Ш р а н к (адзін наблізіўся да сталоў, абвёў усіх халодным позіркам. Аўторку. Не павітаўшыся). Вашы ўсе тут?
А ў т о р а к (падымаючыся з-за свайго стала). Амаль, пан паручнік. Вы маеце да нас які-небудзь клопат?
Ш р а н к (ухмыльнуўшыся). Маю. I вельмі вялікі.
А ў т о р а к (думаючы, што зноў будзе нейкая прэтэнзія з-за непаладкаў у горадзе). Мы слухаем вас, пан паручнік.
Ш р a н к (строга). Я мушу, панове, сказаць вам не вельмі прыемнае, але мусовае. Мы павінны забараніць у горадзе ўсякую палітычную дзейнасць. Само па сабе зразумела, вашу — таксама.
А ў т о р а к (бялеючы, але квола ўсміхаючыся). Вы — добры гумарыст, пан Шранк!
Ш р а н к (непарушна). Я не жартую. Я прыйшоў рэквізаваць рэзідэнцыю для патрэб нямецкай арміі.
А ў т о р а к (разгублена). А мы?
Ш р а н к. Я ж кажу: вы павінны спыніць сваю палітычную дзейнасць.
А ў т о р а к (белы ўжо як палатно). Хто так рашыў? Генерал Фінкельштэйн? Фолькенгейм? Берлін?
Ш р а н к. Хто так рашыў, я не ведаю. Такі загад мне перадаў наш гораданачальнік.
Б а р а в i к (гнеўна). Вы-зва-лі-це-лі!!!
Шуляк. Гуманісты i зычліўцы!
Н я д о л я (у тон апошнім). Заступнікі прыгнечаных i прыніжаных!
А ў т op а к (стрымана, лаяльна). Панове, не варта гарачыцца. Давайце пазвонім самому камандуючаму Усходнім фронтам, пагаворым з ім. Можа, выявіцца якая-небудзь прыкрая памылка. Быць не можа, каб забараняўся якраз наш палітычны pyx!
Ш р а н к. Не, панове. Памылкі няма. Ваенная сітуацыя, акты сабатажу ў горадзе змушаюць нас узяць усю ўладу ў горадзе ў свае рукі. Пад знешняй пакорлівасцю, панове, вы ўсё ж непакорлівыя...
A ў т о р а к. Асабіста мы, пан Шранк, законная ўлада шматмільённага народа!
Ш р а н к. Мы можам дыскутаваць, панове, але вышэйназваны загад ужо ўступае ў сілу.
Ш у л я к (змрочна). Пабылі гаспадарамі ў сваім доме!!! Пяць дзён!!!
Ш р а н к (па-ранейшаму холадна i разважліва). Ёсць просьба, панове. Не трэба шумець, пратэставаць, а гэта значыць — узбуджаць горад, настройваць супраць нас. Прыйдзе лепшы час — будзе i новы паварот у палітыцы, у тым ліку i нацыянальнай.
Б а р а в і к (цяжка ўздыхнуўшы). О, божа! Зноў мы не можам казаць, што баліць душа, няма ні жыцця, ні свету, зноў мусім гнуць спіну i дзякаваць!!!
Ш р а н к (не ўсё аразумеў, бо Баравік гаварыў па-беларуску). Прашу, панове, пакінуць дом.
Праз хвілін пятнаццаць, пасля бясплённай перапалкі, усіх — «міністраў» таксама — лічы, бесцырымонна выкінулі на вуліцу, а халодны i гаспадарлівы Шранк у дадатак па праве дужэйшага прыхапіў з сабою ўвесь іхні «дзяржаўны» скарб — як казаў Лашковіч, каля паўмільёна рублёў...
7.
Калі «міністры» з Народнага сакратарыята i ix сябры не толькі засмуціліся, але нават палі духам, што з імі гэтак двудушна i жорстка абышліся нямецкія генералы, дык Скураны ажыў, душою адчуў: здаецца, зноў узыходзіць яго зорка...
Сказаць шчыра, яму таксама кальнула ў сэрца, што госці-акупанты гавораць адно, а робяць, бач, зусім інакш, адчуваючы, што ніхто не можа даць ім здачы. Але i ў той ж а час быў рады, што пстрыкнулі па носе якраз яго супернікам — тым, некаторыя з якіх летась, улетку, не толькі адабралі ад яго руль, але ўвогуле амаль адлучылі ад руху.
Разгубленыя, засмучаныя «ўрадоўцы» пабрылі сваёй дарогаю, каб, можа, зноў, як яшчэ нядаўна, сабрацца ўпотай i паразважаць, што i як чыніць далей, а Скураны, як толькі даведаўся пра апошнюю падзею, адразу ж паслаў пакаёвага па калег па іхнім яшчэ i цяпер падпольным Мінскім народным прадстаўніцтве. Пасля, калі прыйшлі акрыялы пасля радыкуліту генерал Петрыкевіч, ксёндз Мяцельскі ў доўгай чорнай сутане, зблажэлы былы рэдактар «Нашай Нівы» Уласаў, ён, тоячы эмоцыі, нібы са скрухаю расказаў ім, што сёння здарылася — асцярожна звінаваціў Народны сакратарыят за «нягібкую» палітыку, а потым, ужо не хітруючы, заявіў, што «цяпер» якраз нам трэба не толькі выйсці на людзі, але ўлічыць няўдачу нашых левых, узяць беларускую справу ў свае рукі». Параіўшыся, прыйшлі да згоды: трэба не адкладаючы, ужо заўтра, пакуль не апомніліся «левыя», яму, Скураному, сустрэцца з нямецкім камандаваннем i як след пагаварыць з ім.
Назаўтра, у марозны сонечны паўдзёнак, Скураны прыбыў на санях да будынка, дзе размясціўся штаб 10-й нямецкай арміі, i папрасіў дзяжурнага афіцэра паспрыяць сустрэцца яму з генералам Фінкельштэйнам, каб пазней, уведаўшы думкі гэтага высокага чына, бачыць: варта ці не варта імкнуцца дапасці да самога камандуючага Усходнім фронтам, а праз яго — можа, i ў Берлін.
Калі дзяжурны афіцэр пачуў, хто ён такі (а ён пайперш назваў свае высокія пасады пры царскай уладзе), яго трохі патрымалі ў прыёмнай, а пасля, праз паўгадзіны, павялі да генерала Фінкельштэйна.