Еўзікаў падышоў, узяў, разарваў i, паколькі тут было больш-менш светла, пачаў чытаць. Лашковіч за гэты час убачыў, што да генерала пад'ехаў i запыніўся каля яго малады вайсковец. Здаецца, знаёмы. Ага, ды гэта ж — зямляк Алеся Нямкевіча. Гарбуковіч ці як там яго. Каб быў тут побач i Алесь, дык цікава, а заадно i трагічна было б: свае людзі, з адной вёскі, а трэба было б быць па розных баках барыкад! Лёс! I не першы раз за доўгую гісторыю!
Еўзікаў, прачытаўшы ліст, перадаў яго Баравіку. Той — зусім хутка яму, Лашковічу.
«Панове! Спадары з Рады Усебеларускага з'езда! — на лісце з бланкам Польскага корпуса пісалася спачатку па-польску, a ніжэй i па-беларуску.— Шчыра i сардэчна віншую вас з вызваленнем ад бальшавіцкай навалы! Прашу прыхільна сустрэць маіх легіянераў, Вашых саюзнікаў па барацьбе супраць нацыянальнага прыгнечання польскага i беларускага народаў, а таксама маю ласку прасіць як след размясціць ix — пераважна ў паўднёва-ўсходняй частцы Мінска. Я загадаў афіцэрам i салдатам корпуса захоўваць лаяльнасць i не ўмешвацца ў Вашыя палітычныя клопаты. Пра вышэйсказанае я паведаміў ужо нямецкаму камандаванню, якое прыхільна ставіцца да нас з Вамі. З павагай Ваш генерал Доўбар-Мусніцкі».
— Мы не адмаўляемся супрацоўнічаць,— таксама без збянтэжання сказаў госцю-генералу Баравік,— Толькі давайце ясна i дакладна абазначым па карце мяжу паміж нашымі ўзброенымі сіламі.
«Малайчына! — у думках пахваліў яго Лашковіч.— Добра гучыць: «Паміж нашымі ўзброенымі сіламі»!
Гарбуковіч хутка патлумачыў усё на польскай мове генералу — той спачатку ўважліва паслухаў, а пасля, як згледзеў Лашковіч, ухмыльнуўся, насмешліва акідваючы позіркам то Баравіка ў паліто i капелюшы, то Еўзікава, які сам сябе крыху падвысіў у званні, ix, астатніх «урадоўцаў», то зусім на непрыступныя барыкады i жменьку ўзброенага люду за імі. Але ўголас генерал нічога пе прамовіў, махнуў рукой з бізуном — тут жа з-за спіны выехаў на рыжым кані малады афіцэр з вузенькімі заліхвацкімі вусікамі, наблізіўся да Еўзікава, саскочыў долу i дастаў з планшэта карту Мінска.
Калі яны перамовіліся i чырвоным алоўкам правялі мяжу, падзяліўшы горад, лічы, на дзве палавіны («Ці будзе мець якую-небудзь сілу гэтая, на першы погляд, джэнтэльменская дамова?» — з трывогаю падумаў Лашковіч, акідваючы позіркам з-пад акуляраў шматлікае польскае коннае войска), Еўзікаў загадаў сваім людзям адкаціць i аднесці ўбок нацэленыя на дарогу гарматы ды кулямёты, разбіраць барыкады.
— Ведаеце, панове, вы мяне здзівілі! — ужо зычліва ўсміхнуўся пазней генерал, калі спешыўся i рукаўся з імі.— Па-першае, у вас шмат высокіх мужчын! Я ўяўляў па вашых земляках, што ў нашым корпусе: вы нізкія i каржакаватыя. Аж вы ладныя хлапакі! Hi адна армія не адмовілася б ад такіх малайцоў! Па-другое, надта ж скора вы зарыентаваліся! Мы, чэсна сказаць, не чакалі такога вашага спрыту!..
5.
Назаўтра, надвячоркам, Нямкевіч i Baciлевіч у дамоўлены час зноў прыйшлі на сустрэчу ў скверык каля Саборнай плошчы.
Учора нікога тут не дачакаліся. Але вось цяпер каля заснежанага кветніка тупаўся чалавек — шчуплы, гонкі, сутулаваты, у кароткім густа нацёртым цэглаю кажушку i заечай аблавушцы, бледны i з вялікімі сумнымі вачыма. Алесь Нядоля. Паэт, былы эсэр, а цяпер грамадовец.
Сустрэў ix з юнацкай сарамлівай усмешкаю, першы падаў руку.
— «Вы не чакаеце прывітання ад свайго дзядзькі?» — са здзіўленнем, але разважліва, слова ў слова паўтарыў завучаны пароль Васілевіч.
— «Мой дзядзька павінен сам прыехаць»,— як i трэба, адказаў Нядоля. Зноў усміхнуўся. Прыязна, цёпла. Ад таго, што гэтак глыбока ўразіў ix.
— Ты — патайны бальшавік? — адразу пецярпліва атакаваў яго цікаўны Васілевіч.
— Больш сустракацца тут не будзем...— стрымана зусім пра іншае сказаў Нядоля, i Васілевіч адразу ж астыў, адчуўшы, што часамі не варта лішне пытацца.
Нядоля ж хітнуў галавою на былы губернатарскі дом, над дзвярыма якога ўжо вісеў бела-чырвона-белы сцяг:
— Мае з вамі інструктары не прадбачылі, што якраз насупраць будуць вокны «Беларускай камендатуры»... Па-другое, да Еўзікава просіцца былы агент ахранкі Сінілаў — кажуць, вельмі хітры ліс. Так што трэба быць асцярожнымі.
Прамовіў i павёў ix са скверыка да будынка былога акруговага суда, дзе ў свой час судзілі i Лашковіча, i Нядолю, i яго, Нямкевіча, адтуль — па схілістай вуліцы, пасярод якой была расчышчаная палоса для конкі, уніз, да Свіслачы.
— Сыходзіцца будзем вось тут, каля гэтай вярбы,— неўзабаве ляпнуў далонню па старым нізкім, раскідзістым, з патрэсканай карою дрэве, у шчыліны якога хтосьці панатыкаў спаленыя запалкі i паперкі ад цукеркаў.— Ну, а цяпер пару слоў пра тваё нецярпенне, Сымон. Не, хлопцы, я не бальшавік. Але я паверыў ім i хачу спрыяць іхняй задуме. Для падпольнай работы яны пакінулі не толькі нас. Вы будзеце трымацца за мяне, я — за іншых, а тыя будуць трымаць сувязь са Смаленскам i Масквою.