Я з э п. Мы пачынаем абапірацца на мільёны нашых бежанцаў. На рабочых, сялян, салдат. На народ.
Л а ш к о в і ч. Ну-ну! Проста-такі знойдзеце выпадкова агромністую помач!
Я з э п. Я добра разумею, над чым вы іранізуеце. Вы, мы дагэтуль любілі свой народ, змагаліся за яго правы, але, давайце прызнаемся, не давяралі яму за яго «неразвітыя нацыянальныя пачуцці». Цяпер, калі Савецкая ўлада робіць усё ад імя народа i дзеля народа, мы ўсе павінны не толькі верыць свайму люду, але заклікаць яго самому рашаць свой лёс...
Л а ш к о в і ч (паныла). I счэзне, знікне ваш кліч, як у пустыні...
Я з э п. Дагэтуль наш люд, можа, не разумеў, чаго мы ад яго чакаем, альбо асцерагаўся ісці за намі. Цяпер, калі добра пагаварыць, i зразумее, i пойдзе разам, паможа дабіцца таго, што нам належыць па праве.
Л а ш к о в і ч (паблажліва). Летуценнікі!
Я з э п. I летуценнікі, i рэалісты.
Л а ш к о в і ч. Я, малады чалавек, сын простай сялянкі-гаротніцы. Яна любіць, шкадуе мяне, разумее мае мары i помыслы, спачувае, але... баіцца таго, пра што думаю я. Гэты яе страх перадаўся ёй яшчэ ад бацькі i дзеда. A ў іншых — не толькі страх, але i ўжо абыякасць да свайго лёсу, да сваёй годнасці, пакорлівасць. Спадзявацца на раптоўнае ўваскрасенне, помач такіх забітых душ — марная рэч. Што зробім мы, жменька свядомых інтэлігентаў, тое i будзе.
Я з э п. Не. Цяпер i тут, на радзіме, i там, у бежанстве, наш люд ужо не такі. Вайна, рэвалюцыі змянілі яго. Калі не ўваскрасілі, то абудзілі. Мы не в ы п а д к о в а, як вы кажаце, а свядома думаем знайсці ў ім трывалую падпорку. Іначай, паверце, не варта нават задумліваць ідэю нашай нацыянальнасці, дзяржаўнасці.
Л а ш к о в іч. Я ўсё ж лічу іначай. I пакуль што, як бачыце, ушчыльную да нашага запаветнага падышлі якраз мы.
Я з э п. Зразумейце: усё, што зробіце вы тут пры немцах, не падтрымаюць не толькі Мяснікоў i цэнтр, але не падтрымаем i мы.
Л а ш к о в i ч. Што ж, вы ідзіце адным шляхам, мы пойдзем іпшым. Час пакажа, хто меў рацыю. Пакуль што — сур'ёзныя набыткі ў нас. Мы першыя за нашу доўгую i шматпакутную гісторыю наблізіліся да таго, каб аб'явіць народу, усяму свету Беларусь як дзяржаву.
Я з э п. I надоўга?
Л а ш к о в і ч. Хоць на год! Хоць на месяц альбо тыдзень! Абы толькі гэта прагучала!
Я з э п (з дакорам). Абы... Захапіліся i не зважаеце, што расколваеце наш рух на часткі.
Л а ш к о в і ч (развёў рукамі). Іншага выйсця, на жаль, няма.
Я з э п. Шкада, што вы яго не бачыце i не хочаце шукаць, ухапіўшыся за тое, што апынулася перад рукамі... Не так у нас шмат адукаванага, свядомага пласту, каб не зберагаць яго, a самім распыльваць на грызню, на барацьбу паміж сабой. Так мы, сапраўды, не шмат даб'ёмся, за намі, такiмi, не вельмі паспяшаецца народ, нас, такiх, лёгка спажывуць у сваіх інтарэсах, ператруць нашы ворагі... Паверце, такімі сваімі паводзінамі вы вельмі засмуціце Чарвякова i Жылуновіча — вельмі сумленных людзей, шчырых барацьбітоў за народныя інтарэсы і, выбачайце, адных з самых вядомых, аўтарытэтных цяперашніх нашых лідэраў...
Л а ш к о в і ч (з іроніяй пасміхаючыся). Вось як! Лапкінскія, Нядоля, Васілевіч, я i іншыя ветэраны — ужо не лідэры? Лішнія альбо павінны прыслужваць?
Я з э п. Не трэба. Давайце без амбіцый.
Л а ш к о в i ч. I вы таксама...
Я з э п. У нас, паверце, не амбіцыі. У нас — рэалізм, клопат пра святую для нашага народа справу.
Л а ш к о в і ч. I ў нас, малады чалавек, тое ж. Толькі, кажу, мы пойдзем сваім шляхам, намагаючыся не ўпусціць спрыяльнага моманту, які, зразумейма, бывае вельмі рэдка... Дзеля гэтага мы гатовыя i ахвяраваць. Не толькі сваей рэпутацыяй, але i сваім жыццём...
6.
Лашковіч, Васілевіч i Нямкевіч пакінулі Лашковічаву маці каля драўлянага доміка, дзе яна кватаравала з сынам, a самі заспяшаліся на пасляабедзенную сходку Народнага сакратарыята.
Канчаўся люты; як i заўсёды ў гэты час, уночы яшчэ ціснуў мароз альбо сыпаўся снег, але ўдзень мякчэла — ўсё роўна ўладарна ішла вясна. Вышэла, яснела з кожным днём неба, а заадно ярчэла ажыўленае сонца, пахла халоднымі капяжамі, трошкі прыпаранымі дрэвамі i сагрэтымі ў зацішку платамі, драўлянымі i цаглянымі сценамі будынкаў.
Вось цяпер таксама ззяў, нават ужо трошкі сляпіў у паблакітнелай высі яркі кружок, хвалюючы душу блізкімі вясновымі зменамі.
На мінскіх ускраінах усё ішло-набліжалася, як i раней, само па сабе, па нейкім простым i ў той жа час мудрым спрадвечным крузе, a ў цэнтры за апошнія дні вочы пачалі ўжо прывыкаць i да іншага акаляючага малюнка — да купак нямецкіх афіцэраў i салдат на вуліцах, да германскіх сцягоў на ўстановах, расклееных на тумбах аб'яў, загадаў на нямецкай i рускай мовах.