Выбрать главу

— І яшчэ, спадары, ёсць адна далікатная рэч,— зірнуў на ўсіх Аўторак.— Як нам быць з нашымі віленцамі?

Зрабіў паўзу, уважліва вывучаў, што ў каго ў вачах, але ўсе маўчалі.

— Сказаць шчыра, я добра не ведаю, што і як яны робяць. Адны кажуць: яны — заадно з немцамі. Другія — не, яны толькі загульваюць з акупантамі і дабіваюцца адраджэння Беларуска-літоўскага гаспадарства. Трэція — што яны і не заадно, і не загульваюць, а робяць якраз тое, што трэба... Дык што — можа, паклічам іх сюды, пагаворым, каб ведаць: знацца з імі, спадзявацца на помач ці, наадварот, адмахнуцца ад іх?

— Пабачыцца і пагаварыць не зашкодзіць,— прамовіў Бурбіс.— Яны, асабліва Ланкійскія, пачынальнікі ж нашага руху.

— Але цяпер са сваёй нямецкай арыентацыяй могуць зганьбіць яго,— забурчаў Баравік.

— Па-першае, Тарас, цяпер не Вільня, а Мінск — цэнтр нашага руху,— спакойна адказаў Бурбіс.— Па-другое, не яны, а мы на чале яго. Дык калі што якое, мы можам і паправіць іх. А па-трэцяе, ты даеш адсячы сваю галаву, што яны толькі нямецкія прыслужнікі?

Баравік змаўчаў.

— Дык, значыць, клічам іх сюды? — запытаў Аўторак.

Згадзіліся.

Пазней, калі пачалі разыходзіцца незадоўга да каменданцкай гадзіны, да Лашковіча і Васілевіча прымкнуў Аўторак — у доўгім, лічы, да пят, старым паліто, у шырокім капелюшы, высокі і масіўны, нібы мядзведзь. Нават рослы Лашкевіч быў побач з ім за хлапчука. Васілевіч — зусім за падшывальца.

— Я лічыў: вы, Сямён, гарачы, дзёрзкі чалавек, нават вялікі блытанік,— паклаў руку на плечы, прыхіліў яго да сябе Аўторак.— Аж вы — разважлівы і кемны.

— Абцёрся, абабіўся ўжо,— усміхнуўся Лашкевіч, які апошні час пасябраваў з Аўторкам,— дык навучаны і правучаны...

Васілевіч адчуваў: Аўторак уплёўся ісці разам не толькі дзеля таго, каб пахваліць яго. Мае нейкую важную размову. Але рашыў не забягаць наперад, моўчкі крочыў побач.

Нейкі час прайшлі без гаманы ў паўзмроку, удыхаючы водар адталага за дзень сакавіцкага снегу, нагрэтых сонцам дрэў і дамоў, цяперашняга марозіку, які ўбіраў, выстуджваў усе гэтыя пахі, скоўваў павільгатнелы снег. Здалёку, з гарадскога цэнтра, можа, і з рэстарана «Акварыум» на Юраўскай, даносілася вясёлая музыка — там, мусіць, весяліліся госці-афіцэры, святкуючы сваю перамогу, якую яны атрымалі і на фронце, і на перамовах у Брэсце. Неўзабаве адтуль панёсся залівісты жаночы смех, нібы якуюсьці кабеціну заўзята казыталі пад пахі.

Яны, трое хадакоў, на хвіліну толькі павярнулі галовы туды, на сыты і задаволены свет, пасля ўнурыліся і закрочылі далей.

— Хлопцы, трэба пагаварыць шчыра,— першы парушыў маўчанне Аўторак.— Тое, што мы рашылі аб'явіць БНР, будзьма рэалістамі, вельмі рызыкоўны крок. Але цяпер жыццёва патрэбны. Але вось тое, як мы хочам паставіць на ногі наша дзецішча, амаль нерэальны спосаб. Добра, што немцы не замінаюць, ды было б у сто разоў лепш, каб яны памаглі нам сцвердзіцца не толькі на паперы, але і на справе! Так?

Лашковіч і Васілевіч змаўчалі ў знак згоды.

— Але ці прызнаюць, паспрыяюць яны, калі такія халодныя да іх мы?

І праз паўхвіліны, пасля паўзы:

— Не. Загадзя трэба прадбачыць: будуць халодныя да нас і яны. Як лёд. Нашто прызнаваць, умацоўваць пас, калі мы ўскосна супраць іх? Як будзьма рэалістамі: не прызнаюць, не захочуць нам памагаць ні Белнацком, ні бальшавікі...

Зноў змаўчаў, а пасля запытаў:

— Дык ці трэба нам такая кругавая ізаляцыя? Ці ўстоім мы ў ёй?

Падняліся на Верхні горад, да копкі. Сталі па прыпынку і пачалі чакаць вагона.

— Давайце разважаць далей,— сказаў Аўторак.— Цяпер Белнацком не мае сілы, каб штосьці зрабіць, а бальшавікі зусім не гатовыя, а то і неахвочыя рашаць нацыянальныя інтарэсы народаў Расіі. Значыць, увесь цяжар кладзецца на нас саміх. Адпаведна, мы, ведаючы ўсё вышэйпамянёнае, павінны, як кажуць, спажыць усё, нават і не самае прыемнае, што дае нам гісторыя. Значыць, калі будзем гаварыць з немцамі, уручаць ім копіі нашых дзяржаўных актаў, то заадно трэба на словах сказаць ім, што мы будзем супрацоўнічаць з імі, просім Германію апекаваць нас...

— Але ж гэта — парушэнне нашай сённяшняй дамовы, раскол нашага руху! — у гэтую хвіліну шчыра ўсклікнуў Васілевіч.

— Не ўсе нават з нашага ўрада павінны ведаць, пра што і як мы будзем гаварыць з Гофманам альбо з Фолькенгеймам, пра што і як будзем прасіць праз іх Берлін...

Лашковіч па-ранейшаму маўчаў, нібы згаджаючыся з такім хітрым Аўторкам, а Васілевіч вагаўся: не любіў і не ўмеў гуляць, тым болей у палітычныя гулі са сваімі ж.

— Будзьма, кажу, рэалістамі,— сказаў Аўторак.— Гісторыя дала цяпер толькі такі шанец. Дык давайце спажывём яго, хоць бы пасля і прыйшлося ісці на крыж! Калі трэба ахвяраваць, дык трэба!