Выбрать главу

Лашковіч тупаў, апусціўшы галаву. Меў дзіўнае адчуванне: ці то займаецца цяпер чымсьці сур'ёзным, ці то штосьці імітуе. Можа, гэтая няўпэўненасць была ад таго, што ніяк не мог змусіць сябе думаць: ты — не толькі былы настаўнік, вучоны без званняў, эсэр-катаржанін, ты — член Выканкома Рады Усебеларускага з'езда, значыць — дзяржаўны муж! Але ніколі не быў ва ўладзе, не ведаў яе сілы i смаку, дык i не мог пераламаць сябе на іншы лад. Храбрыўся, a ў душы нейкі прыкры шашаль усё еў нечань: куды i чаго ты, мужык, лезеш?! Ты ж не які-небудзь Ванштэйн; той сядзеў ужо ў кіруючым крэсле, дык i мае права зноў прагнуць руля! Можа, i дзеля яго гатовы хаўрусаваць i з табой. Абы быць на паверхні!

Калі мінулі з вечнай пячаткай цішыні i мудрасці могілкі, Лашковіч падняў галаву: воддаль, можа, ужо i ў канцы вуліцы, на выгане палыхаў агонь. Праўда, яго языкоў не было відаць: полымя шугала за дамамі, высвечвала ўвесь небакрай, i ўгору ды сюды, пранізваючы ноч, імкнуліся яго далёкія водсветы. Ад ix снег не то жаўцеўся, не то па-крываваму барвовеў. Калі пачалі набліжацца, то кінулася ў вочы: жоўта-чырвоныя водбліскі ад агню ярка, нібы ад люстэрка, адбіваюцца ў шыбінах цагляных i драўляных хат.

Неўзабаве ўжо з узгорка згледзелі як след: за гарадской ускраінай на выгане палае адразу аж некалькі вогнішчаў. Крокаў за сто да ix, на самым канцы вуліцы — барыкады. Каля ix — людзі. Доўгія цені ад ix падаюць аж сюды, ім над ногі. Ясна, сцяміў Лашковіч, кастры гараць дзеля таго, каб высвеціць як на далоні гасцей — часці Доўбар-Мусніцкага, якія, па чутках, павінны вось-вось заявіцца тут.

Далёка, можа, i на вакзале, раз-другі даў свісток паравоз, завыла вадакачка. Не, значыць, горад не вымер, ён жыў сваім жыццём.

Адарваўшыся ад умерзлага ў снег i лёд вясковага плота-частаколу, ім дарогу перагарадзіла трое ўзброеных вінтоўкамі мужчын: адзін — у шынялі, другі — у кажушку, трэці — у ватоўцы.

— Пароль? — запытаў паўвайсковец.

— «Над Бацькаўшчынай чыстае неба»,— адказаў Баравік.

— Праходзьце,— пачуўся той жа голас, i патруль саступіў ім дарогу.

Хутка яны падышлі да паўасветленых барыкад — зваленых у адну гару саней, бочак, бярвенняў. Каля ix таўклося каля сотні людзей, а на заслоне было прыладкавана некалькі гармат i кулямётаў. Насустрач ім выйшаў вайсковец. У каракулевай папасе, шынялі i пры пагонах. Еўзікаў. Ого, палкоўнік! На некалькі званняў падрос за адзін дзень!

— Што чуваць?— запытаў у яго Баравік, пазіраючы на добра асветлены выган-упадзіну, за якім таксама асвятляўся край прыгараднай вёскі.

— Была польская разведка,— адказаў Еўзікаў,— З хвіліны на хвіліну павінны падысці першыя часці.

— Які настрой у легіянераў? — пацікавіўся Баравік.

— Здаецца, памяркоўны. Адчуваецца: Доўбар-Мусніцкі загадаў не канфліктаваць з намі. За вёскаю,— Еўзікаў махнуў пальчаткаю на поўдзень,— дэлегацыя Абадзінскага. Будуць сустракаць сваіх. Астатнія збеглыя з турмы легіянеры, кажуць, рабуюць вайсковыя склады i сейфы.

Еўзікаў замоўк, уталопіўся на недалёкую вёску: з яе вымкнуўся белы конь, за ім — іншыя, цёмныя, i неўзабаве ўжо аж застракацела ў вачах ад коней i людзей на ix.

— Пайшлі,— прамовіў Еўзікаў, молада крутнуўся, спрытна пераадолеў барыкаду i пайшоў насустрач таму, хто першы ехаў на белым кані. Яны, Лашковіч ca сваімі падарожнымі, ледзьве паспявалі за ім.

Лашковіч крочыў i адчуваў: па-здрадніцку неўтаймоўна забілася сэрца, а цела скаланае дрыготка. Мусіць, ад трывогі: палічацца з імі легіянеры ці не?

Крокаў за пятнаццаць Еўзікаў замаршыраваў па-страявому, крокі за тры запыніўся пасярод дарогі i ўскінуў правую руку да скроні. Коннік — а гэты важны вайсковы чын быў ужо не ў форме былой царскай арміі, a ў цьмяным (на самай справе зялёным) казакіне, аблямаваным смушкаю, з невялікім каўняром, на якім былі пятліцы, з двума радамі бліскучых гузікаў на грудзіне, у адмысловай фуражцы з арлом — лена падняў руку з некалькімі сагнутымі пальцамі. З яго запясця павіс невялікі спрытны бізун. Збоку вісела шабля ў ножнах, a ў тых, хто быў за ім, за плячыма тырчалі карабіны.

— Палкоўнік Еўзікаў — ваенны камендант i начальнік гарнізона горада Мінска,— па-вайсковаму цвёрда на беларускай мове адчаканіў нядаўні Лашковічаў калега па звальненні. Павярнуўся да ix.— А таксама — дэлегацыя Народнага сакратарыята Беларусі, які з сённяшняга дня трымае ўладу ў Мінску.

— Генерал Пухальскі,— спакойна i важна адказаў чаканы госць. Пасля дастаў з-пад казакіна і, трошкі нагінаючыся, падаў Еўзікаву пакет, але без, як належыць, сургучнай пячаткі.