Пачуў крокі. Матчыны. Адразу выпрастаўся: маці вельмі перажывае, калі бачыць яго сутулым. Гэта адразу б'е ёй па сэрцы: ён — цяжка хворы...
Маці, невысокая, у атопках, доўгай шэрай сукенцы i з накінутай на плечы хусткай, несла яму на сподачку кубак чаю i лустачку хлеба з кавалачкам любовістага сала.
— Падсілкуйся,— усміхнулася.
Глядзіць, як i малога. Заўсёды ветлівая, абы ў яго быў добры настрой. Ніколі не скажа: не лезь ты зноў у палітыку, вяртайся на мэблевую фабрыку, жаніся — i жыві як чалавек. Ведае, бедная, што на фабрыку ісці яму няможна, бо шкодныя фарбы i лак, што не варта жаніцца, каб не завязваць камусьці свет. Маўчыць, дазваляе рабіць што хочаш, абы не засмучаўся. Шкадуе, беражэ i цішком плача па яго долі, загубленай паганымі людзьмі ды самім сабою.
— Дзякуй, мама,— усміхнуўся. З любоўю, з тым глыбокім пачуццём, якое можна набыць да маці праз сваё асабістае гора, блуканні па свеце ды з адчуваннем, што амаль усе, нават твая любімая дзяўчына i многія сябры, адвярнуліся ад цябе, а вось маці ты стаў яшчэ болей дарагі i мілы.
Падмацаваўшыся, цёпла апрануўся i пашыбаваў у горад, да вярбы над Свіслаччу, дзе павінны ўжо чакаць Васілевіч i Нямкевіч. Сёння ён павінен не толькі выслухаць ix альбо штосьці новае даручыць, але i завесці ix на знаёмую ўжо яму яўку — у кааператыў «Рабочы будаўнік», дзе будзе сходка таго-сяго з пакінутых у горадзе Алібегавым i Мясніковым падпольшчыкаў.
Васілевіч i Нямкевіч сапраўды былі ўжо на дамоўленым месцы сустрэчы.
Ідучы з імі да «Рабочага будаўніка», Нядоля пачаў тлумачыць на хаду:
— Учора, хлопцы, у нас з'явіўся падпольны раённы камітэт РКП(б). Хто яго старшыпя i члены, я не ведаю. З-за канспірацыі з вамі хоча сустрэцца i пагаварыць таварыш Бампі з гэтага камітэта. Вось цяпер мы i ідзём да яго.
Пазней, ля самога будынка кааператыва, ix сустрэў яго старшыня — малады, нават яшчэ зусім юны Ходаш Шэпшаль Шэпшалевіч. Ён падаў яму руку, хітнуў галавою Васілевічу i Нямкевічу i павёў ix у сталоўку кааператыва. Там сядзеў малады, як i гаспадар, хлопец у ватоўцы. Гадоў дваццаці двух, не болей. Поўны, нібы вялы ды сонны. Гэта i быў таварыш Бампі, ён жа — Крыніцкі Арон Маркавіч, адказны сакратар падпольнага камітэта.
— Добры дзень, таварышы,— устаў i нечакана ажывіўся ды па-беларуску загаварыў ён. Парукаўся. A зноў сеўшы, смела i ўчэпіста змерваў позіркам ix, старэйшых, зазіраў нібы ў душы.
«Малады, але ранні»,— здаецца, думалі ў гэтую хвіліну Васілевіч i Нямкевіч, якія, мусіць, чакалі, што ix прыме які-небудзь барадач, а не юнак. Ды гэты маладзён не быў ужо зялёны, спрактыкаваны да надпольнай работы тысячамі гадоў сваіх прадзедаў.
— Вы — Васілевіч, а вы — Нямкевіч? — запытаў ён з усмешкаю.— Так? Бачыце, угадаў па тым, як апісаў вас мне таварыш Нядоля, ён жа цяпер — Саша. Вы, Васілевіч, цяпер — Сеня, а вы, Нямкевіч,— Ваня. Згодны?
— Згодны,— адказаў Васілевіч.
— Добра,— Бампі паставіў кулак на кулак i падпёр імі падбародак.— Саша, канечне, расказаў вам ужо, што мы, бальшавікі i іхнія прыхільнікі, пачынаем разгортваць барацьбу супраць нямецкіх акупаптаў i беларускіх нацыяналістаў. Тут, у Мінску, будзем змагацца ў падполлі, a па-за Мінскам трэба ўздымаць партызанскі рух. Тое, што вы, Саша, Сеня i Ваня, будзеце супраць кайзераўцаў, мы не сумняваемся. Вы, як ведаем, шчырыя патрыёты Радзімы. А вось пра тое, што датычыць барацьбы з нацыяналізмам, нам трэба перакінуцца словам-другім. Згодны?
— Згодны,— адказаў Васілевіч.
— Мы ведаем пра ўсе леташнія перыпетыі вашага руху, пра снежаньскі Усебеларускі кангрэс i яго разгон, пра вашы ўзаемаадносіны з Мясніковым, Ландарам i іншымі бальшавікамі. Мы ўхваляем, што асабіста вы, Сеня i Ваня, згадзіліся супрацоўнічаць з Савецкай уладай. Мы толькі хацелі б, каб вы зусім зжылі нацыяналістычныя забабоны, прасякнуліся глыбокім інтэрнацыянальным пачуццём...— Усміхнуўся, не даў гаварыць Васілевічу, які ўжо мыліў вуснамі, каб сказаць сваё: — Ведаю, ведаю: у вас моцныя нацыянальныя пачуцці i вы не хочаце ад ix адмаўляцца!.. Ладна, мы згодны супрацоўнічаць з вамі i такімі, праверыць у справе. А там, як кажуць, час, падзеі пакажуць: падрыхтуецеся вы стаць сапраўднымі бальшавікамі ці не...