Пайшлі ўздоўж няроўнага, спаласаванага дзіцячымі санкамі свіславіцкага берага.
— Наш з вамі клопат такі,— па хаду расказваў Нядоля.— Будзем сачыць за кожным крокам Доўбар-Мусніцкага, нямецкага камандавання, а таксама за тымі нашымі, хто пачне хаўрусаваць з акупантамі. Як бачыце, гэтыя суткі ў горадзе напружана, легіянеры фанабэрацца, бывае, нават раззбройваюць нашы патрулі на нашым жа баку, рабуюць, але на большае не лезуць. Не з-за вялікай любові да Народнага сакратарыята, a з-за боязі да немцаў. Ведахоць: тыя прыгрэлі Віленскую раду, не супраць пагуляць i з намі ў Мінску.
Дайшлі да гарбаватага моста, па якім у гэтыя хвіліны белы, у чорныя яблыкі конь шпарка цягнуў фаэтончык на санях, павярнулі назад. Можа, i ўсе падумалі пра тое, што сёння ў горадзе зноў, нібы з-пад зямлі, з'явілася шмат фаэтонаў, багата апранутых людзей, i Мінск з пурытанскага пачынаў вяртаць ранейшую губеранскую пампезнасць. Але ўголас ніхто пра гэта не сказаў. Сапраўды, у кожнага побыту свае манеры, свая філасофія i псіхалогія.
— Значыць, вы ўжо заўтра павінны прыйсці ў Народны сакратарыят,— вучыў Нядоля.— Пакайцеся, папрасіце даравання. Трэба, каб вы зноў былі тут. Хоць бы радавымі руху.— Нечакана адышоў убок, закашляўся (кажуць, i ён хворы на сухоты. Ix наўмысна прывілі яму ў маскоўскай турме). A калі вярнуўся, дадаў: — Пакуль што настрой у Народным сакратарыяце супярэчлівы. Адны — за цесны саюз з Доўбар-Мусніцкім, «апалячаным беларусам», другія — з «моцнай Германіяй», трэція — з Расіяй, не зважаючы на выбрыкі Мяснікова, чацвёртыя — супраць усіх, толькі за сябе. Нам трэба трапіць ва ўсе фракцыі. Да германафілаў, думаю, варта прымкнуць табе, Сымон.
— Ды не ляжыць для гэтага ў мяне душа, Алесь,— зморшчыўся Васілевіч.— Гэтым, лічы, загадзя асуджаеш сябе на народную пагарду!
— Спачатку, можа, будзе i пагарда,— згадзіўся Нядоля,— Але пазней час усё расставіць на сваё месца. Цяпер якраз табе, Сымон, аднаму з лідэраў мінскіх грамадоўцаў, чалавеку гарачаму, найбольш павераць, калі ты будзеш бэсціць Ландара i Мяснікова ды клікаць шукаць ратунку ў Германіі. Табе, Алесь, з памяркоўным, разважлівым характарам, нашчадку белых католікаў, лепш за ўсё імітаваць сімпатыю да Доўбар-Мусніцкага.
— Ну, а сам да якой фракцыі прыхілішся? — запытаў Васілевіч.
— Да «незалежнікаў»,— адказаў Нядоля.
— Калі можаш, адкажы шчыра: што ты цяпер думаеш на самай справе пра сённяшшою сітуацыю, пра наш pyx? — зноў зацікавіўся Васілевіч.
— Ясна, хлопцы...— усміхнуўся той.— Не думайце, калі ласка, што я i вершы пішу, i ў руху нашым бяру ўдзел без любові да свайго. Не. Я сапраўды хачу самаазначэння Беларусі. Але я супраць вымольвання яго ў акупантаў. Я — за саюз з Расіяй, без якой, паверце, нам не ўтрымацца. Значыць, раз мы з душой да Расіі i бальшавікоў, то i яны павінны ўважыць нас. Toe, што Ландар, Мяснікоў, Кнорын i іншыя, якія дасюль трымалі тут усё ў сваіх руках, не прызнавалі ні нас, ні Беларусі, яшчэ не апошняе бальшавіцкае слова. Партыя, Ленін, веру, будуць болей уважлівыя i мудрыя. Паверце i вы ў гэта.
— Я ўжо разгубіўся,— прызнаўся Васілевіч,— каму верьщь, а каму не?
— Калі мы, хлопцы, якраз у гэтую цяжкую для бальшавікоў часіну паможам найперш ім, то яны, думаю, рана-позна як след ацэняць гэты жэст.— Запыніўся, падаў руку Васілевічу,— Дамовіліся?
— Дамовіліся.
— I з табой, маўчун? — паціснуў руку i Нямкевічу.
— I са мной,— адказаў ён, — У мяне, прызнаюся, яшчэ даўняя сімпатыя да бальшавікоў. З дарэвалюцыйнага часу.
— Ну й цудоўна! — усцешыўся Нядоля.
Пасля, калі іхні старшы сувязны пайшоў сваёю дарогай (на новую сходку Народнага сакратарыята, які засядаў, лічы, няспынна), Васілевіч пабег кудысьці па сямейных клопатах, a Нямкевіч шпарка, угнуўшы галаву, пакрочыў да «Новага тэатра», што быў на скрыжаванні Захараўскай i Багадзельнай вуліц.
Ужо за Губернатарскаю хтосьці паклікаў яго па мянушцы:
— Дзед!
Ён рэзка запыніўся, падняў галаву: хто i адкуль кліча? Aгa, Лашковіч. Ідзе вунь ад мужчынскай гімназіі — можа, i ад Мухі.
— Куды гэтак разагнаўся? — запытаў, падаючы руку. Усё ў леташнім, купленым з рук паліто, у знаёмым старым капелюшы. Толькі вось шалік новы — зялёны, варсісты.
Нямкевіч чамусьці сумеўся. Здаецца, найбольш, што сустрэўся якраз з ім, Лашковічам — земляком, пакутнікам. Бадай, як ніхто, няўдачнікам.