Выбрать главу

4.

Назаўтра да Васілевіча зноў завітаў узбуджаны Скураны.

Цяпер, як i раней, у лепшыя свае часы, той выглядаў адмыслова, па-панску. У шыкоўным паліто з рыжым бабровым каўняром, такога ж колеру папасе, з белым шалікам i з чорным кіёчкам. Вяльможны, ганарысты. Ужо ні кроплі не падобны на таго, якім быў яшчэ ўчора-пазаўчора,— разгублепы, нават паніклы, апушчаны.

Скураны спакойна i санавіта зайшоў у былы свой кабінет з бібліятэкай, звысоку i з выклікам зірнуў на яго (а ён сядзеў за пісьмовым сталом i пісаў артыкул), буркнуў:

— Ну, здароў, таварышок...

Не столькі павітаўоя, колькі пакпіў. I далей:

— Глядзі ты, які выслужлівы савецкі чыноўнік! Гаспадары збеглі, кінулі-рынулі ўсё, а ён пільнуе імі нарабаванае...

Васілевіч адказаў на такое непачцівае прывітанне, але ў гамонку не кінуўся — Скураны, бачачы гэта, неяк адразу астудзіўся, паволі сцягнуў папаху, паклаў верхам на стол, укінуў у яе чорныя скураныя пальчаткі, расшпіліў паліто i патупаў кароценькімі ножкамі ўздоўж кніжных шаф, учэпіста ўзіраючыся ў роўненька пастаўленыя кнігі розных памераў i колераў.

— Усё, э-э, на месцы? — нібы пажартаваў, а на самай справе кальнуў, нібы шылам.— Не папасвіўся?

— Каб гэтае дабро было вашым, дык, можа, i пажывіўся б,— рэзка прамовіў ён.— А раз яно стала народным, то бярог i берагу яго.

Скураны аж сцепануўся:

— Ха-ха! Народнае дабро!

— Народнае. У аснове сваёй.

— Што ты хочаш сказаць?

— Тое, пра што падумалі i вы...

— Я нічога ні ў кога не ўкраў. А вось твае новыя сябры, бальшавікі, укралі гэта ў мяне.

— Нацыяналізавалі. Як народнае.

Скураны падышоў, стаў насупраць. Выпнуў жывоцік. Не такі абвіслы, як летась, але ўсё роўна прыкметны.

— Усё, таварышок...— Ухмыльнуўся.— З сённяшняга дня гэты «народны» дом, ці, лепш сказаць, народная прыбіральня зноў становіцца маёй законнай маёмасцю. Так што, таварышок, прыйдзецца пайсці адсюль прэч i панесці з сабой увесь бальшавіцкі дух!

Васілевіч душой адчуў: Скураны здолеў як след падкаціцца да вышэйшага нямецкага камандавання, i тое пайшло яму насустрач, вярнула ягоны палац.

— Зноў становіцеся буржуа? — пакпіў ужо Васілевіч.

— Станаўлюся,— храбрыўся той.— Беларускім буржуа. Адным з нямногіх, адным з самых свядомых i верных народу, які мала варты i маёй свядомасці, i маёй вернасці...

Бачачы, што за апошнія дні Скураны наводшыбе, а ход падзей узялі ў свае рукі іншыя, людзі з Народнага сакратарыята, Васілевіч ужо не адчуваў вялікай патрэбы цырымоніцца альбо гуляць са Скураным, як гуляў да нямецкага прыходу ў Мінск. Пагэтаму ён цяпер секануў таму ў вочы:

— Калі б вы шчыра дбалі пра народ, дык не завіхаліся б сюды перабірацца.

— Дазволь запытаць — чаму?

— Няхай бы тут i далей быў рабочы беларускі клуб.

— Ох, які шчыры, добранькі за чужы кошт! — ашчэрыўся Скураны.— А што шчырае, добрае зрабілі мне гэтыя рабочыя-мінчукі? Нічога! Бо разам з камісарамі абражалі, трэслі, ставілі да сцяны, абрабавалі, выкінулі на вуліцу, паламалі, папалілі мэблю, знішчылі старыя i дарагія карціны, па-хамску снаганілі будынак! Дык што — я павінен не зважаць на ўсё гэта, туліцца ў каморцы i назіраць, што будзе далей?

Сеў. Насупраць.

— He, дарагі. Калі яны да сваей, як ты кажаш, народнай маёмасці такія варвары, то не варты такой ласкі. На далейшы глум дабро я не аддам.

Уталопіўся маленькімі прыплюшчанымі хітрымі вочкамі.

— Так?

Васілевіч не адказаў, пачаў збіраць i складваць у просценькую папяровую папку свае паперы.

— Так, дарагі. Яны ап'янелі ад волі, не, не столькі ад волі, як, э-э, ад нацкоўвання, па бальшавіцкім кіўку рынуліся нішчыць цывілізацыю, дабро, лічачы, што нішчаць стары свет... Яны не бачылі, што бальшавікі далі б ім крыху пасваволіць, выпусціць гнеў, злосць, непрыязнь да адукаваных i багатых, а пасля жалезнай рукой загналі б ix у стайню... I немцы, думаю я, суцішаць, змусяць падпарадкоўвацца, стагнаць, але кланяцца...— Развёў рукамі.— Бо іншага выйсця, каб закілзаць раз'юшаны натоўп, няма... Hi адной уладзе не абысціся без насілля...

Бачачы, што Васілевіч намерыўся ісці адгэтуль, затрымаў:

— Прысядзь. Пагамонім, э-э, троху.

Васілевіч затрымаўся.

— Вось, да слова, хачу ведаць, што ты думаеш пра немцаў?