Зноў зірнуў кожнаму ў вочы, але ўжо не адрачона, а з увагаю, натхняльна:
— Так што, спадары, сапраўды давайце выйдзем
з дэпрэсіі, з адчаю, крыўды і зноў пачнём рабіць сваё...
— Што і як? — першы з усіх падаў голас Баравік, які вельмі змяніўся за апошні час. Паў духам, перастаў сачыць за сабою. Вось і ў гэтую хвіліну яго пышныя светлыя валасы, якімі ён так ганарыўся, былі не ўкладзеныя, тапырыліся, а не менш фацэтны шэры свэтар быў памяты, з выцягнутымі ніткамі.
— Калі і цяпер, у новую змову за нашымі плячыма, гісторыя дае шанец, то мы мусім спажыць яго спаўна...
— А што такое «спаўна»? — запытаў Баравік.
— Гэта тое, чаго ты хацеў на снежаньскім кангрэсе...
— Калі я тады дабіваўся нашай незалежнасці, то меў на ўвазе, што яе могуць даць бальшавікі, якія гэтак гучна аб'явілі ўсяму свету «Декларацию прав народов России». Але яны...
— Цяпер не іудзеі-марксісты, а культурная нацыя гатова паспрыяць...
— А! Усе яны — набрыдзь, чэрці!
— Ну! — усцепнуў плячыма, неяк паблажліва ўсміхнуўся з Баравіка, якога перамог, Аўторак.— У вас, Тарас, пераважае цяпер не розум, а пачуццё. Яно — цудоўная рэч, але не заўсёды для палітыка. Яно — для паэтаў, мастакоў, артыстаў. Для кабет.
— Мне і пачуццё падказвае: Германія загульвае з нацыянальнымі меншасцямі на акупаваных землях, рыхтуе з нас сабе падпору,— агрызнуўся Баравік, пунсовы цяпер, як памідор.— Каб надаўжэй затрымацца тут. А па-другое, наколькі я ведаю, па Брэст-Літоўскім трактаце, мы лічымся акупаванымі часова. Значыць, над намі захоўваецца юрыдычны суверэнітэт Расіі.
— Ніхто, Тарас, не ведае, колькі будзе гэты мір.— Аўторак быў цярплівы і разважлівы.— Можа, кароткі час. Можа, і доўгі. Мы, Лашковіч, Еўзікаў і я, лічым: сядзець у нары не варта. Трэба выходзіць на паверхню і рабіць тое, што ўдасца. А цяпер нам, думаю, можна: першае — пераўтварыць наш Савет Усебеларускага з'езда ў Раду, а Радзе пачаць утвараць Беларускую Народную Рэспубліку...
— ...у васальнай залежнасці ад Германіі...— з'едліва перапыніў яго злы Баравік.
— Гісторыя, Тарас, не дала нам лепшага выбару...— непарушна адпарыраваў Аўторак.— І мы павінны без лішніх ваганняў спажыць свой пакуль што адзіны шанец, паставіць перад фактам Маскву, Берлін і Еўропу!
— Еўропе напляваць на нас,— паныла прамовіў Баравік.— Масква пракляне, збэсціць, а Берлін, калі згодзіцца на нашу рэспубліку, то змусіць танцаваць пад яго дудку. Я асабіста не жадаю гэтага. Авантурызму і самазабойства! Ужо нават у маральным сэнсе. У вачах не толькі Масквы, але і ў вачах нашага народа!
— Ты кажаш праўду, Тарас,— уздыхнуў Аўторак.— Ды нам, кажу ж, на жаль, няма іншага выйсця.
Баравік зноў хацеў штосьці запярэчыць, але ў гэтую хвіліну яго ўзяў за локаць Лашковіч. Коратка пастрыжаны, у тоўстых акулярах, рашучы.
— Сябры,— уступіў у гаворку.— Гэтак мы можам спрачацца бясконца, і кожны па-свойму ў гэтай палеміцы будзе мець рацыю. Але рана-позна ўсё роўна трэба будзе штосьці рашыць. Асабіста я раю: давайце, пакуль немцы не змянілі тактыкі, аб'явім Другую Устаўную Грамату, Беларускую Народную Рэспубліку. У новым Маніфесце трэба пашырыць і паглыбіць, а то і ўвогуле сказаць пра тое, чаго было мала, а то і не мелася ў ранейшым нашым дакуменце. Што да нашай арыентацыі па Маскву ці Берлін, давайце пра гэта вельмі не ўпамінаць. Сам час расставіць усе акцэнты. А тое, што і ў Маскве, і ў Берліне будзе на языку, у вушах «Беларуская Народная Рэспубліка», то ўжо і гэты звон павінен саслужыць сваё. Урэшце прывучыць да нас.
— Прашу выказвацца, спадары,— калі Лашковіч скончыў, сказаў Аўторак.— Давайце разам рашаць, разам быць адказнымі перад гісторыяй і беларускім народам.
— Я — за Беларусь, нават і пад нямецкаю апекаю,— нечакана для ўсіх падняў угору руку Васілевіч, з выклікам акінуў усіх позіркам.
Усе, нават і Лашковіч, які найбольш ведаў яго, вытрашчылі вочы: ну й Сямён! Яшчэ нядаўна перабег да бальшавікоў, а цяпер гатовы перакінуцца да .немцаў! Сам жа Васілевіч у гэтую хвіліну адчуваў разгубленасць і сваю віну, баяўся, што могуць здагадацца: гэта не яго асабістая думка, так даручылі гаварыць яго новыя сябры-падполыпчыкі.
— А што,— ажывіўся Лашкевіч,— я — таксама за гэта...
— І я,— спакойна падаў голас Еўзікаў.
— Я быў за незалежнасць, калі вы амаль усе нават не заікаліся пра гэта, мямлілі толькі пра аўтаномію,— рэзка сказаў Баравік.— Але я рашуча супраць, каб мы купілі сваю «незалежнасць» за слугаванне Берліну.
— Што ж, спадары, будзем галасаваць,— паспяшаўся астудзіць спрэчкі, прадухіліць раскол Аўторак.— Першае: хто за тое, каб Савет Усебеларускага з'езда ператварыць у Раду?