Васілевіч i Нямкевіч ca згодаю змаўчалі.
— Наш камітэт просіць вас, Саша, Сеня i Ваня, стаць нашымі вачыма i нашымі вушамі ў Народным сакратарыяце Беларусі, які, здаецца, даволі хутка акрыяў ад нямецкай салдафонскай акцыі i зноў пачынае набіраць сілу. Так?
— Так,— хітнуў галавою ён, Нядоля.
— Вы, Сеня, здаецца, у германафільскай фракцыі, а вы, Ваня, у «прыхільніках» Доўбар-Мусніцкага? — усміхнуўся Бамні.
— Як i сказаў нам Алесь,— Васілевіч кіўнуў на яго, Нядолю.
— Як сказаў Саша...— паправіў Бампі.
— Выбачайце,— папрасіў Васілевіч.
— Дык вось, таварышы, мы павінны ведаць усё, што будзе гаварыцца i рабіцца ў гэтых фракцыях. Чым хутчэйшыя i праўдзівейшыя мы (а таксама нашы «смаленцы») будзем мець звесткі, тым большы будзе ў нас давер да вас. I не толькі ў нас. Але i ў «смаленцаў». I ў Сталіна. Згодны?
— Згодны,— зноў, як і дагэтуль, за сябе і Нямкевіча падаў голас Васілевіч.
— Дзякую,— зноў усміхнуўся Бампі.— Будзем лічыць: кантакт ёсць. Адпаведна, таварышы, падбаем i пра гарантыі. Па-першае, трэба прадуманая канспірацыя, па-другое, каб не было правалу. Выбачайце, хоць вы яшчэ не члены ні нашага камітэта, ні арганізацыі, толькі наш актыў, але вы павінны захоўваць у вялікай тайне ўсё, што пачуеце ад нас, i гатовы нанесці самае суровае пакаранне за лішнюю балбатню альбо за здраду... Іначай нашаму саюзу, нашаму змаганню за бальшавіцкія ідэі будзе грош цана... Згодны?
Васілевіч i Нямкевіч хітнулі галовамі.
— Больш сюды самі, таварышы, не прыходзьце,— дадаў Бампі.— Па-ранейшаму ваш старшы — Саша. Усё, што трэба, скажа альбо возьме ад вас ён.— I які раз паўтарыў сваё любімае: — Згодны?
9.
Сёння, на пачатку сакавіка, зноў на кватэры Баравіка сабраўся разам Выканком Савета Усебеларускага з'езда. Які ўжо раз употай. Цяпер — ад нямецкага камандавання, а заадно і ад суполкі Скуранога, які не толькі цураецца іх, але і пачаў жвава пакручвацца каля немцаў, а заадно ў сакрэце і ад некаторых сваіх новых сяброў з Мінскай думы, губеранскай земскай управы, з Бунда, расійскіх партый.
— Спадары! — абвёў усіх позіркам Янка Аўторак. Як заўсёды, у вайсковай форме без пагонаў, аскетычны. Ён за гэтыя два тыдні яшчэ болей умацаваўся як лідэр.— Як вы ведаеце, бальшавікі і немцы заключылі мір у Бярэсці. Гэта значыць, што нямецкае наступленне на Усход запыняецца: Савецкі ўрад, Ленін дабіліся часу для перадышкі. Мы з вамі не ведаем, колькі будуць гэтыя адмысловыя заручыны, стануць на ногі бальшавікі ці не, але адно мы бачым, адчуваем сваёй скурай добра: як і якой цаной заключаны гэты хаўрус. Каб дабіцца яго, бальшавікі пайшлі на агромністыя страты. Для нас, беларусаў, асабліва жахліва, што Масква і намі, братамі-славянамі, заткнула кайзеру рот, кінула чатыры пятых нашых зямель яму пад ногі на глум і грабеж. На поўначы і ў цэнтры пашай зямлі германскія войскі затрымліваюцца па лініі Расоны — Полацк — Орша — Жлобін, прасунуўшыся на ўсход сям-там больш чым па 250 кіламетраў. Ад Жлобіна лінія фронту паварочвае на ноўдзень-усход да Навазыбкава, пакідаючы ў зоне акупацыі Гомель, Рэчыцкі, Мазырскі, Пінскі і часткова Гомельскі паветы адышлі да Украінскай Народнай Рэспублікі. На астатніх неакупаваных беларускіх паветах — улада Саўнаркома Заходняй вобласці. Такім чынам, ніхто пра Беларусь не думаў і не думае, не клапоціцца, мы, сіраты, уніжаныя і зняважаныя, ахвяры чыіхсьці «вышэйшых інтарэсаў»...
Замаўчаў. Гэтая паўза зрабіла на ўсіх цяжкае ўражанне. Доўга ўсе сядзелі моўчкі; той-сёй апусціў вочы на засланы белай сурвэтаю стол, а той-сёй цікаўна, а заадно і сумна назіраў, як таўчэцца, жаласна зумкае за сонечны дзень ажылая муха каля падвешанай да столі лямпы з невялікім агеньчыкам.
— Як вы і даручылі,— далей павёў казань Аўторак,— мы, Лашкевіч, Еўзікаў і я, учора былі ў начальніка генеральнага штаба Усходняга фронту Гофмана, які браў удзел у Брэсцкай змове. Што мы ўбачылі і адчулі? Сапраўды, як мы і думаем, немцы спрабавалі груба, сілаю адпіхнуць нас ўбок, як летась адпіхнулі штыкамі і бальшавікі. Але калі мы рашуча запратэставалі, калі насцярожыліся ўсе іншыя палітычныя сілы ў Мінску, урэшце калі Германія лёгка дабілася такога выгаднага для сябе міру, яны, здаецца, пачынаюць мяняць тактыку. Нечакана Гофман папрасіў выбачэння ў Народнага сакратарыята за «прыкрую недарэчнасць 25 лютага», заявіў, што і цяпер яны «не маюць захопніцкай хцівасці, найперш хочуць узнавіць лад і спакой, а таксама будуць дабівацца ад Расіі справядлівасці: каб карэнныя насельнікі на акупаваных імі землях маглі самі вырашаць свой лёс і каб гэта не ўспрымалася Масквою як здрада». Так што, сказаў Гофман, глядзіце самі, што і як вам рабіць для сябе. Што пра Доўбар-Мусніцкага, то мы, дадаў ён, стрымаем яго амбіцыі...