Выбрать главу

Усміхнуўся, пацёр падбародак. Запытаў:

— Адчуваеце, куды хілю?

— Не зусім,— адказаў Васілевіч, запыніўшыся каля Нямкевіча i паклаўшы рукі на спінку суседняга крэсла.

— Мы просім, каб вы вярнуліся да сваіх i здолелі трапіць у іхняе ядро...

— Чаго?

— Для разведкі i для падпольнай работы ў нашу карысць.

Яны абодва апусцілі галовы, замаўчалі. Што ні кажы, незвычайная просьба!

— Калі баіцеся сваіх альбо па перакананнях не можаце згадзіцца на такую адмысловую просьбу, дык бог вам бацька,— сказаў Ландар.— Тады я вам нічога не гаварыў, а вы нічога не чулі. A калі згодныя памагчы Савецкай уладзе, то я звяду вас з кім трэба, i вы ўжо сёння атрымаеце інструкцыю.

Васілевіч перавёў позірк на яго, Нямкевіча: што адкажам? Ён разгубіўся, паціснуў плячыма.

— Паверце, таварышы, ні Доўбар-Мусніцкі, ні кайзер, ні суседзі-нацыяналісты вам не паспрыяюць,— пачаў ці то ўгаворваць, ці то тлумачыць Ландар.— Ім будуць замінаць іхнія асабістыя апетыты. Калі вам хто i паможа, дык гэта толькі вялікая Расія i справядлівая Савецкая ўлада. Толькі мы не збіраемся цешыць вашых паноў i іхніх прыхвасняў, мы хочам даць палёгку рабочым, салдатам, сялянам. I яны ўжо адчулі: толькі мы клапоцімся пра ix, i яны, вось убачыце, будуць супраць акупанта i яго хаўруснікаў, захочуць аднавіць тут іменна нашу ўладу з яе дэкрэтамі пра мір i зямлю. Дык што — здрада, ганьба памагчы нам i свайму народу?

— Мы не супраць,— прамовіў Васілевіч.— Але...

— Што — «але»? Прашу, гаварыце шчыра.

— Вы, бальшавікі, што працуеце ў Мінску, вельмі ж абыякавыя да нацыянальнага пытання. Нам з Алесем цяжка растлумачыць ваш гэты холад.

— Я ж казаў: у сталіцы спее новая думка наконт гэтага, у тым ліку i да беларускай справы.

— Мы будзем змагацца супраць акупанта i яго паслужлівых марыянетак,— сказаў Васілевіч.— Але i вам, Карл Іванавіч, а таксама Мяснікову. Калмановічу, Кнорыну i іншым, трэба ступіць крок-другі насустрач нам i нашым пачуццям ды інтарэсам...

— Ecць! усміхнуўся Лапдар, падаў ім руку. Пасля хуценька падышоў да дзвярэй, адчыніў ix, паклікаў дзяжурнага i загадаў: — Правядзіце таварышаў у аддзел па барацьбе з контррэвалюцыяй i сабатажам.— A ім пажадаў на адыход: — Поспехаў, сябры!

3.

Алесь вяртаўся на кватэру ўзрушаны.

Ён не мог апамятацца ад нечаканай размовы са старшынёй Мінскага Савета i з чалавекам з асобага аддзела, які ўзяў ад Васілевіча i яго распіску, што яны «будуць змагацца супраць ворагаў Савецкай улады», расказаў, што ім трэба рабіць, даў будучыя паролі, яўкі, назваў псеўданім іхняга старшага сувязніка.

Бач, думаў-разважаў Алесь, як яно ўсё паварочваецца! Па-першае, чакай немцаў, якіх ужо столькі стагоддзяў не было на гэтай шматпакутнай зямлі, а па-другое, вунь на якую дарогу трэба выходзіць! Вунь каму служыць! Таму, супраць каго многія мінскія знаёмыя i сябры — Скураны, Шуляк, Баравік, Еўзікаў, Лашковіч!

Набліжаючыся да гаспадынінай хаціны — а яе, дрэў, іншых дамоў, увогуле ўсёй вуліцы доўга не было відаць у цемнаце i ў завірусе,— ён з хваляваннем утледзеў: якраз у яго пакоі свеціцца жоўтым вочкам акно.

Калі неўзабаве зайшоў у хату, у свой прытулак, дык аж не паверыў сваім вачам. Яго чакалі госці. I не абы-якія. На канапцы, на якой ён спіць, сядзелі землякі: памужнелы за апошні час, яшчэ болей уцыганелы Пятрусь Супраневіч (ён цяпер памочнік начальніка мінскай міліцыі), а побач з ім — яго сястра, чарнавокая Волька.

Можа, ад таго, што разгублены Алесь запыніў надоўга позірк якраз на ёй (у спрытных валёначках, доўгай спадніцы, у расшпіленым новым, густа нацёртым чырвонай цэглай кажушку, у белай блузцы, што вабліва напіналася на высокіх грудзях), Волька пыхнула чырванню, таксама збянтэжылася.

— Прывячайце во, Алеська, нявесту,— усміхнулася гаспадыня, зусім ужо ацяжэлая ад хваробы цётка Паўліна. Яна, канечне ж, выпытала ўжо, хто i адкуль гэтая маладая пара, здагадалася, чаго завітала сюды Волька.

Алесь павітаўся, падаў руку — спачатку размякчэламу пры цяпле i ў шынялі Петрусю, а пасля напружанай i расчырванелай дзяўчыне. Яна злёгку паціснула ў адказ, але не падняла на яго вачэй. Нават i пасля, калі ён распрануўся i прысеў насупраць, гэтаксама, мусіць, пыхнуў чырванцом, бо нечакана надта суха запалалі шчокі i кончыкі вушэй.