Выбрать главу

Пасля, калі праводзіў яго, Скураны паблажліва паляпаў па плячы:

— Ладна, заходзь. Пагамонім яшчэ, паглядзім, што i як рабіць далей... Нямецкую стрыманасць, а то i гульню трэба спажыць як след...

5.

Нa дварэ было ясна — высілася блакітнае неба, ззяла не вельмі цёплае, але па-маладому яркае сонца, у прасторы, а таксама ў парку, на вуліцы трымалася нейкая адмысловая маразнаватая празрыстасць,— як i належыць, не здавалася, брала сваё зіма, ды ўжо настойліва, узбуджаючы прыроду i хмелячы чалавечую душу, ішла вясна. Праўда, вось такое супадзенне холаду i цяпла было толькі ўдзень, a ўночы па-ранейшаму яшчэ лютаваў, нібы спаганяючы сваю апошнюю злосць, мароз.

Васілевіч, апусціўшы галаву, шпарка адыходзіў ад палаца Скуранога i які ўжо раз за сваё жыццё адчуваў гнятлівы, нават пакутлівы стан: вось зноў без работы, без кавалка хлеба. Як хочаш жыві, кармі вялікую сям'ю, a ў дадатак да ўсяго зноў адарваны ад берага, вынесены на струмень незразумелай плыні. Куды кіравацца, да чаго прыстаць? Ну i час! Ну i эпоха! Чакаў-чакаў столькі перамен, дачакаўся — ажно з імі яшчэ цяжэй! Вір! Неразбярыха! Hi ў чым не гаспадар сам сабе, ва ўсім залежыш ад чаканых i неспадзяваных падзей, чужой волі. Хоць плач, хоць вешайся ад свайго бяссілля.

Несвядома азірнуўся: за ім ішоў чалавек. Невысокі, прысадзісты, ва ўсім цывільным — у ботах, у кажушку i авечай аблавушцы. Можa, i заможны селянін, можа, i гараджанін. Убачыўшы, што на яго ўгледзеліся, нібы сумеўся, запаволіў крок. Няўжо шпік? Але ад каго? Ад Ландара? Ад Скуранога? Ці ад немцаў?

Затахкала сэрца. Утуліў галаву, пакрочыў па пачышчаным i пасыпаным пяском ходніку далей; калі неўзабаве павярнуў на іншую вуліцу, дзе ўжо стаяла нямала двухпавярховых камяніц, зноў азірнуўся: цывільны сапраўды ішоў за ім. Васілевіч яшчэ трохі пратэпаў, а пасля, калі наблізіўся да невысокай тоўстай тумбы з аб'явамі на нямецкай i рускай мовах, запыніўся — прыкінуўся, што мае вялікі інтарэс да гэтых папер.

Як пачуў па кроках, мужчына неўзабаве падышоў, таксама запыніўся каля тумбы. Леваруч, збоку. Здаецца, дыхаў няроўна, з хваляваннем.

— Выбачайце,— прамовіў. Па-беларуску.— Вы — Сымон Васілевіч?

— Я,— насцярожана адказаў ён, перавёў позірк на нечаканага спадарожнага. Малады, гадоў дваццаці трох, з кірпатым носам, з шэра-зеленаватымі вачыма. Нібы знаёмы. Недзе зусім нядаўна сустракаліся.

— Я — ад Чарвякова i Жылуновіча — Цішкі Гартнага...— сказаў той.— Мне трэба з вамі пагаварыць.

Ага, цяпер ясна. Значыць, ён — адзін з тых беларусаў, каго лёс закінуў у Петраград i хто не знік у людскім моры, гуртуецца з землякамі i бярэ ўдзел у беларускім руху. Калі сябруе з Чарвяковым i Жылуновічам, дык альбо бальшавік, альбо левы грамадовец. Значыць, летась, у снежні, быў на Усебеларускім з'ездзе, дык вось i бачыліся там, кінуліся адзін аднаму ў вочы. Пачакай-пачакай. Ці то Усціловіч, ці то Лагун. I адзін, i другі — пасланцы ад рабочых, левыя, разам з Чарвяковым i Жылуновічам нападалі на ix, мінскіх грамадоўцаў.

— Я прыехаў сюды легальна, але вось цяпер, калі тут немцы, мушу падпольнічаць.

— Вы...

— Для вас я — Язэп...

Васілевіч. Ясна. Пагаворым тут ці зойдзем куды ў зацішнейшае месца?

Я з э п. Давайце перакінемся словам-другім тут з вамі, а пасля вы заведзіцё мяне да Лашковіча.

В а с i л е в i ч. А вы ведаеце, што я пасля разгону нашага кангрэса супрацоўнічаў з Савецкай уладай, a Лашковіч быў у падполлі, кажуць, перамаўляўся з Доўбар-Мусніцкім, каб разам змагацца супраць Мяснікова, Калмановіча, Ландара — карацей, супраць бальшавікоў?

Я з э п. Чулі. Нават i пра тое, што Лашковіч разам з іншымі сваімі калегамі быў зняволены.

В а с і л е в і ч. Што ж, я — тут, як кажуць, да вашых паслуг. Праўда, я цяпер адзінокі. Як дзік-бадзяга.

Я з э п. Чарвякоў i Жылуновіч прадбачвалі, што вы можаце апынуцца ў такой сітуацыі...

В а с i л е в i ч. То слухаю вас.

Я з э п. Яны шчыра, сардэчна просяць: калі ласка, не хаўрусуйце з немцамі, не дайце запляміць ні сябе, ні беларускі pyx.

В а с і л е в і ч. Аоабіста я не маю ніякай ахвоты нюхацца з чужынцам-акупаптам.

Я з э п. A Лашковіч? Баравік? Аўторак альбо Еўзікаў? Адным словам, падпольны Савет Усебеларускага з'езда? Народны сакратарыят?

В а с і л е в і ч (уздыхнуў). Не ведаю. Апошнія два месяцы мы не толькі не перамаўляліся, але нават i не бачыліся. Але па маніфесце, што яны цяпер абнародавалі, не відаць, каб імкнуліся да хаўрусніцтва.

Я з э п. Але i не відаць, каб заклікалі змагацца супраць акупанта. Ваўсю дакараюць, абвінавачваюць не толькі Саўнарком Заходняй вобласці, але i Савецкую ўладу ўвогуле. А што гэта значыць? Яшчэ крок-другі — i ў абдымках з кайзерам!