Выбрать главу

Баравік i яго прыхільнікі дабіваліся, каб ва ўрадзе было як мага болей тых, хто «жыве іхняй справаю», a Аўторак з сябрамі змагаліся, каб далучылася шмат i тых, хто «прадстаўляе ўсе народы i партыі Беларусь.

Некаторыя ветэраны, Скураны, Васілевіч, Нямкевіч, Шуляк i ён, Лашковіч, ва ўрад не трапілі. Хоць Еўзікава, які таксама ў гэты час быў зняволены, увялі завочна. Як баявога афіцэра, без якога не абысціся ў такі напружаны час. Праўда, калі ён, Лашковіч, заявіўся тут, то адразу пачулася некалькі галасоў, каб кааптаваць i яго. Ды ён замахаў рукамі: не трэба мне такой пашаноты, абыдуся, а вось вы менш дзяліце міністэрскія партфелі, а больш думайце, што i як цяпер рабіць, i рабіце!

— Максім кажа праўду,— вось цяпер прамаўляў Янка Аўторак. Чалавек адмысловы: лысы, у вайсковай форме без пагонаў, сухі. «Канавал», як жартавалі некаторыя, маючы па ўвазе яго ветэрынарную прафесію.— Што i як трэба рабіць?

— Варта арыштаваць Мяснікова, Калмановіча, Ландара, Кнорына i ўсіх астатніх пешак,— сказаў Баравік, які намагаўся не саступаць ні ў чым Аўторку.

— Не, няхай з'язджатоць,— нібы сам ад сябе, а на самай справе насуперак суперніку кінуў Аўторак.— Па-першае, у нас не хопіць сілы ўзяць ix цёпленькімі, а па-другое, трэба засяродзіцца на самым галоўным.

Усе змаўчалі, слухалі. Аўторак хацеў сказаць штосьці яшчэ сваім хрыплым голасам, але ў гэты час пачуўся тупат на кухні, а пасля i стук у дзверы.

Неўзабаве, пасля дазволу, сюды зайшоў рослы дзяцюк у валенках i рыжым кажуху. Яго — ужо пры Лашковічу — пасылалі да Еўзікава.

— Ну, што там? — нецярпліва запытаў Аўторак.

— Яны трымаюць губернатараў дом, клічуць туды. Палякі шныраць па ўстановах, шукаючы грошай, чакаюць легіянераў i страшаць, што возьмуць горад у свае рукі. Камісары i іхнія сем'і збіраюцца на вакзале. Станцыю абараняюць з усіх бакоў сваімі вернымі салдатамі.

— Дзякуй, браце,— матлянуў галавою Аўторак. A калі той выйшаў, дадаў: — Ну, што ж, спадары, прыйшоў час зноў выйсці на святло. Хадзем законна займаць былы губернатарскі дом i кіраваць ужо адтуль. Так вам загадвае сам лёс. Па дарозе i ўжо ў Народным сакратарыяце пакумекаем, як но настроіць супраць, але i стрымаць легіянераў, як правесці камісараў...

Разам з усімі падняўся i Лашковіч, збіраючыся таксама ісці на былую Саборную плошчу.

— Заставайся тут у цяпле, Максіме,— зычліва, а можа, каб неўпрыкмет i адхіліць яго ўбок, сказаў Аўторак.— Прымай тут нашых людзей i адсылай да нас, а заадно пішы зварот да народаў Беларусі. Трэба ўжо заўтра-паслязаўтра абнародаваць яго. Пішы проста, шчыра, як ты гэта i ўмееш.

Лашковіч паслухаў, застаўся. Сапраўды, не варта ісці на холад: балазе вунь сонца ўжо нізкае, вычырвоньвае да агню небасхіл, гасне і, канечне, у гэтыя хвіліны люцее мароз.

Калі мужчынскі гурт дружна вываліў з хаты, сюды вярнулася гаспадыня. Яна дагэтуль стаяла пры брамцы на варце.

З гэтай Пальмірай ён пазнаёміўся толькі летась, калі вярнуўся з Сібіры ў Мінск. Яна была адна з самых прыгожых жанчын, якіх ён калі-небудзь бачыў. Маладая, гадоў дваццаці пяці, невысокая, кругленькая, русявая, з адмысловымі манерамі. Актрыса. У яе, кажуць, у свой час закахаўся нават сам Янка Купала. Кажуць, i яна пакахала паэта. Ды чамусьці не паразумеліся, Купала, па чутках, вельмі неспадзявана жаніўся, а гэтая Пальміра выйшла замуж за Баравіка.

Цяпер яна скінула кажушок, шапачку — зграбненькая, з кароткімі хвалістымі валасамі, не то з туманнай павалокаю, не то з нейкаю млявасцю ў вачах, з пажаднымі вуснамі, яна i захапляла, i скоўвала заадно. Лашковіч не баяўся выходзіць у тайзе сам-насам з мядзведзем, мог быць рэзкі з любым мужчынам, а вось перад гэтай Пальмірай траціў мову.

— Я зраблю вам яшчэ гарбаты,— усміхнулася.

— Дзякую,— прамовіў i апусціў вочы. Зноў здзівіўся: ну чаму ён так дранцвее, робіцца сам не свой? Баравік вунь жа смелы, рашучы з ёю! Ці гэта ва ўсіх такое: жэнішся — дык i пасмялееш з жанчынаю?!

Яна цёпла зірнула (можа, i пашкадавала, што ён яшчэ малады, але ўжо такі хворы) i падалася на кухню. Ён жа, намагаючыся ўзяць сябе ў рукі, узяў самапіску ды памалу вывеў на белым аркушыку: «Першая Устаўная Грамата да народаў Беларусі».