых, каму найперш пагражае расправа. Астатнія таварышы няхай сваім ходам кіруюцца на Смаленск. Між намі кажучы, гэткім чынам будзе выбірацца з Мінска нават штаб фронту...

Ці то разгублены, ці то засмучаны начальнік аддзела заціх; Ландар не стаў чакаць, чым яшчэ ён занепакоіць, паклаў трубку. Якраз у гэтую хвіліну ў кабінет шпарка зайшоў камендант Савета, спакойна, але напружана сказаў іншую навіну:

— Таварышы, польскія легіянеры разбілі наш атрад пад Асіповічамі i ва ўвесь дух пруць сюды, а немцы падыходзяць да Заслаўя... I яшчэ...

— Што «яшчэ»? — запыніўся, рэзка запытаў Мяснікоў. Закусіў ніжнюю губу, здаецца, аж да крыві.

— Толькі што пазваніў Клёнаў: у астрогу — мяцеж, раззброена варта,— па-ранейшаму нібы непарушна, але ўзрушана дакладваў камендант.— Збеглі верхаводы Беларускай вайсковай рады, арыштаваныя легіянеры Доўбар-Мусніцкага, а таксама крымінальнікі. А гэта азначае, таварышы, што хутка хаос у горадзе будзе накіраваны супраць нас...

— Ну, такую тваю! — вылаяўся Мяснікоў, махнуў у паветры кулаком.— Як маглі выпусціць нацыяналістаў i доўбарчыкаў?! Расстраляць мала за такое разявак!

— Мы, таварыш Пятроў, можам накухталяць збеглых? — запытаў у каменданта Ландар.

— На жаль, не,— развёў рукі той.— Вайсдорф сабраў усяго 200 надзейных чырвонаармейцаў. Калі мы пашлём хоць чвэртку на пошукі i пакаранне, то, па-першае, няма надзеі, што яны справяцца з тымі, а па-другое, я не магу запэўніць, што аслаблымі сіламі мы ўтрымаем станцыю, свой цягнік...

— А трэба было б даць сволачам напаследак у зубы! — пашкадаваў Мяснікоў, кончыкамі пальцаў тручы лоб. Відаць, балела галава ад апошніх бяссонных начэй. Калі зноў зазваніў тэлефон, нечакана кінуўся, падняў трубку. Паслухаўшы крыху, ажывіўся: — Ну, што добрае скажаш, Майсей Іосіфавіч?

Значыць, званіў Калмановіч — новы старшыня Саўнаркома Заходняй вобласці i фронту.

Пасля, калі той ці штосьці расказаў, ці спытаў, з пахмурным жартам прамовіў:

— Кінь усё гэта, Майсей! Едзь на вакзал. Будзем даваць лататы, пакуль нас не захапілі i не здалі Доўбар-Мусніцкаму ці немцам.

7.

Лашковіч пашыбаваў у горад падымаць на ногі сваіх; Петрыкевіч, стогнучы, нават падвываючы ад радыкулітнага болю, як яго апусцілі, так i сядзеў зняможана ў кутку канцылярыі, a Еўзікаў, каб не пакутаваць ад марудлівага чакання, а заадно і супакоіцца, падумаць, што i як рабіць, пачаў прагульвацца па былым губернатарскім доме.

Шпацыруючы, вось зайшоў у былы губернатарскі кабінет — гэты вялікі, цяпер з голымі сценамі пакой быў засмечаны звыш меры. Падбіваючы ботамі згрувашчаныя на падлозе кіпы папер, газет i плакатаў, Еўзікаў пайшоў да шырокага стала, што ляпіўся ў капцы пакоя, на хаду падняў паваленае i кімсьці парэзанае нажом крэсла, рассунуў нагамі хлам, паставіў крэсла на жоўты паркет i апусціўся — якраз сюды, на стол з паперамі, на тэлефон, на яго самога свяціла з двара няяркае, слабое ад лютаўскага марозу, але тут, у пакоі, цёплае перадвячэрняе сонца. У яго залацістых промнях закружылася-затанцавала, можа, i мільён дробненькіх пылінак.

Ён міжволі ўзяў трубку — тэлефон, здаецца, працаваў. Ён аж разгубіўся: куды i каму пазваніць, калі зараз пачуе голас тэлефаністкі? Пагэтаму не стаў чакаць запытальнага голасу, паклаў прыгожую бела-жоўтую трубку на жалезныя бліскучыя рычажкі.

Дзіва, падумаў, што толькі не бывае на свеце! Яшчэ нядаўна, год назад, тут важна сядзеў губернатар, пазней атабарваліся ўстановы Часовага ўрада, Саветаў, а вось цяпер сеў за гэты стол ён — сын сялян Еўдакіі i Сцяпана Еўзікавых з вёскі Пячкоўка Мсціслаўскага павета, капітан рускай арміі, адзін з кіраўнікоў цяпер падпольнай Беларускай цэнтральнай вайсковай рады, i яму, як сказаў Лашковіч, адзін з кіраўнікоў Вялікай Беларускай рады i адзін з членаў прэзідыума снежаньскага Беларускага з'езда, трэба рыхтавацца стаць новым гарадскім камендандам.

Камендант дык камендант! Hi людзей, ні зброі, ні нават машынкі i машыністкі, каб надрукаваць загад, што якраз ён цяпер павінен стаць гаспадаром горада. Міжволі яго вочы апусціліся на падлогу — у кутку ў папяровым звале тырчаў чырвоны тоўсты аловак. Ён падняў яго — дзюбкі не было. Нічога, i гэта ўжо добра, што ёсць чым пісаць.

Раскусіў аловак, вызваліў таўставатую чырвоную сарцавіну, затым перабраў на стале паперы, знайшоў чысты aркушок i пачаў выводзіць: «БЕЛАРУСКАЯ КАМЕНДАТУРА».