Выбрать главу

Як бачылі, праз некалькі хвілін па камандзе Вайсдорфа трое байцоў узабраліся ў кабіну машыніста першага паравоза i загадалі таму выманеўраваць i ехаць да Свіслачы, a другі паравоз у гэты час таксама пачаў манеўраваць, каб стаць наперадзе іхніх вагонаў.

Даволі хутка паравоз, што быў у разведцы, вярнуўся — усё, як сказалі, было добра, дык яго, як i другі паравоз, пачалі прычэпліваць да вагонаў.

Ландар увесь гэты час стаяў каля свайго тамбура, хочучы на свае вочы бачыць, што i як робіцца. Хоць салдаты падганялі чыгуначнікаў i ўсё рабілася без лішняй затрымкі, але ўсё роўна час бег шпарка, а яны ніяк не маглі скрануцца з месца.

Нарэшце свіспуў паравозны гудок. Раз-другі.

— По вагонам! — пачулася гучная каманда Вайсдорфа.

Са станцыі, а таксама i з-за яе пабеглі сюды салдаты з ачаплення. Але не паспелі яны ўсе ўціснуцца ў вагоны, як ужо сюды, на перон, узбеглі цывільныя людзі з вінтоўкамі — відаць, баявыя дружыны гэтага наваяўленага Народнага сакратарыята. Праўда, яны не стралялі, не перашкаджалі садзіцца ў вагоны — канечне ж, ix ахалоджвалі наведзеныя на станцыю ствалы гармат i кулямётаў з платформы.

— Таварыш Ландар,— на падножку ўжо ўсчапіўся i Вайсдорф,— праходзьце, калі ласка, у вагон i станьце падалей ад акна. Чорт ix ведае, можа бабахнуць каторы...

Ён паслухмяна падаўся ў вагон — на самым пачатку яго стаяў Калмановіч i ўзіраўся ў акно. Цяпер адступіў, даў яму месца побач з сабою.

У вагоне было цёмна, але цёпла. Як адчуў Ландар, ад цяпла адразу ж запалымнелі шчокі.

Цягнік торгнуўся, заляскаў жалеззем, нават нібы пакаціўся назад, а пасля затросся, крануўся i пачаў паціху набіраць ход, адкочвацца ад станцыі i горада, які яшчэ спаў і, канечне ж, не ведаў, што шумела-бурліла на вакзале.

Толькі ён хацеў не тое што сказаць, а падумаць з палёгкаю: «Усё, паехалі нарэшце!», як цягнік нечакана не то рэзка затармазіў, не то гвалтоўна таргануўся, тут жа гучна i адчайна засвістаў паравоз, пачуўся лязгат-трэск, i гэты вагон быццам хіснуўся, быццам нават прыпадняўся — i Ландара, i Калмановіча ды Вайсдорфа аж адкінула ад акна да сцяны купэ.

Цягнік спыніўся.

— Што такое, ёлкі-палкі? — абуральна вырвалася ў Вайсдорфа. Тут жа, займеўшы раўнавагу i абапіраючыся абедзвюма рукамі аб сцены, падаўся на выхад. Ландар — за ім. Калмановіч — услед.

Сышоўшы на расчышчаны ад снегу насып i зноў удыхаючы марознае паветра, Ландар убачыў: іхні вагон мала сказаць закалыхаўся, ён увогуле сышоў з рэек i небяспечна стаў на краі ўзбочыны. Наступны вагон пагрозліва нахіліўся, а вагон з кулямётчыкамі зусім поракуліўся.

— Падстроілі ўсё ж, гады, крушэнне...— вылаяўся Вайсдорф, прысеў, абгледзеў усё, а пасля падняўся i патлумачыў: — Падымаць вагоны, манеўраваць некалі, таварыш Калмановіч. З хвіліны на хвіліну можа быць i горшае... Раю: людзям з хваста цягніка выйсці, хутка перанесці ў ацалелыя вагоны кулямёты, тое-сёе з харчу i — гайда далей...

— Давайце,— суха адказаў старшыня Саўнаркома.

Вайсдорф падаў каманду — чырвонаармейцы высыпалі з вагонаў i пачалі хуценька пераносіць зброю i скрынкі з харчам, пасля перакулілі нахіленыя вагоны i прычапілі хваставыя. Ландар з Калмановічам тупалі па ўзбочыне, мусіць, абодва аднолькава люта палымнеючы злосцю на станцыйных чыгуначнікаў i на верхаводаў з Народнага сакратарыята — канечне ж, якраз тыя падбухторылі ўчыніць гэтую аварыю.

Падышоў Мяснікоў.

— Можа, смалянём па станцыі на развітанне? — запытаў.— Падзякуем як след за такія праводзіны?

— Не,— кортка кінуў Калмановіч.— Будем вышэй злачынства i асабістай крыўды...

Праз паўгадзіны, калі пачало ўжо світаць, яснецца паваколле, цягнік зноў крануўся, пакінуў Мінск i хутка паімчаў на Смаленск.

3.

Лашковіч сустрэў паасобку дзесяткі тры цывільнага люду, пяць баявых дружын i паслаў усіх на Саборную плошчу. Пазней, калі ўвабралася ў сілу ноч, ніхто больш не прыходзіў.

Ён, напісаўшы тое, што яму даручалі, паляжаў крыху нераспрануты на канапе, спрабаваў заснуць, але не змог — мусіць, ад вялікага ўзбуджэння. Паварочаўся крыху i не вытрымаў самоты, падаўся да сваіх.

Каля прыцемненага ўвахода ў штаб Народнага сакратарыята яго затрымалі вартавыя. Спачатку запыталі пароль, а пасля загадалі запыніцца — адзін з узброеных ахоўнікаў ггадаўся ў дом i пеўзабаве прывёў адтуль старшага. Той, асвяціўшы яго ліхтаром, пазнаў у твар, дазволіў зайсці, сказаў, што сёння іхні пароль у горадзе «Над Бацькаўшчынай чыстае неба».

У былым губернатарскім кабінеце, цяпер скупа асвечаным адною лямпай, закіданым папераю, сядзелі абапал пастаўленых літараю «Т» амаль усе «міністры», сярод ix i тыя, хто далучыўся да беларускага руху зусім нядаўна: эсэры Макрэеў, Бялевіч, Рэдзька, Белкінд, Злобін, паалейцыяніст Гутман. Заадно, нібы мухі на агонь, самі прыбіліся сюды i былы галава Гарадской думы член ЦК Бунда Ванштэйн, меншавік Пайкес, эсэр Шумскі, той-сёй з кадэтаў i іншых усерасійскіх партый, хто не меў i не будзе мець душы да беларускай справы, але хто вымушапы прыстаць да іхняга берага па волі лёсу.