Лашковіч запыніўся, прыпёрся каля вушака i запыніў пільны позірк на гэтым розным людзе ў дыхтоўным паліто i футрах, у вайсковых шынялях, сялянскіх кажушках альбо ватоўках.
«Мусіць,— падумаў,— меў рацыю Чэхаў, калі гаварыў: часам не так звязвае любоў, сяброўства, павага, як агульная нянавісць да чаго-небудзь».
Пасярод стала важна сядзеў адзін з новых іхніх лідэраў Янка Аўторак — у зашпіленым шынялі i вайсковай фуражцы. Ён то падымаў тэлефоннуто трубку i слухаў, штосьці раіў, то званіў сам кудысьці, ушчуваў, заклікаў да большай смеласці i напорыстасці.
Большая палова душою, сэрцам адчула яго ўчэпісты назірк — павярнулі сюды галовы адразу некалькі чалавек.
— Максім, чаго ты як сірата? — махнуў яму рукою Баравік,— Хадзі сюды, будзем мазгаваць разам!
Ён падышоў, сеў на вольным крэсле напрыканцы стала, моўчкі дастаў з нагруднай кішэні згорнуты ў трубку лісток i падкінуў Баравіку.
Той узяў, разгарнуў і, прабегшы вачыма па напісаным, ажывіўся:
— Вось, спадары, накід Устаўной Граматы да народаў Беларусі. Паслухайма.
I пакуль Аўторак, крыху адвярнуўшыся, зноў гаварыў з кімсьці па тэлефоне, Баравік пачаў чытаць, а пасля першы пахваліў:
— Добра!
Здаецца, спакойна слухалі грамадоўцы i саюзнікі-эсэры, а вось новыя «прыяцелі», як заўважыў Лашковіч, перажываюць хваравіта: хмурны, з навіслымі чорнымі бровамі лідэр мінскіх меншавікоў-падпольшчыкаў Пайкес нервова прыкусіў губу, эсэраўскі важак Шумскі зацерабіў рыжую бародку, а Ванштэйн у душы раўніва, а на выгляд паблажліва ўхмыльнуўся: бач, як шпарка лапатнікі рвуцца з гразі ў князі!
— Якое ваша слова, спадары? — зноў ажыўлена запытаў Баравік.
— Не спешите ли? — падаў голас Пайкес.— Ведь неизвестно, что скажут немцы...
— Відаць, што пан Пайкес доўга сядзеў у пограбе, не вылазіў на свет...— нечакана па-беларуску загаварыў Ванштэйн.— Здаецца, толькі ён адзін не ведае, што спадар Аўторак разам з іншымі калегамі не хаваўся, быў на мірных перамогах у Брэсце, здолеў словам-другім перакінуцца сам-насам i з немцамі. Калі савецкая дэлегацыя не прызнала беларускую, то нямецкая, наадварот, сустрэла прыхільна, дазволіла аб'явіць дэкларацыю, дзе патрабавалася прызнаць Беларусь як дзяржаўную адзінку... Так што, пан Пайкес, цяпер немцы ставяцца перад дэ-факта...
Пайкес звяў. Баравік пераможна ўсміхнуўся:
— Якія яшчэ будуць пытанні, парады? Мы, не ў прыклад Мяснікову ды Ландару, нікому не затыкаем рот, не навешваем ярлыкі!
Руку падняў Шумскі, адзін з нядаўніх заядлых ворагаў. Цяпер, чырвоны, узбуджаны, ён крактануў раз-другі, а пасля загуў:
— Во-первых, нужно более четко сказать об общих нынешних усилиях наших партий, а во-вторых, подчеркнуть, что мы желаем сохранить и упрочить революционные демократические завоевания...
— Што яшчэ? — запытаў Баравік, на хаду тое-сёе папраўляючы ў напісаным Лашковічам.
— Лично я хочу знать яснее: какими видит Народный секретариат взаимоотношения с немцами? — зноў падаў голас Шумскі.
— Трэба ясна сказаць нашым сялянам пра зямлю,— услед за ім прамовіў засяроджаны, худы Нядоля.
— Мы не можам, спадары, адразу ўсё патлумачыць,— ухіліста i абачліва прамовіў Баравік, абводзячы ўсіх позіркам.— Спачатку мы абнародуем наш погляд на цяперашнюю сітуацыю. I землякам, i немцам. Пасля абнародуем i больш канкрэтную праграму. А што датычыць немцаў, то мы павінны быць абачлівыя з імі, але заадно i патрабаваць свайго...
— Я згодны,— падняў руку Ванштэйн.— Але ад сябе прашу: скажыце, калі ласка, адно-другое слова, што дакляруеце іншародцам нацыянальна-персанальную аўтаномію.
— Што — расчляніць Беларусь на астраўкі? — успыхнуў, ускідваючы бровы на круты лоб Пячэрскі.
— Вы ж, паважаны, добра слухайце,— спакойна адказаў яму Ванштэйн.— Я не гавару пра нацыянальна-тэрытарыяльную, a толькі пра нацыянальна-персанальную аўтаномію. Гэта значыць, я, іншыя нацмены павінны ведаць: вы, беларусы, стаўшы пануючым народам, не будзеце прыгнятаць, асімілёўваць нас, як мы ўсе асімілёўваліся дасюль. I другое. Трэба не замінаць, каб адраджаліся органы Часовага ўрада — Мінская гарадская дума i Мінская губеранская земская ўправа. У знак падзякі, думаю вы будзеце мець ад нас значную помач.