Фінкельштэйн. Ладна, я маю паўнамоцтва сказаць вам: што ж, мы можам пайсці і насустрач вам. Але толькі...
А ў т о р а к (пасля некаторага маўчання з абодвух бакоў) Што «толькі», пан генерал?
Фінкельштэйн. Вы павінны паводзіцца вельмі гібка, як і вашы суседзі — украінцы і літоўцы.
А ў т о р а к. Кажу ж, мы не маем сувязі са светам, дык шмат чаго не ведаем.
Фінкельштэйн (хітра ўсміхаючыся). Умова наша простая: вы аб'яўляеце сваю дзяржаву і аддзяляецеся ад Расіі. Тады, не парушаючы дагавор, Германія можа прызнаць вас. Не як частку Расіі, а як незалежную дзяржаву. Нават больш — прызнаўшы вашу дзяржаву, мы маглі б ужо разам дабівацца, каб далучыць да яе і астатнія вашы землі, што цяпер пад Расіяю.
А ў т о р а к пачакаў, што той скажа яшчэ.
Фінкельштэйн (напорыста). Калі вы пойдзеце на такі акт, тады афіцыйна ад імя свайго ўрада звернецеся да нашага кайзера, каб Германія прызнала вас. Каб уся Еўропа ўбачыла: не мы лепім паслухмяную марыянетку, а вы самі, спажываючы сваё права і спрыяльныя ўмовы, будуеце сваю дзяржаўнасць. Без такога вашага звароту не можа быць ніякай гутаркі пра наша прызнанне, пра нашу помач.
А ў т о р а к слухаў, не перапыняў.
Фінкельштэйн (разгаварыўшыся). Ну, а пасля, калі ўсё адбудзецца, нашы ўрады па высокім узроўні пагавораць пра ўсе эканамічпа-культурныя аспекты будучага саюза. А пагаварыць ёсць пра што прамысловай Германіі і аграрнай Беларусі, дзе высокі дух працавітасці і гаспадарства.
А ў т о р а к (гатовы сказаць «згодзен», але і цяпер стрыманы). Я павінен, пан генерал, параіцца наконт пачутага ад вас са сваімі калегамі.
Фінкельштэйн. Парайцеся. І адразу ж давайце знаць нам, што вы рашылі.
А ў т о р а к. Тады дазвольце яшчэ запытацца: вы дазволіце нам утварыць сваё войска?
Фінкельштэйн (развёў рукамі). Я, панове, не маю паўнамоцтваў гаварыць на гэтую тэму. Але дакладу, што вы думаеце і пра такое.
А ў т о р а к. Дзякую. Думаю, мы хутка адкажам вам.
На гэтым наша аўдыенцыя скончылася. Калі выйшлі на двор, Аўторак аж усклікнуў: «Чулі?! Захопнік ёсць захопнік, яму абыякавыя нашы пачуцці, боль, яму найперш трэба наша сыравіна, наш дбайны люд! І душой адчуваю: не дадзім ускінуць на сваю шыю нямецкі хамут — не бачыць нам дзяржаўнасці як свайго носа!»
Базыль.
«Сёння, 18 сакавіка, Рада Усебеларускага з'езда аб'явіла сябе Радай БНР — заканадаўчым органам краю.
У Радзе 71 чалавек. 36 — ад беларускіх партый (27 ад Савета Усебеларускага з'езда і 9 ад павятовых рад), 20 — ад гарадскіх самакіраванняў і земства, 15 — ад рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасцяў. Апошнія, улічваючы, колькі каго ў Мінску, атрымалі: яўрэі — 7 мандатаў, палякі — 4, велікаросы — 2, украінцы— І, літоўцы — І.
На 24 сакавіка назначаны з'езд Рады БНР. На яго можа прыбыць і дэлегацыя віленскіх радцаў».
Стаўбцоўскі.
«Сёння, 19 сакавіка, выбраны прэзідыум Рады БНР. У яго ўвайшлі Аўторак, я, Еўзікаў і Баравік».
Базыль.
1.
Аўторак папрасіў Васілевіча сустрэць віленскіх гасцей.
Стоячы на пероне і чакаючы цягніка, Васілевіч усміхнуўся сам сабе: гісторыя нібы паўтараецца. Летась, у снежні, ён (разам з Лашковічам) спатыкаў важнага петраградскага земляка, Кужэльнага, які вёз сталінскі дазвол на Усебеларускі з'езд, а цяпер вось зноў яму трэба сустракаць важных землякоў — ужо з Вільні, Гэтыя, праўда, не маюць мандата, што ўзвышаў бы якраз іх, але яны не малавядомыя, як быў Кужэльны, а ветэраны грамадоўскага руху.
Неўзабаве, калі прыйшоў цягнік і з яго пачалі выходзіць пасажыры, Васілевіч згледзеў: вунь, вагоны за тры ад яго, і віленская дэлегацыя. Два браты Лапкінскія, а з імі яшчэ трое маладых мужчын.
Янку і Антона Ланкійскіх ён ведаў добра. Яшчэ ў далёкіх 1900-1902 гадах вучыўся разам у мінскай гімназіі, зблізіўся і праз іх пазнаёміўся з пісьменнікам Карусём Каганцом і археолагам Генрыкам Татурам, якія запалілі ў яго душы агонь, любоў да роднага. З Ланкійскімі, з іншымі гімназістамі ўтварылі беларускі гурток, які гучна назвалі Беларускай рэвалюцыйнай партыяй, вялі дыскусіі пра зганьбаваную сваю гісторыю, сабралі такую-сякую бібліятэчку даўніх і навейшых кніжак на роднай мове, ладзілі літаратурныя вечары, дзе выступалі з рэфератамі.
У 1902 годзе абодва Лапкінскія скончылі гімназію, пакінулі Мінск і паехалі вучыцца ў Пецярбургскі універсітэт, але ніці з імі не абарваліся. Сяды-тады яны прыязджалі дадому, з ахвотаю заходзілі да яго. Напачатку распытвалі пра мінскія навіны, расказвалі, што дзеецца ў сталіцы і ва ўсёй Расіі, а пазней пачалі далучаць да сваіх таямніц. Здаецца, Ян прызнаўся аднойчы: неўзабаве пасля прыезду ў Пецярбург яны сышліся там з разумным земляком І., студэнтам тэхналагічнага інстытута, і згуртаваліся ў дружную тройку. Утрох пачалі работу сярод студэнтаў, выхадцаў з беларускага краю, і ўжо ў канцы таго ж, 1902 года заснавалі гурток Беларускай народнай асветы, намерыліся выдаваць беларускія кнігі і дбаць пра школы на роднай мове. Паколькі, гаварыў крыху пазней той жа Ян, у Расіі расце рэвалюцыйны рух, а на яе ўскраі ён набывае нацыянальную афарбоўку, то трэба і нам нарэшце сур'ёзна падбаць пра сваю палітычную нацыянальную партыю: без яе мы не зможам дабіцца таго, што павінен мець наш народ.