— Хоць i далі ім нашага перакладчыка, але ўсё роўна ўпарта не хочуць ужываць беларускую мову! — зморшчыўся Лашковіч, паказваючы на адну з вывешаных ужo на Захараўскай вуліцы аб'яў. У ёй мінчукам загадвалася за тры дні здаць агнястрэльную i халодную зброю, узятыя пасля адыходу Саветаў грошы, а салдатам, дэмабілізаваным з рускай арміі,— замальдавацца ў нямецкай камендатуры. У цывільных канторах трэба было запісацца і ўсім іншым мінскім насельнікам.
— А можа, i лепш, што якраз такія аб'явы не на беларускай мове,— задумліва, разважліва сказаў Васілевіч.— Тут беларуская мова не толькі не палагала б, але, наадварот, бэсціла б нас...
Лашковіч не паспеў адказаць. Па-першае, маючы прагерманскі настрой, думаў, як i за што заступіцца за «дабрадзеяў», а па-другое, ледзь не на ix рухаўся нямецкі канвой — хілы невысокі афіцэрык з шашкай i двое салдат з вінтоўкамі вялі ўверх, можа, i да былой царскай турмы (дзе, да слова, пасядзелі i Лашковіч, Васілевіч ды Нямкевіч), вусатага дзядзьку ў ботах, чорнай куртцы i маладога хлопца ў шынялі.
Наблізіўшыся, нямецкі афіцэр узмахам рукі рашуча загадаў саступіць дарогу. Яны паслухалі, збочылі i доўга праводзілі арыштаваных позіркам: за што ж ix зняволілі?
— Сабатажнікі,— патлумачыў ім выпадковы прахожы ў капелюшы i з кавенькаю.— Кажуць, хацелі сапсаваць электрастанцыю.
Гэта не было вялікай навіною. Як гаварылі ў горадзе, не дужа ласкава сустрэлі немцаў i ў іншых мінскіх мясцінах — у дэпо, на заводах, у сталоўках. Першыя дні нямецкі гораданачальнік званіў ім i прасіў разабрацца, памагчы, а цяпер, бач, пачалі прыструньваць непаслухмяных самі.
«Значыць, ёсць у Мінску i тыя, хто не толькі не лічыць немцаў за дабрадзеяў, але i шкодзіць ім...» — цёпла падумаў Нямкевіч.
Лашковіч так нічога i не прамовіў; Васілевіч жа ўздыхнуў:
— Не, Максім. Не будзе той ідыліі, пра якую вы гаварылі на днях на банкеце ў «Еўропе»...
Далей да свайго «ўрадавага» будынка яны кльшалі ўжо моўчкі, прыгнечаныя ўбачаным. Ясна, што i ім, i немцам трэба цягнікі, электрычнасць, харч, але i гэтак жа ясна, што не набудзеш вялікай славы сярод сваіх жа людзей, калі будзеш папікаць ix за тое, што яны шкодзяць. Гэтая шкадлівасць — барацьба. I святая. Па праве заняволеных.
Задуменна ўвайшлі ў прыбраны i вымыты ўжо дом, падняліся ў «міністэрскі» кабінет — у вялікі пакой са сталамі літараю «Т» з крэсламі абапал сталоў i сцен, з новымі фіранкамі на вокнах. «Міністры», іхнія прыхільнікі Народнага сакратарыята сустрэлі ix, найперш Васілевіча i Нямкевіча, спакойна — уволю адчыталі «за савецкія грахі» пазаўчора.
Яны прыселі з краю. Прамаўляў якраз Янка Аўторак — ён сядзеў за галоўным сталом. Не ў шынялі, як гэта было ў першыя дні, a ў мундзіры. Пакой, як i ўвесь дом, быў ужо добра ацеплены.
— Дык зачытваю, спадары, ліст,— павёў рэй далей Аўторак, падносячы блізка да твару белы аркушык.— «Паважаны ягамосць Доўбар-Мусніцкі! Як усе ведаюць, у ноч на 20 лютага г. г. Мінск спешна пакінулі Саветы. Мы ў гэты час выходзілі з падполля i толькі пачыналі кіраваць Мінскам. Хаос, неразбярыху, што былі зусім невялікі час, спажылі мінская польская вайсковая арганізацыя i польская міліцыя, а таксама войскі вашай перадавой часці, што ўступілі ў Мінск 20 лютага. Яны ўзялі за здабычу вялікія сумы грошай, з вайсковых сейфаў i ўстаноў, у тым ліку 12 мільёнаў рублёў з Мінскай паштовай канторы. Паколькі на нас цяпер кладзецца клопат i пра мінскіх, i пра ўсіх насельнікаў краю, просім вярнуць гэтыя 12 мільёнаў рублёў у Народны сакратарыят Беларусі».
— Чаму — толькі 12 мільёнаў? — падаў голас хмурны Шуляк.— Упраўляючы справамі, Заяц, добра падлічыў: доўбарчыкі прысвоілі болей 20 мільёнаў!
— Будзьма рэалістамі, спадары,— сказаў Аўторак.— Запатрабуем менш — дык аддадуць. Запатрабуем усё — не вернуць ні капейкі. Скажуць: мы нічога не бралі...
— На ix скоса пазірае нямецкае камандаванне. Папросім Фолькенгейма — дык ён націсне.
— Давайце будзем абачлівыя,— прамовіў Аўторак.— Хто за тое, каб паслаць Доўбар-Мусніцкаму якраз гэты ліст?
Галасавалі толькі тыя, хто сядзеў цяпер за стадом літараю «Т» — хто меў «партфель». Амаль усе былі «за».
— Далей...— прамовіў Аўторак, але не дагаварыў, зірнуў на дзверы.
За ім павярнулі галовы i амаль усе: сюды зусім нечакана зайшлі госці. Немцы. Высокі, рабаціністы паручнік Шранк, нізкі i тоўсты фельдфебель у масіўных акулярах i з тоўстым сшыткам-гросбухам пад пахаю, два ўзброеныя салдаты i высокі ды худы Сінілаў у форме падпалкоўніка царскай ахранкі. Ён, гэты Сінілаў, на днях перабег ад ix да немцаў i стаў намеснікам іхняга гарадскога паліцмайстра.