Я з э п. Спачатку i ў нас бушавалі пачуцці... Але цяпер...
Л а ш к о в i ч. Што — цяпер? Вы верыце Сталіну, Свярдлову, урэшце Леніну?
Я з э п. Верым. Мы не ведаем: якраз так, як лічыце вы, ці зусім іначай рабіў тады, да слова, нарком па нацыянальных справах Сталін, але цяпер бачым: ён ад імя цэнтральнай улады адносіцца да нас, да Белнацкома сур'ёзна...
Л а ш к о в і ч (гнеўна). «Ад імя цэнтральнай улады!» Я, малады чалавек, больш ні кроплі не веру ў гуманнасць, дэмакратыю ўлады, што гвалтам разагнала Устаноўчы сход — форум, на якім уся краіна павінна была сама вырашыць свой далейшы лес. Усё, усякая дэмакратыя ўжо скончылася, не паспеўшы як след нарадзіцца. Наперадзе бачу я вялікі мардабой, рэкі крыві, слёз i ўсталяванне чагосьці жудаснага, пра што i маёй фантазіі не хапае. «Загонім у шчасце жалезнай рукой!» Што ж гэта, скажыце мне, за шчасце, калі да яго трэба гнаць пад бізуном альбо вінтоўкай? Я ўжо часамі думаю: a ці трэба была нам увогуле рэвалюцыя, калі пасля яе гэтак прагна i жорстка ўзурпіруюць уладу ўчарашнія рэвалюцыянеры?
Я з э п. Выбачайце, я не жадаю дыскутаваць на гэтую тэму... Адкажыце ясна на іншае...
Л а ш к о в і ч. Не, малады чалавек! Трэба думаць, дыскутаваць i пра гэта. Іначай некалі можна дорага заплаціць, што ў нашы дні не думалі, не аналізавалі, слепа паверылі таму, хто вырваўся на паверхню...
Я з э п. Як я разумею, асабіста вы супрацоўнічаць з Савецкай уладай, з намі не жадаеце?
Л а ш к о в i ч. «Не жадаю» — не тое слова. Лепш сказаць — баюся. Асцерагаюся новага падману, гульнi, вельмі не веру ў будучыню вашай прабальшавіцкай суполкі. Яе, можа, стварылі толькі для таго, каб нас супакоіць, завабіць на свой бок, урэшце, каб варожа настроіць супраць немцаў i ўцягнуць наш народ у партызанскую барацьбу...
Я з э п (усміхнуўся). Вось мы кругамі прыйшлі да таго, з чаго пачалі нашу размову: вы i немцы...
Л а ш к о в і ч. Скажу шчыра: асабіста я пакуль што не ведаю, як паводзіцца. Як бачыце самі, немцы нам вельмі не спрыяюць, але i не замінаюць, стрымалі амбіцыі легіянераў Доўбар-Мусніцкага.
Я з э п. Паўтару: Чарвякоў i Шылуновіч напрамілы бог просяць не гешэфтаваць з акупантамі, наладзіць саюз з намі. Мы павінны ісці разам. Да адной мэты.
Л а ш к о в і ч (зноў сеў насупраць, зірнуў чэпка, наваг трошкі з'едліва). Ды я бачу: вы ўсур'ёз паверылі, што цэнтр нашага руху перамясціўся ў Петраград i Маскву, што галоўная яго сіла — якраз вы i што можна дабіцца беларускай дзяржаўнасці толькі ў хаўрусе з Саветамі!
Я з э п. Сапраўды, усур'ёз.
Л а ш к о в і ч. Дзіўлюся вашай веры! I ў бальшавіцкую ласку, i ў сваю шчаслівую планіду!
Я з э п. Без веры не варта брацца нават за штосьці маленечкае.
Л а ш к о в і ч. Даверлівыя душы, летуцепнікі, з кім i як вы думаеце згарбузаваць такую цяжкую рэч? Дзяржаўнасць!