Выбрать главу

Ланкійскія засталіся там і, кажуць, цяпер хаўрусуюць з немцамі, а ён перад нямецкай акупацыяй марсянуў з сям'ёю ў Мінск, пабадзяўся трохі беспрытульны, а пасля ўплывовы Муха памог яму ўладкавацца ў земскі статыстычны камітэт. Летась, адразу пасля лютаўскай рэвалюцыі, ужо ён быў адным з тых, хто тут першы пачаў адраджаць БОГ і станавіцца яе новым лідэрам.

Цяпер насустрач яму ішоў пачынальнік грамадоўскага руху, той, хто ўжо за дваццаць гадоў гарыць сам, запаліў іншых адраджэнскай ідэяй, прынёс шмат турбот былой царскай ахранцы і былым мінскім ды віленскім вернападданніцкім чыноўнікам. Насустрач крочыў Ян Ланкійскі — высокі, сутулы, у чорных бітых валёнках, паліто і шэрай аблавушцы. Яму было цяпер, здаецца, гадоў трыццаць сем, але на выгляд ён быў старэйшы, нават ужо зношаны: худы, як хрушч, з запалымі вачыма і белы да сінізны. Да ўсяго гэтага яшчэ вунь у глыбокіх зрэнках закамянеў сум. Антон, які крочыў крышку збоку, быў таксама высокі, гонкі, ало яшчэ маладжавы, лёгкі на хаду. Праўда, і ў яго позірку застыла нейкая цяжкая гаркота. Відаць, падумаў Васілевіч, нялёгка жывецца Ланкійскім пры немцах.

— Беларус? — праз сілу ўсміхнуўся Ян, падаючы яму бледную, быццам бяскроўную руку.

— Беларус, не выракаюся,— адказаў Васілевіч так, як яны віталіся некалі, яшчэ ў гімназіі.

Ян прыгарнуў яго да грудзіны, па-сяброўску паляпаў па спіне, а пасля, калі адпусціў, змахнуў пальцам слязу пад затуманеным вокам, сказаў незнаёмым для Васілевіча спадарожным:

— Гэта, сябры, той Васілевіч, пра якога мы з Антонам гудзелі вам усю дарогу.— І яму: — А гэта, Сымон, нашы калегі: Янка Станкевіч, Язэп Туркевіч і Дамінік Сямашка.

Ён спачатку Антону — як і брат, у валёнках і заечай аблавушцы, круглатвараму, з маленькімі дзёрзкімі вусікамі, а пасля астатнім тром падаў руку:

— Калі ласка, просім у Мінск!

— Хадзем, і хутчэй,— пацепнуў плячыма Антон Ланкійскі.— Вагон наш не толькі не апальваўся, але быў з выбітымі вокнамі, дык мы зусім акалелі.

Пайшлі па прыснеяганым пероне, удыхаючы стылае паветра. Хоць набліжаўся красавік, было не адзін дзень і святло ды цяпло, нямала растала снегу, але апошнія дні нечакана зусім пайшлі вельмі халодныя.

— Дык што — нарабілі, кажаце, шуму на ўсю Расею? — узяў пад руку Васілевіча Ян Ланкійскі,— Перапужалі сваімі «прэтэнзіямі» спачатку Часовы ўрад, а пасля і бальшавікоў?

— ...а цяпер і немцаў...— з усмешкаю дадаў ён.

— Малайцы! — усцешна сказаў Ян.— Прызнаюся: я не вельмі верыў, што тут, у Мінску, без ветэранаў адродзіцца грамадоўскі рух, што будзе такі бум. Ажно вы два значныя з'езды правялі, так хораша пытанне беларускай дзяржаўнасці завастрылі, а цяпер вось і ўшчыльную падышлі да яе...

— І немцы шмат спачуваюць, дакляруюць, але нават пальцам не кратаюць, каб памагчы,— уздыхнуў ён, адчуваючы, што не варта гуляць з бывалымі Ланкійскімі, а трэба гаварыць праўду. Іначай пазнаюць фальш, адыдуць альбо збэсцяць.— То ім часу няма займацца намі, то яны не ведаюць, што і як дазваляць.

— Ясна,— падаў голас Антон.— З каменняў цяжка ваду здабыць...

— А вы? — запытаў Васілевіч.— Тут кажуць: вы здолелі знайсці адну мову з імі...

— Што — сапраўды ў Мінску лічаць: мы знюхаліся з акупантамі? — трывожна запытаў Ян.

— І бальшавікі так казалі, і сярод нашых ёсць такія галасы...

— Лухта і брахня гэта, Сымон,— уздыхнуў Ян.— Не палюбілі мы адзін аднаго.

— Іў нас далей гульні ды кампрамісу асабліва не ідзе.

— Але ж во дазваляюць правесці з'езд і ўзаконіць самавызначэнне.

— Лепш сказаць — змушаны не замінаць.

— Чорт з імі,— сказаў Антон.— І за гэта трэба чапляцца абедзвюма рукамі. Хто ведае, колькі яшчэ ў іх будзе такая цярпімасць?!

— Дзе і калі нас чакаюць, Сымоне? — запытаў Ян.

— У Народным сакратарыяце па былой Саборнай, праз гадзіны дзве.

— Цудоўна! — прамовіў той,— А цяпер давай, калі ласка, зойдзем на хвіліну да нас, а пасля — на могілкі. Ты, можа, і не чуў: наша ж маці памерла.

— Я не ведаў пра гэта,— прызнаўся ён.— Даўнавата ўжо ў вас не быў. Можа, і з паўгода.

— Аддала богу душу матуля сёлета, у канцы студзеня,— тужліва сказаў Ян,— Мы якраз тады праводзілі канферэнцыю, дзе ўтваралі Беларускую Раду Вілейшчыны. Антон быў за маршалка, дык каб не выбіць яго з каляіны, я нават не сказаў яму, што прыйшла з-за кардона такая жахлівая для нас абодвух тэлеграма...