Выбрать главу

Той, важны, падзьмуты, пры пенснэ, сядзеў за пісьмовым сталом i штосьці чытаў з чырвоным алоўкам у руцэ. Калі Скураны падышоў па зялёным, з чырвонымі палосамі доўгім ходніку, Фінкельштэйн падняў галаву, прыбраў пенснэ, стомлена заплюшчыў вочы, пацёр ix, а пасля, усміхаючыся, устаў i выйшаў з-за стала. Зноў, як i тады, на вакзальным пероне, аглушыў сваім ростам i цяжкою паставаю: Скураны быў з тых невысокіх мужчын, хто пакутаваў ад таго, што хтосьці вышэйшы, больш шчодра надзелены прыродай мужчынскасцю.

— Рад бачыць i вітаць, пане Скураны! — аж засвяціўся генерал, нагінаючыся i паціскаючы яго невялікую руку.— Як уладкаваліся ў сваім законным доме?

— Дзякуй! — усміхпуўся i ён, бачачы, што гэты важны вайсковы чын умее не толькі фанабэрыцца, але i дыпламатнічаць,— З вашай ласкі я зноў адчуў сябе чалавекам.

— Мы, пан Скураны, паважаем сапраўдных гаспадароў ва ўсіх нацыях, не дазваляем крыўдзіць ix.

— Бо разумныя i культурныя,— паліслівіў ён, адчуваючы, што калі добра паварушыць мазгамі ды пашукаць патрэбныя слоўцы, то можна будзе тое-сёе з гэтага зубра калі не выцягнуць, дык хоць змусіць яго паласкавець. Заадно Скураны так захапіўся, узяў сябе ў рукі, што i э-экаць перастаў.

— Пабыўшы тут, я ўбачыў: ваш народ вельмі блізкі да заходняй культуры.

— Сапраўды, мы, лічы, аж да дзевятнаццатага стагоддзя мелі цесныя варункі з Еўропаю.

— Прыемна, вельмі прыемна!

Пастаялі, трымаючы руку ў руцэ. Потым генерал павёў у кут кабінета, да абцягнутай чорнай скураю канапы. Селі.

— Ну, які настрой у горадзе, пан Скураны? — запытаў гаспадар кабінета, кладучы нагу па нагу i мільгаючы сваімі лампасамі.

— Трошкі быў узбуджаны, а цяпер паспакайнелы, пан генерал,— адказаў ён, таксама паклаў кароткую i тоўстую сваю нагу на нагу.

— Вы сапраўды лічыце: паспакайнелы? — ужо без усмешкі, але зычліва, мякка запытаў генерал.

— Сапраўды.

— А нам здаецца, пан Скураны, што i ўзбуджэнне застаецца, i нават горш — супраць нас пачынаецца падпольная барацьба. Акты сабатажу, лістоўкі, а таксама напад з-за вугла на нашых афіцэраў — усё гэта нас вельмі насцярожвае...

— Я думаю, пан генерал, бальшавікі i за кароткі час паспелі многім уесціся ў косці. Таму наш люд рады, што яны сышлі, што...

— Выбачайце, пан Скураны,— перапыніў яго Фінкельштэйн.— Ці не выдаеце вы жаданае за існае? Мы хацелі б мець самыя праўдзівыя звесткі. Прыхарошвання, ілюзій нам не трэба.

— Я не ведаю, што i як будзе ў іншых нашых гарадах i вёсках, пан генерал, але лічу: Мінск, стомлены ад вайны i рэзруху, будзе лаяльны, калі пачне адчуваць да сябе гібкую палітыку...

— У чым «гібкую»? — натапырыўся, як вожык, Фінкельштэйн.

— Я разумею, пан генерал, што вы цяпер ваюеце, павінны дбаць пра сваю бяспеку. Але ж вы тут не толькі вайскоўцы, вы — i пасланцы вялікай Германіі, выказнікі яе палітыкі... А тое, што вы ўчора распусцілі Народны сакратарыят, спрыяеце былым, царскім органам улады, робіць на ўсіх цяжкое ўражанне. Нават на тых, хто чакаў вас...

— Пачакайце!— нібы здзівіўся, вытрашчыў вочы Фінкельштэйн.— Вы, як i людзі з Народнага сакратарыята, няправільна, завельмі эмацыянальна ўспрынялі гэты недарэчны інцыдэнт. Наша вышэйшае вайсковае камандаванне не мае да яго ніякага дачынення, мы не супраць вашага руху, яго штаба. Калі ласка, займайцеся сваёй нацыянальнай палітыкай, толькі не замышляйце зламыснага супраць нас...

«Сапраўды не давалі высокай санкцыі на разгон Народнага сакратарыята?— падумаў Скураны.— Ці, памацаўшы нас і ўбачыўшы пратэст, ілжэ цяпер, выкручваецца: бачыце, вінаватыя ва ўсім ніжэйшыя чыны!»

— У Мінску, пан генерал, палічылі: вы, як i бальшавікі, не хочаце паступацца ўладаю, уважаць нашы інтарэсы — інтарэсы нацыі, прыгнечанай суседнім вялікім народам...— падаў сваю думку за ўсіхную Скураны.— Хоць на Украіне вы прызналі мясцовую ўладу...

— Мне сёння перадалі ліст вашага Народнага сакратарыята, дык i там такая ж крыўда...— прызнаўся Фінкельштэйн, падняўся, падышоў да свайго стала i закурыў. Потым, папыхваючы дымам, пачаў хадзіць па кабінеце, па-ранейшаму нібы здзіўляцца: — Дзіўна! Як вы маглі якраз так падумаць пра нас?!

«Ці хітры як ліс, ці тупы як абух! — зазлаваў у душы Скураны.— Няма ж для чалавека большай пакуты за боль стаптанай душы!»

Пасля ўзяў сябе ў рукі: стоп, не траць развагі! Гэта ты, зняважаны, адчуваеш нацыянальны боль, бяспраўнасць, а той, хто зневажае альбо чэрствы да цябе, не адчувае яго. Нават нібы здзіўляецца: чаго ты дрэнцішся, мучыш сябе i ішных? Хіба твой асабісты боль варты вялікай увагі? Не зважай, жыві нашымі вялікімі інтарэсамі!