Яшчэ трошкі пазней, узяўшы ад яго клятву на маўчанне, ужо Антон сказаў, што ўжо ёсць такая іхняя сур'ёзная партыя — Беларуская рэвалюцыйная грамада, запрасіў быць яе сябрам і папрасіў далучыць да яе прыхільнікаў тут, у Мінску. Тая Грамада мелася дбаць пра школы на беларускай мове, пра дэмакратыю, пра зямлю для сялян і фабрыкі ды заводы для работнікаў, пра аўтаномію Беларусі ў складзе федэратыўнай Расіі. І трэба сказаць, што пакрыху ды паволі іхняя суполка пачала расці: у Мінску ў яе ўвайшлі Карусь Каганец, студэнты расійскіх вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, якія былі родам з тутэйшых мясцін, як, скажам, студэнт рыжскай палітэхнікі Аляксандр Уласаў, у Вільні — паэтэса Цётка, грамадскі і тэатральны дзеяч Аляксандр Бурбіс, а таксама студэнты і вучні праваслаўнай духоўнай семінарыі. Лапкінскія ў Пецярбурзе, а ён тут, у Мінску, спрабавалі пасаюзіцца з тутэйшымі эсэрамі, найперш — з іхнім лідэрам Бонч-Асмалоўскім, з Пуліхавым, Кацяй і Соняй Ізмайловічанкамі, з Нядоляй і Лашковічам, разам збіраліся на тайныя сходкі, мітынгі, у сакавіку 1905 склікалі ў Мінску сялянскі з'езд, дзе пасля палымянай прамовы Яна Лапкінскага ў абарону сялян эсэраўскія дэлегаты-сяляне пакінулі сваю партыю і перайшлі да Грамады, разам збіралі зброю, дамовіўшыся пакараць мінскага губернатара Курлова за тое, што той у кастрычніку 1905-га загадаў расстраляць на пляцы перад Віленскім вакзалам мірнае людское шэсце.
З усіх маладых дзеячаў тагачаснага іхняга маладога руху, канечне, завадатарам, яркай асобаю быў Ян. Ён, адукаваны, абаяльны, рашучы, не толькі дзелаваў у Мінску, у Пецярбурзе, у Вільні, але паволі пачаў выводзіць грамадоўскі рух і за мяжу. Да слова, у 1904-м, калі скончыў археалагічны інстытут, паехаў давучвацца ў Вену. Там, а таксама і ў Львове ён зблізіўся з украінскімі і польскімі суполкамі, а ў 1905-м, калі падаўся вучыцца ў Пецярбургскі універсітэт на юрыдычны факультэт, ужо як іхні лідэр ездзіў на з'езд сацыялістычных партый у Фінляндыю, дзе яго, як гаварыў, вельмі ўпадабалі дэлегаты-ірландцы. Яны падаравалі яму нават трохі грошай на выдавецкія клопаты. Якраз ён дабіваўся, каб у 1905 годзе — годзе першай рускай рэвалюцыі — іхні рух набыў найперш чырвоны колер.
Каб лепей паразумецца паміж сабою, вызначыць супольную лінію, мацней звязаць свае паасобныя цэнтры і мець спаяную сваю арганізацыю, іменна па яго настойванні склікалі два грамадоўскія з'езды.
На першым ён, Васілевіч, не быў, а вось на другі трапіў.
Другі з'езд тайна адбыўся паблізу Кальварыі на кватэры грамадоўца Зелязея. Васілевіч, як адзін з тых, хто пачаў вылучацца ў Мінску, не толькі слухаў там прамоўцаў, але і колькі разоў сам ускакваў ды кідаўся ў бойку. Нават з самімі Лапкінскімі. Калі згаджаўся, што трэба цалкам перайсці да сацыялістычнай арыентацыі, адмовіцца ад тэрору, скласці прадуманы план культурна-асветнай работы, то вось па зямельнай праграме спрачаўся.
Праўда, па ёй не молі адной думкі і самі важакі — браты Лапкінскія. Ян быў за тое, каб якраз цяпер, калі затухае рэвалюцыя, кінуць кліч сялянам: людзі, не чакайце лепшага часу, дзяліце дворную, царкоўную, касцельную і «ўдзельную» зямлю ды утварайце з яе — разам з казённай — нацыянальны зямельны фонд, з якога трэба даваць надзелы малазямельным і беззямельным! Антон і іншыя былі супраць: не, цяпер не разумна, нават злачынна штурхаць безабаронных сялян на гвалтоўны захоп чыёйсьці зямлі, бо ідзе рэакцыя, супраць якой і ўсе рэвалюцыянеры, і рабочыя ды сяляне бяссільныя ўжо. Урэшце праект Яна Нанкінскага, за які быў і ён, забракавалі.
З'езд выбраў ЦК з пяці асоб, з якіх было тры сябры і два кандыдаты: Лапкінскія, Уласаў, Іваноўскі, Бурбіс. Неўзабаве, пасварыўшыся з Антонам Ланкійскім, ён выйшаў з Грамады і ўжо ў 1907 годзе, калі сядзеў у мінскім астрозе, уведаў: рэакцыя ў Расіі, сачэнне і гвалт, непаразуменне паміж самімі зрабілі сваё — БОГ распалася. Але сцежкі-дарожкі з Ланкійскімі не абарваліся. Калі ён выйшаў з астрога, апынуўся без занятку і кавалка хлеба, тыя працягнулі руку — узялі па працу ў заснаваную імі ў Вільні газету.