— Прызнавайся: чэшаш да мамзелі?
— Да зямлячкі,— збянтэжана ўсміхнуўся ў адказ.— Яна — Волька. Сястра Петруся Супраневіча, які...
— Што ж, гуляць, цешыцца з нечыімі маладымі сёстрамі — добрая рэч, мець сям'ю, жыць як чалавек — увогуле цудоўна! — уздыхнуў Лашковіч,— Але ж хто, хлопцы, павінен цягнуць крыж? Муха затаіўся, Скураны ўсё яшчэ крыўдзіцца ды сам ірвецца ў лідэры, вы з Сымонам адвярнуліся... Дык з кім чагосьці дабівацца? Ca сваімі нядаўнімі непрыяцелямі?
Сароміць. Але ўжо не так рэзка ды нецярпіма, як бэсціў летась, у канцы года. Здаецца, нават запрашае зноў ісці разам.
— Чуў, што мы пачалі рабіць гэтыя дні?— запытаў. Мякка, зычліва.
— Чуў.
— Ну й што кажа люд?
— Здаецца, сімпатызуе вашаму Народнаму сакратарыяту,— трохі паліслівіў Нямкевіч,— Многія глядзяць як на заступнікаў.
— Хоць нарэшце, можа, паразумнеюць крыху,— пацешыўся Лашковіч.— Ну, а вы што з Сымонам? I драпака не далі, i ад нас адбіліся?
— Мы не ведаем, што цяпер рабіць...— рашыў, як кажуць, пусціць слязіну Нямкевіч. Апусціў вочы. Не мог сустрэцца з Лашковічавым чэпкім позіркам. Перад ім не толькі маніць, але i недагаворваць вельмі цяжка.
— Вяртайцеся, блудныя сыны, у лона царквы! — спагадна прамовіў Лашковіч.— Калі ўзялі былых непрыяцеляў, то не адмовімся ад вас, ветэранаў руху...— Усміхнуўся, ляпнуў па плячы.— Ну бяжы! Спалучай хэнць да дзяўчыны з клопатам пра Бацькаўшчыну! Заўтра сачы за навінамі: сюды прыбываюць немцы, а мы павінны абнародаваць вельмі важны дакумент!
Лашковіч зычліва падштурхнуў, i Нямкевіч з палёгкай пашыбаваў далей. Ён які ўжо час асцерагаўся сустрэцца нос у нос з гарачым i жорсткім Лашковічам, баяўся: той адразу ж разгадае яго цяперашнюю тайну. Ажно выйшла ўсё лепш, чым думаў.
Неўзабаве згледзеў: Волька ўжо чакае яго. Вунь у валёначках, новым кажушку i белай пуховай хустцы, зграбная, стаіць каля аднапавярховага, прадаўгаватага, на фоне блізкага трохпавярховага Польскага банка нізкага, з вузкімі зашторанымі вокнамі кінатэатра i чытае вывешаныя паміж вокнамі афішы са здымкамі з фільма.
Калі яе брат Пятрусь разам з іншымі міліцыянерамі падаўся пехатою на ўсход, на Смаленск, Волька адразу ж загарэлася вяртацца дадому, у Янкавіны.
Ён угаворваў застацца ў горадзе, даць у царкве на запаведзь i перайсці жыць да яго, але яна не згадзілася, змусіла ісці на вакзал — браць білет на стаўбцоўскі цягнік. Але выехаць з Мінска ёй не ўдалося: на станцыі сказалі, што цягнікі на Стоўбцы ўжо не ходзяць. Той бок ужо з тыдзень акупаваны немцамі. Волька паплакала ад адчаю, пакаялася, што ў такі вірлівы час уздумала падацца ў свет, а пасля пабрыла разам з ім, аддаўшы свой лёс у яго рукі...
Нямкевіч ціха падышоў. Гарэзна абняў Вольку i цмокнуў у шчаку. Яна ўздрыгнула ад нечаканасці, але сёння ўжо не папікнула, што вось такое вытварае на людзях. Праўда, на пацалунак не адказала i позіркам з ім не спяшалася сустрэцца — канечне ж, ад маладога сораму з-за таго, што адбылося ў ix у пазамінулую ноч...
— Гэта — я,— прашаптаў, тулячы сваю шчаку да яе.
— Ды чую, што ты...— адказала. Здаецца, не вельмі каб весела.
— Шмат чакала? — запытаў з віною.
— Не.
Адпусціў. Яна на міг падняла на яго вочы i тут жа сарамліва адвяла ix. Пайшлі. Да блізенькай Багадзельнай — насупраць, на гмаху Польскага банка, вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Такія ж сцягі вунь па ўсёй цэнтральнай Захараўскай вуліцы. З тумбаў, як паспеў ужо заўважыць, паздзіраны старыя, савецкія афішы, аб'яўкі i сям-там ужо наклеены розныя лісткі на беларускай мове.
— Выбачай,— папрасіў.— Сустрэў сябрука, перакінуліся словам-другім.
— Я не злуюся па цябе,— адразу ж зразумела яго тон.— Я... Ну, брыдка мне...
— Чаго?
— Гуляю, гультую...
— Адпачні,— паспрабаваў супакоіць яе.— Хіба мала ўжо нагаравалася на полі, на сенакосе альбо дома?
— Там цяжка было, а тут разлянуюся...— Усміхнулася. I дакорліва паматляла галавого,— Божа, колькі люду не робіць, a ўдзень бадзяецца па вуліцы?! Хто ix толькі апранае i корміць?!
— Каб ты ведала, сярод гуляк не толькі дармаеды. Наадварот, шмат тых, хто недзе працуе,— патлумачыў,— У вёсцы ўзімку людзі сядзяць па хатах, а тут любяць пашпацыраваць, пачуць навіны альбо што-небудзь купіць.
— I яшчэ...— Прамовіла Волька i не дагаварыла.
— Што — «яшчэ»?
— Пакуль стаяла адна, дык аж двое падышло. Адзін — малады, лупаты, a другі — пажылы, жывацісты. «Барышня, вы не мяня паджыдаеце?»
— Дык гэта ж добра!
— Што — «добра»?! — здзівілася. Аж падняла свае густыя броўкі.
— Паглядная, стройная ты ў мяне!
— От кажаш...— Нібы папікнула, але, здаецца, усцешылася, што ён якраз вось так сказаў. Але не ўтрывала, зноў напала на горад: — Шмат спакусы ўсякай — шмат i распусты...