Выбрать главу

— Нацыянальныя пачуцці — вельмі далікатныя пачуцці, пан генерал,— прамовіў Скураны ўслых.— Ужо некалькі стагоддзяў наш народ дабіваецца прызнання, волі, дзяржаўнасці, але ні польскія каралі, ні рускія цары дагэтуль не паварушылі нават пальцам, каб даць нам жаданае. Прыйшлі вы, пасланцы вялікай культурнай нацыі, усе ўсклалі на вас свае запаветныя надзеі — а вы ўзялі i адвярнуліся!

Генерал падышоў, сеў побач.

— Вось нашы нацыянальныя дзеячы i адчаіліся...

— Супакойцеся, калі ласка, пан Скураны,— лагодна папрасіў Фінкельштэйн.— Мы не хочам сварыцца ні з вялікімі пануючымі, ні з прыгнечанымі малымі народамі, тым больш — нажываць сабе ворагаў. Давайце пагаворым спакойна. Вось як, да слова, вы адносіцеся да пераваротаў у Расіі?

— Лютаўскі я падтрымліваю. Кастрычніцкі — не.

— А я, пан Скураны, супраць абодвух. Калі ix дух перакінецца ў Еўропу, далей, то ўсё ў свеце рухне...

— Але ж Народны сакратарыят, a Мінскае прадстаўніцтва, дзе я лідэр, тым больш...

— Да вашай групоўкі, пан Скураны, мы прэтэнзій не маем,— перапыніў яго генерал.— А вось што датычыць Народнага сакратарыята, то... Там, як мы ўжо ўведалі, шмат сацыялістаў. У іхнім Маніфесце — рэвалюцыйныя бацылы!

— Гэта рэальная сітуацыя, пан генерал!

— I так гаворыце вы, былы дзяржаўны муж, маёмасны чалавек, каму перавароты прынеслі зло?!

— Але, пан генерал. Так гавару i я,— уздыхнуў Скураны,— Каб займацца тут палітыкай, трэба добра ведаць: наш люд вітаў падзенне цара, Часовы ўрад i яго рэформы, пазней яшчэ цяплей вітаў дэкрэты пра мір, пра зямлю. Ён ужо ўпарта не захоча вяртацца ў царскія i панскія аглоблі... Мая, як вы кажаце, групоўка ўмераная, мае шмат ворагаў, а вось Народны сакратарыят з сацыялістычнымі элементамі стаў за гэтыя дні досыць папулярны сярод нашага люду...

— Але на ўзбуджаны, ап'янелы ад прыгожых лозунгаў люд можна знайсці ўправу, пан Скураны!

— Цяпер i ў нас, i ў вас, пан генерал, не час бізуна! — Усміхнуўся ён. Нібы па-таварыску, a ў душы з кпінаю да амбітнага, старой прускай школы салдафона,— Цяпер — час перніка...

Той змаўчаў, падхапіўся i задумліва захадзіў па пакоі. Скураны падскочыў, дробненька затупаў побач.

— А як апынуліся ў Народным сакратарыяце яўрэі? — запытаў Фінкельштэйн.— Самі прыйшлі? Вашы ix запрасілі?

— Так ужо сталася, пан генерал, што ў нас тут амаль усе паны-землеўласнікі — палякі, а буржуазія — рускія i яўрэі,— патлумачыў Скураны.— Цяпер, у вайну, яўрэйская буржуазія яшчэ болей абагацела i ўмацавалася. Так што без яе не абысціся. Паклічаш — можа памагчы, бачачы, што можна найперш уварваць сабе, не паклічаш альбо замахнешся на яе інтарэсы — зганьбіць, умярцвіць любую акцыю. А па-другое, яна i сама прагне быць ва ўсіх лагерах. Каб штосьці ўмацоўваць ці, наадварот, штосьці падрываць знутры... Усё ў гэтым свеце, пан генерал, у рэшце рэшт сыходзіцца на яўрэйскім пытанні альбо на масонстве, якое яны кантралююць...

— Ёсць у Народным сакратарыяце бальшавікі — адзін з найбольш ваяўнічых атрадаў сусветнага іудзейства? — запыніўся Фінкелынтэйн, зірнуў (нібы чымсьці накрыў) зверху.

— Не. Ёсць толькі іхнія прыхільнікі.

— Шмат ix?

— Трое ці чацвёра, пан генерал.

— Вялікі іхні ўплыў на Народны сакратарыят?

— Не вельмі. Ды, паўтару, петраградскія бальшавікі i іхнія мінскія хаўруснікі сваімі апошнімі хадамі падарвалі тут да сябе давер.

— Мы павінны ўсё пра ўсіх ведаць, пан Скураны,— Фінкелынтэйн груба тыцнуў у яго грудзіну пальцам. Пра кожнага тутэйшага палітычнага дзеяча. Каб з кімсьці весці дыялог, трэба добра знаць, чым ён дыхае...

«Ён што — наймае мяне? Філёрам-даносчыкам?»

— Вы павінны памагчы нам, пан Скураны...

Ён вытрымаў цяжкі позірк, але неяк дурасліва ўсміхнуўся. Ад таго, што яго, «былога дзяржаўнага мужа», «маёмаснага чалавека», так нахабна купляюць i на такую агідную ролю.

— Цяпер у Мінску сабраліся розныя, але разумныя нашы людзі,— пачаў ухіляцца ад такой ганебнай місіі i па-свойму спакушаць генерала-акупанта Скураны.— Некаторыя з ix прайшлі праз царскія турмы i катаргу, у людскіх вачах героі-пакутнікі. Калі ix, пан генерал, прыблізіць, памагчы, то многія з ix пагарнуліся б да вас. Думаю, нават у рэшце рэшт згадзіліся б утварыць беларускую дзяржаву, саюзную з Германіяй...

Фінкельштэйн зноў затупаў. Скураны спажыў яго задуменнасць, пачаў ліпка заварожваць:

— Трэба толькі не адварочвацца i не цыкаць на тутэйшыя палітычныя сілы, пан генерал. Наадварот, трэба прыгрэць, падтрымаць. На словах — усіх, на справе — тых, хто згодзен супрацоўнічаць з вамі. Нават з іхнімі сацыялістычнымі ідэямі, якія можна ў любы час патлумачыць па-свойму альбо прыглушыць. Я i мае сябры гатовы быць пасрэднікамі паміж вамі i нашымі левымі... У выніку вы можаце дабіцца многага не зброяй, a гібкай палітыкай...