Выбрать главу

— А вы?

— Ну я, сам бачыш, задаволены імі. Сустрэлі мяне хораша, вярнулі маю маёмасць, згодныя кантактаваць са мной як з палітычным дзеячам... А вось да тваіх нядаўніх калег, сацыялістаў, яны насцярожаныя.

— Ад чаго?

— Ад таго, што Народны сакратарыят амаль у апазіцыі да ix, не зважае, не раіцца, a ўсё робіць сам. Нібы ён толькі гаспадар у горадзе i ў краі.

— Ясна,— пахітаў галавой Васілевіч.— Акупант ёсць акупант! На вуснах — мёд, але ў руках — кій, а ў думках — хцівасць!

— Можа, у чымсьці ты i маеш рацыю. Але, скажу табе шчыра, немцы многае i дазваляюць,— адказаў Скураны.— На іхніх вачах афармляецца ўрад, рэспубліка, а яны амаль спакойныя. Я, прызнаюся, на іхнім месцы не быў бы гэтакі безуважлівы...

— Раўнуеце да ўдач Народнага сакратарыята?— усміхнуўся Васілевіч.

Скураны, седзячы насупраць, зноў прыплюшчыў невялічкія вочкі, зноў зірнуў незычліва — на яго лобе са складкамі, на глыбокіх залысінах выплыла, заблішчэла потная раса. Проста дзіва. Колькі таго чалавека — малы, тоўсценькі, няўклюдны, a гэтакі хітры i злы!

— Я, дарагі, э-э, не ведаю, як усё пойдзе далей,— стрымаўся, сказаў спакойна.— Але, думаю, неўзабаве немцы схамянуцца, супыняць гэты Народны сакратарыят, не дазволяць, каб ён вельмі ўмацаваўся.

Апошняе сказаў, здаецца, з задавальненнем. Канечне, раўнуе, зайздросціць Баравіку, Аўторку, Еўзікаву, якія цяпер сталі лідэрамі беларускага руху, спадзяецца, што тыя спатыкнуцца, а ён у гэты час выхапіць з ix рук лейцы. Недагаворвае шмат, тоіцца, але ўсё ж можна адчуць: ён не супраць паінтрыгаваць, узвысіцца ў цяперашняй заблытанай сітуацыі. Нібы зразумеў, што Васілевіч здагадваецца пра яго патаемныя думкі, падняўся, затупаў зноў па сваім кабінеце.

— Давай гаварыць шчыра,— прамовіў,— што нам трэба? Бальшавіцкія на слых прыгожыя, а на справе небяспечныя i пагібельныя ідэі? Не. Трошкі ўмераныя сацыялістычныя помыслы Народнага сакратарыята? Нe.

— Дык вы — за рэстаўрацыю капіталізму? Старога ладу?

— Як вас ужо сапсавалі! — павярнуўся, зірнуў на яго Скураны,— Капіталізм, буржуй, старарэжымнік — гэтыя і іншыя нармальныя словы пудзіла ўжо для вас! Адчуйце вы, дурныя галовы: капіталіст — гэта не бандыт, не злодзей, не нейкі цмок, а найлерш — гаспадар! Калі ўсё належыць усім, то толку не будзе. А вось калі над усім ёсць гаспадар, які не толькі сумленнем, але i кожнай крывінкай дбае пра гаспадарку, лад, прыбытак, дык гэта — тое, што трэба, каб жыць як след!

— Значыць, вы — за праграму Часовага ўрада?

— Але. На першы погляд гэтая праграма нібы не для ўсяго народа, нібы толькі для такіх, як я, але на самай справе яна — i для ўсіх. Гэты спосаб яшчэ не вычарпаўся, у ім шмат разумнага, яго трэба толькі ўдасканаліць. Пераломныя, кажу, вабныя, але згубныя навацыі нам не патрэбны. Яны — найперш для балбатуноў, гультаёў, якія пры ix усплывуць на паверхню, зажыруюць, але ў рэшце рэшт разваляць усё...

Васілевіч змаўчаў. Што тут скажаш? Скураны ёсць Скураны. Пяе пра тое, што па душы.

— I зразумей, дарагі,— Скураны падняў i паківаў тоўстым пальцам.— Немцы сацыялістычныя ідэі ніколі не падтрымаюць. А вось з маімі згодзяцца. Бо яны блізкія ім па духу. Нават больш...

— Пачакайце,— перапыніў яго Васілевіч.— Але вы чамусьці не зважаеце на адзін момант.

— На які? — запыніўся той.

— A калі бальшавікі не толькі ўтрымаюцца ў цэнтры, але зноў вернуцца сюды?

— Я веру, што гэтага не адбудзецца.

— Ведаеце, усякае можа быць. Па-першае, неспакойна ў самой Германіі. Па-другое, заўважце, не такі ўжо жалезны лад у яе арміі. Многія салдаты хочуць ужо вярнуцца дадому. I яшчэ ёсць адзін нюанс.

— Які? — падышоў, зноў сеў насупраць Скураны.

— Капіталістычны лад не захоча вяртаць народ. Ён ужо настроены на іншае.

— Што я магу, э-э, табе адказаць. Калі бальшавікі вернуцца, дык ні я са сваёй праграмай, ні Народны сакратарыят са сваімі ідэямі не ацалеем, бальшавікі пачнуць бурыць тое, што задумалі. А вось калі не вернуцца, то, думаю, нам немцы памогуць уладкавацца па-разумнаму...

— Гэта значыць — вы не супраць згадзіцца на тое, каб па спінах нашага люду пагуляў нямецкі бізун?

— Паўтару яшчэ раз, э-э, дарагі: не было, няма i не будзе ўлады, што не ўжывала б насілле... Рана-позна мусім выкарыстоўваць яго i мы...— Развёў рукі.— Так ужо робіцца-дзеецца спрадвеку... Бізун i пернік — неад'емныя атрыбуты ўсіх часоў, усіх сістэм i ўсіх урадаў... Праўда, пры ўсім гэтым трэба вытанчаная дэмагогія, хлусня, цацанкі-абяцанкі народу...— Скрывіўся ва ўхмылцы, пагладзіў некалі поўны, а цяпер абвіслы i нібы пусты падволіч.— Калі ты, дарагі, не гатовы да гэтага, дык табе не варта займацца такой мудрай i цяжкай справай, як палітыка... Ясна?