Выбрать главу

— Пажывеш тут болей — зменіш думку. Вось паглядзіш.

Трошкі паблукалі па Багадзельнай вуліцы (як ён у душы ні хацеў, але Волька па прыкладзе гарадскіх кабет не асмельвалася ўзяць яго пад руку), з любасцю паглядзелі на Петрапаўлаўскую царкву, дзе яны былі пазаўчора, блаславіліся, каб стаць мужам i жонкаю, а пасля зайшлі ў кінатэатр. Спачатку патупалі ў фае, дзе яшчэ раз агледзелі знаёмыя ўжо здымкі модных замежных кінаакцёраў, а таксама карціны мінскіх мастакоў, а пасля падаліся ў залю — досыць вялікую, з мноствам радоў крэсел, скупа асветленую і, як адчувалася, халодную. Відаць, новы гаспадар, Лідскі — кажуць, далёкі сваяк Лідскага-літаратара, які цяпер вяшчае ў Петраградзе — эканоміў на святле i цяпле.

У залі было не шмат люду. Лічы, усе маладыя. Найбольш дзяўчаты. Нямкевіч з Волькаю селі ззаду ўсіх.

— Не глядзі так...— папрасіла яна, намагаючыся сядзець струнка i засяроджана пазіраць на сцэну.

— Чаму?

— Няёмка... Падумаюць абы-што пра мяне...

— Няхай думаюць. Яны не ведаюць жа нас, а мы — ix!

— Сяроўна...

Неўзабаве патухла святло, над іхнімі галовамі застракатаў апарат — ад яго на белую шырму на сцэне паласнуў светлы пук. Спачатку на шырме абазначыўся чатырохкутнік, a ў ім усё мільгала, перакрыжоўвалася, а то i выбельвалася да рэзі ў вачах, што Волька i сёння аж закрылася далонню, а потым мітусня запынілася i з'явіліся літары. Тут жа задрынкаў на піяніна схаваны за шырмаю музыкант, а пазней, калі пачалі паказвацца на экране людзі, іграў то хутка i гучна, то ціхенька — у лад таму, што адбывалася ў кіно.

— Што гэта за паны? — запытала Волька.

— Невысокі барадаты вайсковец — цар Мікалай, кабета ў белай сукенды i капялюшыку — царыца, а за імі — усякія паны,— адказаў ён, у душы абураючыся, што гэты Лідскі паказвае сёння не падакляраваны замежны фільм, a выцягнуў на свет з запечка кіно пра таго, хто ўжо адрынуты самой гісторыяй. Непрыемна, нават прыкра пазіраць цяпер, як цар з царыцаю самаадрачона моляцца, нібы міла гладзяць па галовах дзяцей, як іхняя світа шыкоўна балюе, бессаромна зводзіць народнае дабро.

— Я нічога не разумею, што там робіцца...— прызналася Волька.

— Нам паказваюць, якія добрыя цар i царыца, як яны клапоцяцца пра Айчыну i свой народ,— шэптам адказаў ён, беручы яе руку. Цяпер, у паўзмроку, яна з ахвотаю дала яе, закахана адказвала на поціскі, a калі ён нахіляўся, то i асцярожна, на імгненне-другое падстаўляла яму вусны.

Пазней, калі ўжо ішлі дадому, заўздыхала:

— Я не разабралася, што там паказвалі, але адно ўбачыла добра: чыста, хораша i багата жывуць на свеце людзі! Не тое што мы ў сваіх Янкавінах!

— Цяпер, Волька, няма ні цара, ні таго жыцця.

— Значыць, нехта іншы будзе гэтак раскашоўвацца!

— Цяпер, можа, будзе ўсё іначай.

— Я цёмпая, нічога людскага дагэтуль не бачыла, Алеська,— яшчэ глыбей уздыхнула.— Але ведаю: хто пануе, той i шыкуе. Хто гне спіну, абліваецца ад поту на рабоце, той заўсёды гаруе, скібінцы хлеба рады...

— Цяпер, Волька, можа, пачнецца жыццё, пра якое дагэтуль нават i не снілі!

— Не ведаю,— паціснула плячыма.— Але здаецца мне, што пры любой уладзе адны будуць працаваць, a другія жыраваць...

— Давай верыць у лепшае!

Яна не адказала. Адкуль i што магла яна ведаць пра тое «лепшае»?! Ды i ён нічога не знаў пра гэта. Але падбадзёрыў. Каб падняць яе дух, умацаваць веру i надзею, без чаго чалавеку жыць цяжка, а то i ўвогуле няма чаго спажываць патрэбнае ўсім паветра. Затым, калі вярнуліся ўжо на сумесную сваю кватэру, мітусліва памагала гаспадыні, стараючыся той дагадзіць, i ўвесь час аж гарэла ад сарамлівай чырвані, што прыйшла сюды, да Алеся, a ўрэшце, калі патушылі святло i абое прытуліліся пад коўдраю, выдыхнула з болем:

— Можа, пагарачылася я, Алеська? Брыдка неяк. Без шлюбу, без вяселля жыць пачалі...

— Калі не кахаеш, дык што ж, кайся...— пачаў шукаць ён не столькі дакоры, як тое, што супакоіла б яе.

— Што ты гаворыш, Алеська? — зноў, як i апошнія дні, не то пакрыўдзілася, не то здзівілася, што не разумее яе сумненні.

— Калі я табе хоць трохі любы, дык i не кайся. Будзем радавацца, што якраз тут, у Мінску, сышліся нашы сцежкі-дарожкі! — Прашаптаў, прыгарнуў яе, нібы зусім малую, кволую, трапяткую, лёгка знайшоў яе вусны, прыпаў да ix.

Яна спачатку імкнулася яшчэ штосьці сказаць, паскардзіцца альбо падакараць сябе, але пасля ўспыхнула ад сваёй маладой крыві i запаліла адмысловым агнём яго, яшчэ прагнага да жыцця, да маладога шалу.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ