— Як я разумею, вы марыце найперш аднавіць сваю ўладу, верную экс-старшыні Керанскаму? — запытаў высакалобы, вусаты Жытнік.— А нас, каранных, зноў адніхнуць убок?
— Я так не мару,— памякчэў, расшпіліў на сабе шыкоўнае паліто Ванштэйн,— Па-першае, цяпер якраз вы ў сіле, а па-другое, я за тое, каб мы ўсе разам фарміравалі беларускую дзяржаву. Як i напісана ў накідзе, на сумесным Усебеларускім Устаноўчым Сойме, скліканым на самай дэмакратычнай аснове.
— Як для нас, дык дагэтуль не было i знаку дэмакратыі, а як для некага, то мы павінны быць звыш шчодрыя! — забурчаў Жытнік.
— Такая ўжо наша планіда...— пахітаў галавою Баравік, а пасля Ванштэйну: — Народны сакратарыят абдумае вашу просьбу.— I да ўсіх: — Ну, а цяпер, спадары, давайце паслухаем новую рэдакцыю Першай Устаўной Граматы.
Усе згадзіліся. Баравік важна, як i трэба міністру, пачаў чытаць:
«Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен здзейсніць сваё права на поўнае самаазначэнне, а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсці сваё здзяйсненне шляхам склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але i да склікання Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам, якія на ёй жывуць, Выканаўчы камітэт Рады першага Усебеларускага з'езду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасцяў, здзяйсняючы мэты З'езду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіравання краем i склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага i прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага дарослага, ня лічачыся з нацыянальнасцю, вызнаннем i родам. Часовую народную ўладу краю, якая ставіць сабе мэтай абарону i зацверджанне заваяванняў рэвалюцыі, будзе здзяйсняць створаны намі Народны сакратарыят Беларусі, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад сакратарыяту будзе апублікаваны пасля».
— Ну, як? — калі прачытаў, Баравік падняў шавялюрыстую галаву i зычліва акінуў усіх позіркам.
— Добра,— першы з усіх пахваліў гэтую Грамату Ванштэйн.
Астатнія таксама адобрылі. Моўчкі.
— Ну a калі будзем абнародваць гэтае слова? — запытаў Баравік.
— Ужо заўтра,— прамовіў Шуляк.
— Не, сябры,— асцярожна стрымаў Ванштэйн.— Не варта задзірацца з немцамі. Спачатку трэба было б перакінуцца словам-другім з імі, а пасля ўжо больш-менш ясна гаварыць пра будучыню краю.
— Ці разумная ўжо такая звышасцярога? — як заўсёды, пахмурна спытаў Шуляк.— Лічацца з дужым i смелым, а не з баязлівым!
— Ну i экстрэмізм, дружа, ды яшчэ ў ваенны час, вельмі не паспрыяе,— спакойна астуджаў гарачыя галовы Ванштэйн.— Каб мы мелі сілу, былі нараўне з немцамі, то мы не толькі не мелі б з імі гешэфту, але далі б у зубы i адагналі прэч! Няма сілы — гні спіну, прасі...
У гэты час Аўторак паклаў трубку, зняў фуражку i, выціраючы лысую галаву, адвабіў усіх ад спрэчкі навіною:
— Спадары, Еўзікаву з дружынамі ўдалося адцясніць атрад Абадзінскага за Даўгабродскую i Каломенскую вуліцы. Перагароджваюць шлях Доўбар-Мусніцкаму да цэнтра барыкадамі. Усе асноўныя мінскія ўстановы, а таксама электрастанцыя, дэпо, крамы, пошта i тэлеграф пад нашым кантролем. Цяпер уся ўвага — на вакзалы...
— Я не раіў бы, сябры, счэплівацца i з легіянерамі,— перасцярог Ванштэйн.— З фанабэрыстым i пыхлівым панствам трэба паводзіцца віртуозна. Цешыць яго самалюбства i гнуць сваё. Іначай яно сілаю захопіць Мінск i аб'явіць тут польскую ўладу.
— Hi Расія, ні Германія не згодзяцца, каб тут была Польшча,— падаў голас Аўторак,— Наадварот, яны ўвесь час заціскалі яе, не давалі ходу ні на Усход, ні на Захад.
— Каб прадухіліць канфлікт, можа, мне пайсці на перамовы з Доўбар-Мусніцкім? — запытаў у Аўторка Баравік, маючы на ўвазе, што ён добра ведае польскую мову, а таксама здольны i пастаяць за сябе, i саступіць у меру.
— Давай,— нешматслоўна згадзіўся той.
— Хадзем, Максім,— запрасіў Баравік. Канечне, з-за таго, што ён, Лашковіч, асабіста знаёмы з камандуючым польскага войска.
4.
Баравік, Шуляк, Жытнік, Заходка i Лашковіч, хто ўзброены вінтоўкаю, хто рэвальверам, моўчкі крочылі па цёмпым, нібы вымерлым i ў той жа час трывожным горадзе: спачатку рыпелі хрумсткім шэрым снегам па аслоненай высокімі дамамі былой Губернатарскай, пасля — па яснейшай Захараўскай i вось, мінуўшы ціхую, пакрытую лёдам Свіслач, шыбалі па Даўгабродскай.