Выбрать главу

Змаўчалі. Паціху прыдыбалі да драўлянага доміка Лапкінскіх на Храшчэнскай вуліцы, што была непадалёку за Саборнай плошчай і гасцініцай «Еўропа». Сюды Васілевіч часта заходзіў раней, калі былі ў Мінску Ян і Антон, а за апошнія два гады зазіраў разы са тры, не болей.

«Нялёгкі лёс у гэтых Лапкінскіх,— падумаў,— Рана яны і іхнія тры сястры засталіся без бацькі, змалку загарэліся адраджэнскай ідэяй, змоладу зведалі цкаванне, паклёп, турму, але ад свайго не адмовіліся. Можа, яшчэ і да гэтага часу абодва халасцякі, не спазналі звычайнага чалавечага шчасця. Хоць, зрэшты, хто ведае, што такое шчасце?! Часамі яно зусім не ў сытасці, славе, абыякавасці да ўсяго, у тым ліку і роднага...»

Ступілі ў невялікі, ачышчаны ад снегу, тупкі ад марозу дворык, а насустрач ім з невялікай, у свой час пафарбаванай, а цяпер з патрэсканай ці нават і аблезлаю фарбаю верандачкі тыц жанчына — сястра Ланкійскіх, Ганна. Высакаватая, як і браты, у валёначках і паліто, у чорнай шапачцы. Вельмі падобная на Яна, нават і з такімі, як у яго, апалымі, вельмі схуднелымі шчокамі.

— Яначка! Антонік! — пляснула рукамі ў чорных рукавіцах. Як трошкі старэйшая, назвала іх, маладзейшых, так, як і ў маленстве. Хоць яны былі паджылыя ўжо дзядзькі.

Кінулася, пацалавала спачатку Яна, а пасля Антона. Міргаючы, стрымліваючы слёзы, пакланілася ім, братавым спадарожным.

— У хату цяпер, Ганначка, не пойдзем,— сказаў ёй Ян.— Завядзі, будзь ласкава, нас да матчынай магілы. Адтуль пойдзем з Сымонам у Народны сакратарыят, а потым ужо вернемся сюды.

— Божа, мой божа! — пахітала яна галавою.— Заўсёды вы ў вечных клопатах! — Заплакала.— Мама перад смерцю бедавала: «Хоць бы пажаніліся нарэшце, хоць бы адным вокам на ўнукаў зірнуць...»

— Дасць бог — пажэнімся, дзяцей шмат мець будзем,— прытуліў сястру Ян.— Але цяпер— іншыя, больш важнейшыя турботы...

Рушылі з двара. Мужчыны ішлі моўчкі, а Ганна Нанкінская, глытаючы слёзы, расказвала братам, як занемагла і як памірала іхняя маці. Выходзіць, апошнія паўгода яна была спаралізаваная, не падымалася з пасцелі, вельмі пакутавала.

На могілках яны ўсе доўга пастаялі моўчкі каля авеянага жоўтага, цяпер умерзлага, з лёдам у трэшчынках грудка, на якім ляжаў вяночак з яловых лапак і каляровых кветак з паперы, а ў галаве стаяў невысокі драўляны крыж, перавязаны белым ручніком.

— Даруй нам за ўсё, дарагая наша матулька...— першы загаварыў тут Ян, падаючы знак, што трэба ўжо ісці. І першы падаўся на выхад.

За ім сумна пайшлі і яны, шкадуючы і душу, якая знайшла супакой толькі тут, і Ланкійскіх з іхнім сямейным горам.

За жалезнымі варотамі Ян пачакаў іх, азірнуўся, а калі падышлі, нібы здзівіўся:

— А дзе ж Сямашка?

Яны паазіраліся: вакол нідзе ні чалавека.

— Ці не даў драла, уведаўшы, што і тут немцы не мілуюць нас і нашу ідэю?..

2.

Неўзабаве вярнуліся на Саборную плошчу.

— Нарэшце дачакаліся і такога,— усцешыўся Ян, паказваючы на былы губернатарскі дом, над парадным уваходам у які вісеў бела-чырвона-белы сцяг, а з боку дзвярэй была шыльда «Народны сакратарыят Беларусі».

Пастаяў, паглядзеў, трымаючы пад пахаю невялікую палачку, а пасля рушылі ўсярэдзіну, у былы губернатараў кабінет. Хоць дамовіліся сустрэцца пазней, але ўжо ў «рэзідэнцыі» іх чакалі. І нямала люду. Можа, дзесяткі і тры альбо чатыры. Адны з іх сядзелі за сталом літараю «Т», іншыя — абапал сцен. Над галоўным сталом, дзе цяпер сядзеў аскетычны, у вайсковай форме, але без пагонаў Янка Аўторак, вісеў намаляваны на белым аркушы паперы герб «Пагоня».

Ян, які першы ўвайшоў у пакой, зняў вушанку, паправіў рукой рэдкія злямчаныя русявыя валасы, усміхнуўся:

— Добры дзень, дзецюкі! Рады вітаць вас ад імя старыкоў, ветэранаў грамадоўскага руху і ад імя Беларускай Рады Віленшчыны!

— Добры дзень, паважаныя піянеры адраджэнскага руху, калегі па сумеснай барацьбе! — Устаўшы, стрымана, але годна павітаў іх Янка Аўторак, паказаў рукою на крэслы абапал сябе.— Прашу за гэты стол, дарагія спадары.

Ян пайшоў — адзін за адным ад стала падняліся тыя, хто ведаў Ланкійскіх: Бурбіс, Лашкевіч, Нядоля. Кожнага з іх Ян абняў па-сяброўску, а Янку Аўторку падаў руку.

Ланкійскія пасталі за галоўным сталом: Ян — па правай Аўторкавай руцэ, Антон — злева. Усе, хто быў у кабінеце, пападымаліся і дружна, моцна запляскалі, вітаючы гасцей.

Калі паселі, Янка Аўторак, стоячы, сказаў:

— Хоць нашы госці стомленыя, можа, хацелі б акліматызавацца, паслухаць нас, прадаўжальнікаў імі пачатага, але мы папросім іх сказаць сваё слова. Нам вельмі цікава даведацца, што і як яны рабілі, робяць у Вільні, якія парады хочуць даць нам, каб разам ісці да адной мэты...