— Табе,— першы забег усім наперад змрачнаваты, у вайсковай форме Заходка.
— Аўторак,— выгукнуў Еўзікаў.
— Іншыя думкі ёсць?— задаволена, але бясстрасна запытаў Аўторак.
Астатнія маўчалі; здаецца, моўчкі згаджаліся, што якраз ён цяпер іхні лідэр.
Калі прагаласавалі за яго, кандыдат у прэзідэнты БНР спачатку падзякаваў «за такі вялікі давер», а
пасля ўжо трохі іншым, «прэзідэнцкім», голасам папытаў:
— Ну, а каму дадзім выканаўчую ўладу, уладу старшыні ўрада і заадно народнага сакратара замежных спраў? Можа, спадара Баравіка?
— Я адмаўляюся,— тут жа кінуў Баравік.— Па той прычыне, якую я нядаўна называў...
— Ты, здаецца, намерыўся адысці ад нашага руху альбо раскалоць яго...— мякка, але на самай справе едка ўпікнуў Аўторак.
— Як хочаш, так і думай,— агрызнуўся той,— Я ж застаюся пры сваёй думцы.
— Не, дарагі,— нечакана накінуўся на яго Лашкевіч.— Для кожнага палітычнага дзеяча любой партыі ёсць яшчэ і такое святое ды строгае паняцце, як дысцыпліна. Зоймешся дурыкамі — хутка прыструнім...— Зрабіў паўзу, але, бачачы, што Баравік зацяўся, маўчыць, дадаў спакайней: — Але ладна. Раз адмаўляешся ад вялікага даверу, не мойваю: набыць раўнавагі ў такой цяжкай для нас сітуацыі, то змушаць не будзем. Параім іншага, болей ураўнаважанага.— І ўжо да ўсіх: — Я, спадары, хачу папрасіць: давайце не будзем адштурхоўваць тых, хто тут адраджаў наш рух адразу пасля лютаўскай рэвалюцыі, хто даваў новае жыццё БСГ — самай перадавой і боездольнай нашай партыі. Карацей, я раю на вышэйназваную пасаду аднаго з найбольш вядомых нашых дзеячаў Сымона Васілевіча.
— Згодны? — Аўторак абвёў усіх позіркам. Ніхто не запярэчыў і нікога іншага не вылучыў.
«Відаць, у падпольным камітэце будуць рады, што якраз я магу трапіць на такую высокую пасаду ў БНР»,— падумаў у гэтую хвіліну сам сабе Васілевіч.
Пасля рашылі параіць сходу ці з'езду па пасады народных сакратароў: скарбу — Заходаў, асветы — Шуляка, кантролю — Пячэрнага, вайсковых спраў — Еўзікава, сябрам народнага сакратара — Жытніка, маскоўскім консулам — Бурбіса.
— Што ж, спадары,— пазіраючы на ўнесеных у спіс, яшчэ болей палагоднеў Аўторак,— віншую вас, кандыдатаў у першыя беларускія дзяржаўныя мужы! Руплівасці, спору вам усім у нашай высакароднай рабоце і шчаслівага лёсу вам усім! Іншых нашых паплечнікаў шчыра прашу: памагайце нам, не кідайце нас адных на волю лёсу, бо мы без вас, без вялікай і моцнай падпоры не шмат даб'ёмся. Тым болей што час, канечне, зробіць і свае папраўкі, той, хто варты, таксама будзе ва ўрадзе...
Заспакоіў, улагодзіў усіх, а пасля павёў рэй далей:
— Яшчэ. Думаю, цяпер у нас самыя бліжэйшыя чатыры задачы: першая — апублікаваць у друку нашу Другую Устаўную Грамату, тлумачыць ідэю БНР люду, усім тутэйшым палітычным партыям, Мінскай губеранскай земскай управе, Гарадской думе, каб яны не толькі не сустрэлі нас у штыкі, а падтрымалі, другая — як след далажыць пра ўсё немцам, каб яны не напужаліся і ўспрынялі ўсё спакойна, трэцяя — камусьці з'ездзіць у Кіеў і папрасіць украінскіх калегаў, каб яны аб'явілі па радыё пра нашу БНР і ад свайго імя папрасілі ўсю Еўропу прызнаць нас, чацвёртая — даручыць нашаму паважанаму спадару Бурбісу прарвацца ў Маскву, перамовіцца з Белнацкомам і са Сталіным, расказаць ім усё і запэўніць, што БНР не думае адрывацца ад Расіі, яна толькі змушана ў гэтай сітуацыі сама падбаць пра беларускі народ і яго будучыню... Так?
Усе выслухалі ўважліва, спакойна, але што да Бурбіса — маладжавага, у чорным касцюме, белай кашулі са стаячым каўнерыкам і пры гальштуку,— то, перавёўшы позіркі на яго, усміхнуліся: той пакручваў сваёй прадаўгаватай галавой з зачасанымі на бакі цёмнымі валасамі, адмыслова ўсміхаўся.
— Не ведаю, спадары, як я споўню такі далікатны наказ! — прызнаўся.— Чарвякоў і Гартны, можа, прымуць ды паслухаюць, а вось Сталін... Ці захоча ён нават бачыць мяне?!
— Трэба, мусова трэба, дзядзька Алесь, трапіць і да Сталіна,— прыязна папрасіў Аўторак.— Прыміце на сябе яго каўказскую запальчывасць, гнеў, захоўвайце нашу, беларускую, вытрымку і развагу. І, галоўнае, супакойце яго.
— Паспрабую,— пацеппуў плячыма Бурбіс.— Але перасцерагаю: не ўскладайце вялікіх надзей на маю місію... Думаю, Сталіну не вельмі спадабаецца, што мы дабіваемся сваёй дзяржаўнасці пры немцах... Нават больш — ён аб'явіць нас здраднікамі і нямецкаю марыянеткай...
— Вось вы і патлумачце яму ўсё як след. Больш падкрэслівайце той момант, што мы дбаем пра сябе якраз у такую незвычайную, заблытаную і цяжкую сітуацыю.
— Паспрабую,— паўтарыў тое, што сказаў раней, Бурбіс.