Затым, накалупаўшы пазногцем з паламаных крэсел цвічкоў, падабраў з падлогі сухі чарнільны прыбор з тоўстага шкла i шпарка выйшаў на сонечную i, як было ўжо відаць, бязлюдную Саборную плошчу, пачаў прыбіваць да дзвярэй гэтую паперу. Калі адышоўся, каб зводдаль зірнуць на сваю творчасць, дык убачыў: з Багадзельнай вуліцы шпарка вынырнуў гурт цывільных i вайсковых узброеных людзей. Наперадзе, можа, i дваццаці чалавек крочыў маладжавы мужчына ў дыхтоўным чорным паліто i капелюшы, у акулярах. Па меры таго як ён набліжаўся, былі відаць яго даўгаваты нос, тонкія нервовыя вусны i чорныя заліхвацкія вусікі. Абадзінскі. Адзін з тутэйшых польскіх дзеячаў і, як кажуць, блізкі сябра грамадоўца Мухі.
Падышоўшы, Абадзінскі не павітаўся, адразу ўталошўся на вывеску. Хоць гаварыў па-руску, разумеў i беларускую мову, але цяпер запытаў задзірліва па-польску:
— Цо то ест?
— Toe, што вы бачыце,— па-вайсковаму выразна адказаў Еўзікаў.
— Вы — камендант?
— Я.
— Вы што — усур'ёз думаеце перахапіць i ўтрымаць уладу? — ухмыльнуўся Абадзінскі.
— Усур'ёз.
— A колькі ж у вас, пан камендант, узброенай сілы? Полк? Дывізія? Ці яшчэ i больш?
Еўзікаў вытрымаў прыжмураны, калючы позірк Абадзінскага, які, мусіць, меўся таксама атабарыцца ў гэтым доме, што ўжо сам па сабе шмат сімвалізаваў. Абадзінскі ж, бачачы яго ўпартасць, занерваваўся — спачатку дробненька затрымцелі, нават заторгаліся падстрыжаныя вусікі, а пасля ў вачах з'явілася разгубленасць.
— Хто — там? — кіўнуў ён на будынак.
— Генерал Петрыкевіч.
Гэтая навіна добра астудзіла Абадзінскага, ён ужо здаўся: усё ж генерал ёсць генерал. А можа, падумаў, пры генерале нямала i іншых вайскоўцаў.
— Мы, польская вайсковая арганізацыя i польская міліцыя, выйшлі з падполля,— міралюбна патлумачыў.— Мы пастанавілі...— Запнуўся, адчуваючы, што не варта выдаваць свае сакрэты.— Ну, збіраемся захоўваць лад у горадзе...
— Добра,— напружана, але знешне непарушна прамовіў Еўзікаў, — Далучайцеся да нас, да законнай тутэйшай улады. Я хоць цяпер магу залічыць вашых байцоў у склад мінскага гарнізона.
Шляхецкі гонар змусіў Абадзінскага ўстрапянуцца i пыхнуць чырванню: што — халопы не толькі пасягаюць на ўладу, але i клічуць да сябе на службу яго, панскага сына? Вочы яго злосна заззялі, ён увесь напяўся, але, услед за Еўзікавым зірнуўшы на Юр’еўскую, зноў абвяў: адтуль на Саборную плошчу хутка ішлі ўзброеныя вінтоўкамі i кулямётам цывільныя людзі. Убачыўпты ўзброены гурт каля нядаўняй сваёй рэзідэнцыі, мігам скінулі з плечукоў вінтоўкі i наставілі ix рулямі сюды. Еўзікаў уздыхнуў з палёгкаю: спяшалася яму на помач адна з іхніх дагэтуль падпольных баявых дружын.
— Каму быць ва ўладзе ў Мінску i ў краі, заўтра-паслязаўтра рошыць генерал Доўбар-Мусніцкі...— бачачы, што яму непярэліўкі, Абадзінскі пачаў адступаць, але на развітанне пахрабрыўся: — Так што вельмі не зарывайцеся!
— Вы — таксама! — кінуў яму наўздагон Еўзікаў.
Праз хвіліну-другую сюды падышла ўжо іхняя дружына на чале з Адасём Аўторкам — маладым, апранутым за ўсё вайсковае, але без пагонаў чалавекам, членам падпольнага Савета снежаньскага з'езда.
— Што за гусакі? — запытаў, падаючы для прывітання руку.
— Супернікі,— задаволены i ад маленечкай перамогі, паціскаючы руку, адказаў Еўзікаў.
— Ці не Абадзінскі?
— Ён.
— Цяпер у горадзе процьма зброі, дык любая шайка можа ўзброіцца i часова захапіць уладу,— прамовіў Аўторак.— I пачысціць сейфы пакінутых кантор.
— Адпаведна не варта траціць ні хвіліны дарма,— сказаў Еўзікаў, — Вы, Адась, пакіньце мне кулямёт, я з ім паспрабую ўтрымаць гэты дом, а вы бярыце пад свой кантроль пошту, тэлеграф, банкі, вайсковыя склады. Прыйдуць іншыя нашы дружыны — адразу пашлю ix вам на падмогу.
У гэтую хвіліну з-за былога губернатарскага дома вымкнуўся на тратуар малады высозны дзяцюк у валёнках i кажушку. Убачыўшы ix, узброеных, збянтэжыўся, запаволіў крок — здаецца, намерыўся даць драла адсюль.
— Эй, хадзі сюды! — махнуў яму рукою Еўзікаў. A калі той, белабрысы, насаты, з расчырванелымі ад марозу шчокамі, асцярожна падышоў, насцярожана забліскаў шэрымі вачыма, запытаў: — Прозвішча? Прафесія?
— Бутрымовіч,— замямліў дзяцюк.— Качагар.
— Па рыле бачу i па голасе чую: беларус,— усміхнуўся Еўзікаў.— Дык вось што, зямляча: я — новы гарадскі камендант i начальнік гарнізона.— Павысіў голас.— Загадваю: тут жа ўступіць у народную армію i абараняць Бацькаўшчыну.— А пасля старшему дружыны: — Выдайце яму, спадар Аўторак, рэвальвер i бярыце з сабою. Калі будзе парушаць дысцыпліну альбо спрабаваць дэзерніраваць, расстрэльвайце на месцы. Словам, смялей далучайце да сябе насельнікаў. Не толькі мы для ix, але няхай i самі для сябе робяць тое, што трэба.